Нам сказалі, што за борам,
Дзе растуць адны дубы,
Зацвіла зямля і скора
Ў лесе з’явяцца грыбы.
Дзён праз сем, а можа, дзесяць,
Не забыўшы гэтых слоў,
Мы ўсямёх сышліся ў лесе
І пайшлі шукаць грыбоў.
Мы хадзілі, мы шукалі,
Кожны кусцік аглядалі, –
Хоць бы дзе адзін грыбок,
Толькі мох ды верасок,
Ды навокала палянкі
Чарадой раслі паганкі,
Ды пад сонцам на прасторы
Чырванелі мухаморы.
Мы гадалі, што за ліха?
А грыбы сядзелі ціха,
Так схаваўшыся у мох,
Што не толькі белых ног –
Не відаць было і шапак.
Ды не выцерпеў абабак:
З моху выглянуў, гарэза.
Я нагнуўся яго зрэзаць.
А нагнуўся, аглянуўся –
І ад радасці схіснуўся:
Ля абабка – махавік,
А наводдаль – чашчавік,
А за імі каля сцежкі –
Чарадою сыраежкі
І, як родныя сястрычкі,
Маладзенькія лісічкі.
Я сяброў сваіх склікаю,
Далей-болей аглядаю:
Паміж леташніх лістоў
Чырванее асавік,
А за ім – кароль грыбоў,
Сам магутны баравік.
Я набраў іх цэлы кошык,
Палажыў наверсе ножык
І падумаў, што кашолкі
І сябрам ільга набраць,
Калі толькі, калі толькі,
Добра ўмеючы, шукаць.
Трудна першы грыб здабудзеш,
А другі ўжо сам ідзе,
Бо яны, як мы, як людзі,
Любяць жыць у грамадзе.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Настасін гай
Пераказы, дыктанты → Грыбы ў павер’ях
Пераказы, дыктанты → Баравічкі (Паводле Я. Сіпакова)
Пераказы, дыктанты → Веснавыя грыбы
Пераказы, дыктанты → Грыбныя дажджы