Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Павел Місько - Як дзеда дзялілі

Увага!!! Поўны змест

   Мама слухала-слухала, як Ната і Светка сварацца за дзеда, і не вытрывала, паставіла прас.
   – Хопіць мучыць дзеда! Калені вунь пааблузвалі. А то ў куток пастаўлю: адну – у гэты, другую – у той. Да самай «Калыханкі».
   – А хай яна не лезе! Гэта мой дзед! – крычала Светка і ўскарабквалася на дзедава калена.
   – Не, мой! – лезла на другое калена Ната.
   Дзед збянтэжана і расчулена ўсміхаўся, гладзіў унучак па галоўках.
   – Ты на гэтым калене сядзі, а ты – на гэтым, – сказаў ён.
   – А Натка і так больш коўзалася па табе. На цэлы год больш і яшчэ на палавінку года.
   – Ну дык што, калі яна старэйшая? Ёй жа таксама хочацца з дзедам пабыць. Гэта ж і яе дзед, а не толькі твой! – мама зноў пачала прасаваць бялізну.
   – Злазь! – крычыць прарэзліва Светка і таўхае ў грудзі большую сястрычку, спіхвае з дзедавых калень. – Дзед будзе мой, толькі мой – год і яшчэ палавінку года! А тады ўжо будзе ўсіхны! Тады можаш лезці!
   – У-у-у...– зацягнула з плачам бальшуха Ната.– Яна меншая, дык усё ёй ды ёй! І дзед адной ёй! А ў мяне нікога няма-а! – загаласіла яна.
   – Як гэта няма? А я, а тата? А дзве бабулі? Другім разам прыедуць дзве бабулі. Як вы іх будзеце дзяліць? – спытала мама.
   – Адна мне, адна Свеце! – сказала Ната.
   – А мы і дзеда падзелім! Вось гэта нага будзе мая! – сказала Светка. – Дзядуля, якое імя ў гэтай нагі?
   – Левая, унучка, левая.
   – А мая – правая! – падгэцнулася на правай дзедавай назе Ната.
   – А гэтая рука, што мяне абдымае, мая! – сказала Светка.
   – А гэтая, што мяне па галоўцы гладзіць, – мая! – Ната ўлавіла дзедаву руку, зняла са сваёй галавы і пачала цалаваць то далонь, то кожны палец паасобку.
   Тады Светка стала на дзедава калена і пацалавала ў шчаку.
   – А гэтая шчочка мая! І гэтае вуха маё! І гэтае вока маё! І броўка! – цалавала Светка ўсё, што называла.
   Тое самае зрабіла з праваю шчакою, правым вокам, вухам і брывом Ната.
   – Ой, зацалуеце! Ой, пакіньце жывога! – смяяўся дзед ад іх казытлівых пацалункаў і сам цалаваў іх то адну, то другую.
   – Дзеду, а чаму ў цябе адзін нос? – спытала Светка.
   – А што, бываюць людзі з двума насамі? – спытаў дзед.
   Ната зарагатала, а за ёю і Светка.
   – З двума насамі не бывае! А як нам дзяліць адзін нос і адзін рот? – спытала Ната.
   – А вы іх не дзяліце. Мне пакіньце. А то ўсё падзеліце, а што мне застанецца?
   – Ну, добра, – згадзілася, падумаўшы, Светка.
   – Не будзем, – сказала і Ната. – А валасы падзелім. Ой, дзядуля, колькі ў цябе яшчэ валасоў!
   – А от і не многа, – не згадзілася з ёю Светка. – На самым вяршэчку няма. Дзед, праўда, добра, што на вяршэчку пуста? Гла-а-адзень-ка... – пагладзіла яна дзедаву лысіну.
   – Дзіва што добра, – усміхнуўся дзед. – Расчэсваць не трэба. Дзяліце пароўну, кожны валасок лічыце, – сказаў ён сур’ёзна.
   – А мы лічыць столькі не ўмеем! Мы да дзесяці ўсяго... Мы проста так падзелім... Во... дасюль – мае... – учапілася рукамі ў дзедавы валасы Ната і пацягнула да сябе.
   – А-ай-я-я-я-яй! – заенчыў дзед.
   – А з гэтага боку мае! – учапілася аберуч у дзедавы валасы і Светка.
   – Аво-я-я-ё-ёй! – залямантаваў дзед яшчэ мацней.
   Мама перастала прасаваць бялізну. Узяла фартух і пагрозліва страсянула ім.
   – Перастанеце вы здзекавацца з дзеда ці не?! Марш па кутках!
   А дзед у гэты час ссаджваў з калень Нату і Светку. Ссадзіў і пайшоў у калідор. Дзеці за ім. Дзед узяў паліто і сказаў:
   – Паеду ад вас. У мяне ж яшчэ ўнукі ёсць – Сева і Міша. І яны мяне таксама любяць, але не дзеляць на кавалкі. Буду ім «усіхным» дзедам.
   Дзяўчынкі знямелі ад такіх слоў. І раптам дружна зараўлі:
   – А мы-ы-ы?! А нам без дзеда астава-ацца?!
   Выйшла ў калідор і мама.
   – А божа, што сёння за дзень такі... – Прысела каля дачушак, прыгарнула іх да сябе абедзвюма рукамі, зашаптала на вушкі: – Скажыце дзеду, што вы пажартавалі, добра? Што больш не будзеце дзяліць. Праўда ж, вы пажартавалі?
   – Ага-а... – Светка падышла і абняла левую нагу дзеда, Ната – правую. А насамі шморгаюць, чмыхаюць.
   – Ну, добра, ну, годзе ўжо плакаць. Я ўжо не сярдую... Я таксама пажартаваў... – не ведаў дзед, як іх суцешыць. Павесіў паліто на месца.
   – Ой, а чаго ж мы топчамся тут! – нібыта спалохалася мама. – Там жа «Калыханка» пачынаецца!
   Усе патупацелі ў пакой. Дзед сеў на мяккае крэсла перад тэлевізарам. Дзяўчынкі зноў залезлі на дзедавы калені – кожная на сваё.
   Светка прылашчылася да дзеда, зашаптала:
   – Дзеду! Пасля «Калыханкі» мама цябе не пагоніць адразу спаць? Ну і добра... Я цябе памыю нанач: левую шчочку, левае вуха, левую броўку... А нос увесь-увесь! Чысценька!
   – Ну што ж, памый! – усміхнуўся дзед. Але Светка тут жа задумалася.
   – Не-е, – сказала яна. – Нядобра рабіць работу напалавінку. Я цябе ўсяго памыю. І зубы табе пачышчу. У мяне, ведаеш, якая смачная паста, пахучая? У-у-у! Толькі ты не ўцякай, добра?
   – Не буду, – дзед абдымае абедзвюх унучак.
   Памірыліся...

Похожие статьи:

Павел МіськоПавел Місько - Навасёлы

Павел МіськоПавел Місько - Эрпіды на планеце Зямля

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Трэба дома бываць часцей

Павел МіськоАпавяданні Паўла Місько

Павел МіськоПавел Місько - Грот афаліны