Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Павел Місько - Старамодны заяц

   Вельмі даўно гэта было. Тады яшчэ ў нашым краі зусім не было зімы, а ўсё лета і лета.
   І вось прайшла чутка, што ўжо вечнага лета не будзе, а так: палавіна года цёплая, палавіна халодная. І што нібыта ў некаторых краях даўно так заведзена, і ніхто не крыўдуе. Нават радуюцца марозу, спраўляюць сабе на зіму абноўкі – белыя, пад колер снегу, футры.
   На ўзлеску, пад узгоркам-абрывам, жыла сям’я Зайца-краўца. Звычайная сям’я: тата, мама, пяцёра зайчанят. Бедна жылі, бо рэдка хто са звяроў заказваў Зайцу абновы – бегалі ў лёгкай летняй вопратцы. Толькі калі прашмуляе хто локці, падзярэ калені – ідуць да Зайца, каб наклаў латку.
   Дачуўся аднойчы Заяц, што будуць такія перамены ў прыродзе, прыбег дадому.
   – Чула, Зайчыха? І хто б мог прыдумаць такое! Во калі зажывём! Во калі заказаў будзе!
   Паскакалі з радасці, пабегалі, пакуляліся.
   Спраўдзіліся чуткі: прыйшлі халады, закружыліся ў паветры белыя-белыя сняжынкі. Заяц паспешліва выграб пад абрывам нару, уставіў дзверы, вокны – зацішна зрабілася, цёпла. Зайчыха з зайчанятамі падмяла, прыбрала ў хаце, панесла выкінуць смецце.
   І раптам прыбягае ў хату, ад страху зуб на зуб не пападае.
   – Там!.. Там!..
   А ў вокнах пацямнела ўжо, як перад навальніцай. Спалохаўся Заяц, за капялюш – і за дзверы. Бачыць: навіс над ім, як цёмная хмара, Мядзведзь, спрабуе ў вокны зазірнуць.
   – Тут... гэты самы жыве... шавец?
   – Тут, тут! Я і ёсць... Толькі не шавец, а кравец, кажушнік, – пакланіўся Заяц, капелюшом перад сабою памахаў.
   – Ну – той, што шые і пора... – Мядзведзь гэпнуў вобзем цяжкі мех. – Пашый мне гэта самае... Як яго... Футра, во! З матэрыялу заказчыка.
   Заглянуў Заяц у мех: шыкоўны матэрыял, нятканы, поўсць белая, густая і доўгая.
   – Добра пашыеш – добра заплачу. Сапсуеш – з самога шкуру спушчу! Го-го-го! – зарагатаў Мядзведзь, задаволены сваім досціпам, і ўлёгся. – Вымервайце!
   Хоць і лёг Мядзведзь, але як быў аграмадзінай, так аграмадзінай і застаўся. Прывалок Заяц лесвіцу, прыставіў да яго. І Зайчыха з зайчанятамі асмялелі, высыпалі на помач. Усім хапіла работы: Заяц Мядзведзеву галаву абмяраў, Зайчыха – тулава, зайчаняты – лапы. Самае малое зайчаня мерала Мядзведзеў хвост і не ўтрывала:
   – Хі-хі! Такі сам вялікі, а хвосцік маленькі!
   Паварочаўся незадаволена Мядзведзь.
   – Ты, гэта... як цябе... шпінгалет, маўчы. А ў самога які?
   Намералі ўдоўжкі, ад носа да хваста, паўтара метра.
   – Як гэта паўтара?! – узвіўся Мядзведзь на дыбы. – Як паўтара, калі я два метры важу?! Не важу, а гэта... як яго. Даўжыню такую маю! Забраў у Зайца цыратовы метр, прыклаў, стоячы, да носа. – Ну-у?
   І праўда – два метры.
   – Праз месяц прыйду па шкуру. Го-го-го! – зарагатаў і павалюхаў у лес, нават не развітаўся.
   Ох і было шэрым работы! Пакуль раскроілі – семдзесят сем патоў сышло. А машын швейных тады не было, усё ўручную, усё іголкай трэба было шыць. Зайчыха ніткі ссуквала, а Заяц ведаў адно: шыў і шыў, шыў і шыў ды ўсё зайчанят хваліў, што добра ніткі навашчылі, трывалыя будуць, моцна футра сшыецца. На сон і на яду забыўся. Заяц схуднеў, небарака, як шкілет...
   Прыйшоў Мядзведзь праз дваццаць дзён на прымерку, а футра ўжо гатовае.
   Назбягалася ўсякіх звяроў, як у тэатр, пасталі кругам: хочуць паглядзець на Мядзведзя ў новым футры. І ў кожнага ў лапах пад пахаю торбачка або клунак, таксама заказы прынеслі.
   Апрануў Мядзведзь футра – як на ім і было! Быў буры, а стаў белы ад носа да кончыка хваста. Загаманіла, заскакала звярыная грамада: «Ура Зайцу-краўцу! Ура!»
   – Душна! Дзе той, як яго... снег? Душна ў новым футры! – зароў Мядзведзь, хоча скінуць абноўку. – Памажыце расшпіліць... гэтыя... як іх!!! О-о-о!!!
   Сіганулі звяры ад страху ў розныя бакі, баяцца трапіць Мядзведзю пад гарачую лапу. А Заяц з Зайчыхаю і зайчанятамі ў хату схаваліся ды дзверы калом падперлі.
   – Душна-а-а-а-а-а-а-а!!! – яшчэ страшней зароў Мядзведзь і памчаўся на Поўнач. Боўць з крыгі ў ледзяную ваду: «А-ах, добранька!»
   І застаўся там жыць.
   – Тата, а ён жа нам за работу не заплаціў! – вылезла з-пад ложка самае малое Зайчаня.
   – Ліха з ім, хай яму на памяць будзе, – уздыхнуў Заяц і вылез з-пад другога ложка. – Добра, што самі ўцалелі.
   – Добранькі знайшоўся, – пачала папікаць Зайчыха. – А дзяцей чым карміць? Бяры хоць наперад плату!
   – Пасаромейся... толькі і паспеў сказаць Заяц. Бо ў дзверы пастукалі, і ў шчыліну прасунулася галава Лісы.
   – Добры вам дзянёк!
   – Каму добры, а каму і не, – буркнула Зайчыха. – Калі прынесла шытво – плату наперад!
   – Зайчыха, пасаромейся!.. – зніякавеў Заяц, прабачліва развёў перад Лісою лапамі: маўляў, даруйце ёй, яна ў нас у гарачай вадзе купаная.
   – Ды я такое моркаўкі навыбірала! Адна ў адну! І намыла, і ў торбу склала! А сало-о-д-кая – ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць! – спявала-залівалася Ліса. – Але ж самі падумайце: аддам наперад – схрумстаеце, а пра футра і забудзеце. Дый нашто вам спяшацца? Зіма ж, кажуць, доўгая будзе, паспееце з’есці.
   – Тады ідзі са сваім заказам куды хочаш! Нас саміх Заяц будзе абшываць, самі вунь у чым ходзім! – спрабавала сваё права правіць Зайчыха.
   Але Заяц ужо працягнуў лапу да Лісінае торбы:
   – Паказвай матэрыял...
   Агледзеў і абмераў Заяц матэрыял, абмераў Лісу.
   – Праз два тыдні прыходзь. А Зайчыха зноў пілуе Зайца:
   – Лапавухі ты быў, лапавухі і застаўся! Хто ж гэта вымервае цюцелька ў цюцельку? З Мядзведжага і Лісінага матэрыялу можна было яшчэ і мне на футра выштукаваць. Зусім пра сям’ю не думаеш!
   – Адчапіся! – Заяц прачыніў дзверы. – Наступны хто?
   І ў хату порстка ўскочыў Гарнастай. А няўрымслівы, а вёрткі!
   – І ў мяне новае футрачка будзе! – радуецца, як дзіця.
   – Ды пастой ты, бо іголкаю ўкалю, – нібыта сярдуе на яго Заяц. А сам мерае, прыколвае дзе трэба, усміхаецца: і яму ўцешна – столькі шчасця ў малога!
   Вымераў яго Заяц – не хапае матэрыялу, самы кончык хваста чорны застанецца.
   – Такое бяды – не перажывай! Гэтак нават прыгажэй – з чорным кончыкам, – суцяшае Зайца Гарнастай. – Самі сябе знойдзем у белым снезе! – І шмыг за дзверы.
   Выглянуў за Гарнастаем Заяц – бацюхны, а снегу ўваліла! Усё белае... І цэлая чарга зайцоў-шаракоў: каторыя сядзяць, як пянькі, каторыя падскакваюць, грэюцца. А маладзейшыя коўзанку зрабілі – скочваюцца бокам з абрыву, з’язджаюць на спінах і хвосціках – віску, рогату!
   – Заўтра прыходзьце! – крычыць ім Заяц.
   – Як – заўтра? А футрачкі? Бессаромны ты! Чужым шыеш, а сваякам – не! – кінуліся зайцы да краўца, ледзь за вушы яго не валтузяць.
   – Ну – добра! Ну – ціха! Ну – чакайце! – ледзь адцерабіўся Заяц – і ў хату. – Зайчыха, ідзі знімай меркі!
   І пачаў шыць.
   Шые Заяц, завіхаецца, шые-завіхаецца. А Зайчыха ўсё мерае і мерае. Па-свойму мерае: каб большыя абрэзкі былі. А зайчаняты кроіць налаўчыліся – толькі нажнічкі ляскаюць... Дзень і ноч, дзень і ноч – арцель-карусель!
   А тут і Ліса прыйшла па футра. А моркаўкі не прынесла!
   – Мне сёстры сказалі, каб прыйшла ў футры ім паказацца! Калі яны пахваляць работу – у дзвюх торбах плату прынясём! – Апранулася ў новае белае футра і пайшла.
   І па сённяшні дзень яе няма. Кажуць, каб не спаткацца з Зайцам-краўцом, ажно ў тундру заджгала, на Поўнач. І нават імя памяняла, каб не пазналі. Пясцом стала звацца.
   Тры месяцы ўжо прайшло, зіма канчаецца. А чарга каля Зайцавай хаты не меншае. І ўсё зайцы, адны зайцы!
   – Калі ты ўжо сабе пашыеш? Калі нам? – гневаецца Зайчыха.
   – Хутка ўжо! Вось-вось... Нам у хаце і так цёпла, а яны вунь па снезе бегаюць, – адгаворваецца Заяц.
   – Хто па снезе? Аслеп ты ад гэтай работы... Снегу ўжо нідзе няма. Вясна прыйшла.
   – Калі вясна, дык нашто нам тыя новыя футры? Будзем у старамодных хадзіць – адмахнуўся Заяц.
   ...Шмат гадоў прайшло з таго часу. А як было многа зайцоў-шаракоў, так многа і засталося. Толькі прыгледзьцеся: у некаторых на жываце, на хвасце бялеюць латкі, што паспела прышыць сабе і сваім дзецям Зайчыха з абрэзкаў. А каго абшыў Заяц-кравец, тыя ўбіраюцца на зіму ў белыя футрачкі, фарсяць: «Мы белякі!»
   А футрачкі добрыя, зносу ім няма. Перадаюць іх дзяды бацькам, бацькі – дзецям. І гэтак з пакалення ў пакаленне перадаецца і памяць пра добрага Зайца-краўца.
   А пра Зайчыху забылі начыста.

 

Похожие статьи:

Павел МіськоПавел Місько - Адарка і пацукі

Павел МіськоПавел Місько - Эрпіды на планеце Зямля

Павел МіськоАпавяданні Паўла Місько

Павел МіськоПавел Місько - Навасёлы

Павел МіськоПавел Місько - Грот афаліны