Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Павел Місько - Салодкія карасі

Увага!!! Поўны змест

   У Шушкі вялікі сакрэт. Казаць ці не казаць пра яго сябру Трамбону? Не скажаш – пакрыўдзіцца, прамаўчыш – сам разарвешся на кавалкі. Бо сакрэт як жывы – так і расце недзе ўнутры, нібы на дражджах, перапаўняе ўсяго. Ажно трасуцца рукі, свярбяць вушы, высоўваецца кончык языка. Аднаму бегчы па той сакрэт – сумна. Удвух – шкада дзяліцца.
   Уздыхаў Шушка, пакутаваў, месца сабе не знаходзіў. I рашыўся...
   – Слухай, што я чу-у-у-уў... – Шушка так доўга цягнуў гэтае сваё «у-у-у», нібы вучыўся выць на месяц. – Дзед Патап казаў – карасі ў сажалцы выраслі, у садзе. Іду, кажа, а яны – плюх-плясь, гляджу, а там рыба. Гэта ён сваёй бабе Ганне казаў, а я падслухаў.
   – Мо якая жаба скокнула. Ніхто ж туды малькоў не запускаў, – спакойна сказаў Трамбон.
   – Не пляці абы-што! Ды яны самі заводзяцца, абы вада была! От вазьмі вялікія начоўкі або цэбар, патрымай ваду ўсё лета, паглядзі – а там рыба!
   – Ха-ха-ха! Мо акула? Сам ты пляцеш, – не вытрываў Трамбон.
   – Каб я так жыў! – Шушка пастукаў сабе ў грудзі мурзатым кулачком – Ніхто пра рыбу яшчэ не ведае, ух і хапанём!
   – Давай заўтра раненька, да кароў, скокнем туды, праверым. У мяне вудачка ёсць.
   – Не-е, ты і праўда Трамбон, а не Антон... мяне мо дзесяць вудачак, ну і што? Да заўтрага дзед Патап павылоўлівае. Апярэдзіць трэба! Сёння давай! Зараз жа!
   – Удзень рыба не бярэцца. Дый у школу трэба – праз дзве гадзіны наша змена.
   – Падумаеш, школа... У школу і спазніцца можна. Школа не рыба, у лес не ўцячэ.
   Трамбон зарагатаў з Шушкавай прымаўкі і... згадзіўся.
   Праз колькі хвілін хлапчукі прабіраліся ўжо да калгаснага саду. Па нізовіне, абыходзячы кругам, хаваючыся за кусты прысадаў, каб не заўважыў дзед Патап – вартаўнік.
   – I вудаў набраў, і кош валачэш, – не ўцерпеў Трамбон.
   – А як ты думаў! Пакуль ты будзеш драмаць над адной, я – хап-хап-хап. Трыма вудачкамі – у тры разы больш шанцаў. А не будзе брацца, з кашом залезу. Каб без промаху! Каб не вяртацца з пустымі рукамі! Карасі такія салодзенькія – у-у-у-у... – завыў Шушка, склаўшы губы трубачкай. Заплюшчыў вочы, аблізнуўся.
   – Любіш паесці, а худы, як ражон.
   – Тата кажа, што гэта ў мяне ад прыроды. Каб быць спраўнейшым, больш рухавым. А таўсцялю нікуды не хочацца, ён толькі чэрава пагладжвае. Як ты, напрыклад.
   – Знайшоў таўсцяля. Я нармальны... Ой, ціха!.. Дзяцел вунь, у кустах. А я думаў, што яны толькі ў лесе.
   – Знайшоў дзіва! Хадзем хутчэй, разявіў рот... – Шушка апярэдзіў Трамбона, першы пабег да сажалкі.
   Антон выбраў месцейка між кустоў на беразе, разматаў вудачку, начапіў хлебную гарошынку і закінуў лёску. Чуў, як цераз куст ад яго ўспамінае ўсіх чарцей і блытаецца ў сваіх вудачках Шушка. Нарэшце ў яго гучна свішча вудзільна, пляскае па вадзе. Пасля чуецца і другі свіст, і трэці. Шушка нервова тупае па беразе, папраўляе то адну, то другую вуду, крышыць і кідае ў ваду хлеб.
   – Ты на што ловіш? Таксама на хлеб? – крычыць ён з-за куста. – А паплёўваеш на яго?
   – На хлеб пляваць грэх... Ой, у мяне такія жучкі-бліскучкі... Балет на лёдзе паказваюць.
   – Не будзеш пляваць на насадку, то рыба плюне на цябе, – не сціхае Шушка, і Трамбон не вытрымлівае:
   – Ды памаўчы ты! I не скачы як на вуголлі.
   Але Шушку не сядзелася і не стаялася. Увесь хлеб скрышыў на падкормку, а карасі не хацелі падплываць.
   – Эй, – зноў паціху паклікаў ён Антона. – Ты які хлеб узяў?
   – Белы, – адказаў шэптам Трамбон і зняў маленькага, як два пятакі, карасіка.
   – Ах, ах... А я, дурань, чорны. Чуеш? Кінь мне кавалачак батона!
   Антон перакінуў цераз куст кавалачак.
   – У-у-у, скнара. Гэта ж усяго на раз у рот.
   – Каму? Табе?
   – Рыбе! Што, мо сам утрамбоніў увесь, што шкадуеш даць больш?
   Трамбон нічога не адказаў, ён у гэты час здымаў другога, на паўдалонькі, карасіка.
   – У-у-у, хітранькі, – завыў Шушка. – Выбраў сабе лепшае месца.
   – Хочаш, давай памяняемся.
   – Ага! Я тут прыкарміў, а ты на гатовенькае прыйдзеш.
   – Ну то сядзі і маўчы.
   – Ага! Дык рыба ж не ловіцца... Эх, трэба было лепш на рэчку ісці! Там рыба дык рыба, а тут... пятакі! Праўда, каб лавілася, то... Пятак да пятака, пятак да пятака, глядзіш – і рубель!
   Антон маўчаў, сядзеў нерухома. Рука з вудачкай ажно занямела. Паплавок у яго ківаўся, ківаўся і... зноў коса нырнуў пад ваду.
   – Эй, чуеш? – крыкнуў у гэты час Шушка.
   Трамбон паспяшаўся тузануць вудачку, і рыба сарвалася.
   – Чаго цябе зноў дрэнчыць? – ён ужо раззлаваўся на Шушку.
   – Давай памяняемся месцамі. Толькі дай у прыдачу двух сваіх карасёў. Я ж месца прыкарміў!
   – Каб цябе... Бяры!.. Ідзі!.. Карасі во, у траве.
   Антон падымае вуду, ловіць леваю рукою кручок з нажыўкаю і пераходзіць на месца Шушкі.
   А той згроб свае вудачкі ў прыгаршчы, задраў іх як мага вышэй, каб не ўчапіцца кручкамі за куст. Але ўсё роўна ўчапіўся, пераходзячы: адным кручком за галінку лазы, другім – за свой каўнер. Пакуль адчэпліваўся (давялося скідваць рубашку), пакуль разблытваў лёскі, закідваў вудачкі, Антон аднаго за адным выцягнуў яшчэ двух карасёў – большых, чым тыя два. Шушка так разнерваваўся, што соп, чмыхаў, кідаў на сябра касыя, злосныя позіркі. А Трамбон яшчэ і Цвяліў:
   – Бачыў? Хто мяняе, у таго хамут гуляе. Ух, і карасішчы! Падраслі на тваёй падкормцы.
   Зацяўся Шушка – ні гуку. Але доўга не ўседзеў.
   – Слухай, я ўторкну вудачкі, а сам палезу з кашом. А ты паглядвай і на мае паплаўкі.
   – Няма дурных, – адрэзаў Антон.
   – Дык ты ж усё роўна будзеш сядзець!
   – Сядзець буду, а скакаць туды-сюды не хачу і не буду.
   – Тады хоць адну папільнуй, а я тыя павыцягваю. Во гэтую... Бліжэй да цябе закіну.
   Антон прамаўчаў, толькі губы падціснуў. Шушка вуды павыцягваў, а лёсак не зматаў. Схапіў кош, ірвануў з месца бягом. I раптам як залямантуе! Адна лёска трапіла між пальцамі правай нагі, прашмаргнулася, як травінка, а кручок упіўся паміж вялікім і другім пальцамі.
   – У-у-у, і што сёння за дзень такі! – Шушка, хныкаючы і падвываючы ад болю, паспрабаваў дастаць кручок з нагі. Але нічога не выйшла, і ён зусім расплакаўся.
   – Шурык, ты чаго? – выцягнуў шыю Антон. Потым падышоў да сябра, прысеў на кукішкі, каб лепш разгледзець, што ў яго робіцца на назе. – Ого! Увесь кручок залез, толькі хвосцік відаць.
   Ад гэтых слоў Шушка зароў, як малое дзіця
   – Разрэзваць трэба... Каб была брытва, я б ш-ш-шах – і гатова.
   – Ага! Хірург знайшоўся... Язык сабе шахні! У-у-у, кроў як цурчыць!
   – Шурык, ты пацярпі... Я зараз перакушу лёску, і пойдзеш дадому гак... А бацька дастане. 
   Антон нізенька нахіліўся, нібы хацеў пацалаваць Шушку ў нагу, і перакусіў лёску.
   – А як жа я з такою нагою ў ваду пале-зу-у-у? – ныў Шушка.
   – Ніхто цябе не гоніць у ваду. Пасядзі спакойна, зараз дадому пойдзем.
   – Ага! Я сядзець буду, а ты, хітранькі, лавіць? Пайду хоць яблык нарву. – Шушка падхапіў кош і, кульгаючы, іхкаючы, пакраўся да абсыпанай яблыкамі антонаўкі. Азірнуўся, сказаў сіплым, кволым голасам: – Ты ж пра маю вудачку не забывай! З мае вудачкі – мне будуць!
   Антон нічога не адказаў. Ён глядзеў не на паплаўкі, а на белую-бялюткую чайку. I адкуль яна тут узялася? Трапеча крыламі, вісіць на адным месцы, а дзюбка да вады звернута. Рыбку высочвае... I раптам каменем плюхнула ў ваду, тут жа ўзляцела, трымаючы ў дзюбе маленькага карасіка.
   Уздрыгнуў ад нечаканасці, калі пачуўся мужчынскі голас:
   – Злазь! Злазь, злазь, я табе кажу!
   Пад яблыняю стаяў і пазіраў угору вартаўнік Патап.
   – Памагаеш калгасу яблыкі абіраць? От маладзец... Толькі чаго ты ўспёрся на антонаўку? Гэтым яшчэ пастаяць трэба пару тыдняў... – Патап гаварыў амаль лагодна, голасу не павышаў. – Злез? Не вытрэсвай з-за пазухі, рукамі вымай, а то паб’юцца... Ву-унь скрынкі пад яблынямі, бачыш? Занясеш туды і асцярожна выкладзеш. А вечарам я да бацькі падыду. Трэба ж пахваліць цябе, хай і ён ведае, які сын расце.
   Антон хуценька зматаў вудачкі. Яму было сорамна і няёмка. Дзед Патап і ў яго бок пазіраў і яму збіраўся нешта сказаць. I сказаў:
   – А што, ваш кот састарэў, мышэй не ловіць? Хочаш падкарміць яго драбязою? – і павярнуўся, пайшоў следам за Шушкам да скрынак.
   Сябры сышліся за садам, на паплаўцы. Шушка ішоў, наступаючы на правую пятку і нібы пакручваючыся на ёй. Твар яго крывіўся, як ад кіслай антонаўкі. Кош вісеў у яго за спінаю.
   – Бяры свой сноп, – Антон сунуў яму ў рукі вудачкі.
   Шушка ўзяў іх неахвотна.
   – А рыба? Так і ляжыць мая на беразе?
   – Вось... Цэлы кукан.
   – I гэта ўся мая-я-я?! На маю вудачку столькі налавілася?! – Шушка нават кульгаць перастаў.
   – На тваю, на тваю... – сказаў Антон і адвярнуўся, ляп-ляп – абабіў далоні ад лускі. Гаварыць яму з сябрам не хацелася.


Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Похожие статьи:

Павел МіськоПавел Місько - Навасёлы

Павел МіськоПавел Місько - Грот афаліны

Павел МіськоПавел Місько - Эрпіды на планеце Зямля

Павел МіськоАпавяданні Паўла Місько

Павел МіськоПавел Місько - Адарка і пацукі