Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Павел Місько - Маміна мама

   Мама і тата спужаліся перамены клімату і Натальку з сабою на Чорнае мора не ўзялі. Паехалі адны мучыцца: вэндзіцца на паўднёвым сонцы, смажыцца на непрыгожым шэрым пляжы, купацца ў нясмачнай, салёнай і горкай, вадзе. А Натальку завезлі ў вёску да мамінае мамы – бабы, значыць. Там усяго ў меру – і сонца, і лесу, і кветак на лузе, і вада салодкая. А малака свежага і смачнага многа-многа.
   Паплакала Наталька, развітваючыся з мамаю і татам.
   – Ды не плач ты, яны скоранька і прыедуць, – сказала баба. – Хадзем лепш я табе жывую загадку пакажу: тоўсценькі коцік ушчаміўся на плоцік...
   Знайшлі тую загадку. Пляцёнкаю ўскарабкаўся на плот гарбузнік. Вісяць на ім вялізны гарбуз і маленькі гарбузік.
   – Бабуля, гэты маленькі – коцік, а вялікі – кацішча, – сказала Наталька.
   Хутка яна забыла, што ў яе недзе ёсць мама і тата. Толькі раз успомніла, забедавала:
   – Бабуля! Авой, авой... Мама і тата будуць такія, як вэнджаныя селядцы? І салёныя, і пах ад іх будзе такі ісці?
   – Паглядзім, – усміхнулася бабуля. – Прыедуць – лізнеш, панюхаеш. А цяпер сама знайдзі такую загадку: за сонцам ганяецца, а з месца не сыдзе.
   Знайшла загадку Наталька толькі з бабінаю дапамогаю.
   – Ды вось жа яна – сланечнік. Бачыш, куды ён глядзіць? У бок вуліцы, на сонца. А вечарам будзе на хлеў глядзець, на захад.
   Праверыла вечарам Наталька – праўда. Ну і дзіва ж!
   Месяц праляцеў вельмі хутка. У Наталькі было столькі спраў, што кожны вечар з ног валілася. Не хапала сілы самой апаласнуцца, памыць ногі. І бабуля ёй памагала. Паіла потым цёплым малачком і несла «зязюльку» ў ложак. А пакуль несла, Наталька засынала ў бабы на руках.
   Прыехалі мама і тата з мора забіраць Натальку ў горад. Глядзіць яна, а мама і не чорная, хоць у Чорным моры купалася: рудзенькая, светла-карычневая. А вось тата і праўда чорны. Як цалаваліся, Наталька лізнула трошкі аднаго і другога. Не салёныя! І селядцамі не пахнуць.
   – А мы вадою з водаправода кожны вечар абмываліся. А так бы, вядома, прасаліліся, – сказала мама сур’ёзна. Але тут жа затармасіла, зацалавала Натальку.
   – Ой, хопіць, мамка, з мяне ўжо ўвесь смех выціснуўся! – папрасілася Наталька.
   Развітвалася яна з бабаю і горш расплакалася, чым тады, як з мамаю і татам. Але ехаць дадому трэба было, канчаўся водпуск.
   Усю дарогу ў горад і шмат дзён у горадзе Наталька ўсё расказвала пра вёску, пра бабулю і дзеда, пра тое, як раскрывала з бабаю розныя таямніцы, сакрэты, адгадвала загадкі. Расказвала і новенькія казкі.
   Вось і сёння – праслухала па тэлевізары калыханку, паглядзела мульцік, легла ў свой ложачак. А сон недзе заблудзіўся, не хоча прыходзіць.
   – Мама, адгадай, дзе цукеркі растуць? – папыталася Наталька з таямніча-загадкавым выглядам.
   – Ну дзе... Мо на фабрыцы?
   – А от і не ведаеш, а от і не ведаеш! На калгасным полі! Мы з бабаю хадзілі глядзець, як яе дзесяць радкоў буракоў растуць. А буракі цукровыя называюцца, яны салодкія, я лізала. З буракоў робяць цукар, а з цукру – цукеркі. От! Мы хадзілі з бабуляй падкормліваць і паліваць буракі. Яны таксама піць і есці хочуць. От!
   – Праўда што – дзіва, – згаджаецца мама.
   – Тата, а цяпер ты адгадай сакрэт, – паклікала яна і тату.
   – Ты не чапай тату, яму яшчэ вучоную кніжку трэба сёння прачытаць, – сказала мама.
   – Нічога, нічога, загадвай, – сказаў тата.
   – Яблыні, вішні, грушы цвітуць, потым з кветак робяцца плады. Так?
   – Ну так, – згаджаецца тата.
   – Бульба таксама цвіце, расце кусцікамі і цвіце. Думаеш, бульбінкі з кветак робяцца? – голас у Наталькі робіцца таямнічы.
   – Ну, мабыць жа, так, – знарок паціскае тата плячыма.
   – Ой, тата! Бульба такая хітранькая! Кветачкі зверху, а бульбінкі ў зямлю хаваюцца. От як!
   – А вось булкі і хлеб у магазіне растуць, – усур’ёз гаворыць мама.
   Наталька падае на спіну, перабірае ад смеху нагамі.
   – Не ашукаеш, не ашукаеш! Я табе загадку бабіну загадаю: хто пад сябе ўсё горне, але аддае людзям? Ага! Ага, не ведаеш! Камбайн, вось хто... Мы з бабаю на камбайне каталіся, як дзеду абед насілі. Зажынкі мы рабілі... А камбайн пад сябе каласкі гроб, гроб, гроб... Мільён тысяч! А з каласкоў зярняткі вымалочваліся. З зярнятак робяць муку, з мукі цеста, з цеста булкі і хлеб. Вось як! Мы з бабаю пра гэта цэлую казку прыдумалі. Я заўтра вам яе раскажу.
   – Якая ты ў нас малайчына! – пагладзіла мама Натальку па галаве. – Цікава табе было там?
   – Вой, цікава! Не вытрываць.
   – На другое лета паедзеш да бабы?
   – Паеду!
   – І мы з табою паедзем. Нам сумна было без цябе.
   – Ура! – закрычала Наталька, усхапілася на ногі і заскакала ў ложку.
   – Ціха, ціха, што ты! Тату разбудзіш, – сказала мама.
   Нечакана зарагатаў тата.
   – Ты чаго? – спытала, не разумеючы, мама.
   – А я і праўда быў задрамаў над гэтаю кніжкаю.
   Нарэшце Наталька ўкладваецца. А сну ўсё няма. Садзіцца зноў, уздыхае гучна:
   – Ох, што там цяпер баба робіць?..
   Яшчэ паляжала трохі.
   – Мама, а кароўка заснула ўжо?
   – Заснула, заснула. Спі і ты.
   – Я вам заўтра казку раскажу, як у каровы малачко робіцца, – абяцае Наталька, і вочы яе заплюшчваюцца.
   На гэты раз сон знаходзіць неўгамонніцу.

 

Похожие статьи:

Павел МіськоПавел Місько - Грот афаліны

Павел МіськоАпавяданні Паўла Місько

Павел МіськоПавел Місько - Навасёлы

Павел МіськоПавел Місько - Адарка і пацукі

Павел МіськоПавел Місько - Эрпіды на планеце Зямля