Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Павел Місько - Каляндар сумлення

1

   Як прайшло ўжо колькі ўрокаў малявання, настаўніца сказала:
   – Сама лепш малююць Толя Васільеў і Сцёпа Мармышка...
   Усе вучні раўніва паглядзелі на Толю і Сцёпу. А Коля падумаў: «А мяне не назвала... Я ж Толеў брат».
   – Для вас будзе дамашняе заданне: намаляваць класны каляндар надвор’я. Во, на гэтай паперы намалюеце. Дзяжурны будзе кожны дзень адзначаць тэмпературу паветра, ападкі... – Валянціна Іванаўна падняла папяровую трубку, загорнутую ў газету. – Сядайце, сядайце! – спыніла яна Мармышку і Толю, бо тыя ўжо навыперадкі памкнуліся да стала. – Тут я прыкінула, як трэба расчарціць, намаляваць, дзе што напісаць, – яна падняла і паказала маленькі лісток, вырваны са сшытка. – Калі надпісы самі не зможаце зрабіць, папрасіце тату або маму.
   Коля крыўдліва ўнурыўся: «А чаму не Толю і мне даручыла? Нам жа лепш каляндар рабіць, мы ў адной кватэры жывём». З-за гэтай крыўды ён нічога не чуў і не бачыў на ўроках. Толя таксама ўвесь чацвёрты ўрок думаў пра каляндар, пра важнасць даручэння.
   Дадому ішлі разам з Мармышкам. Бабуля, якая прыйшла сустракаць, забрала ў іх ранцы і ішла памалу ззаду. Коля маўчаў, а Толя і Сцёпа трашчалі, як галкі на коміне: «Мы такое намалюем! Такое!» – «Лепш за ўсіх!» – «Вучні чацвёртага «Б» класа лопнуць ад зайздрасці!»
   – Ваш каляндар не будзе прыгажэйшы, чым у першым «Б»! – не стрываў Коля. – Там каляндар бацька аднаго вучня намаляваў. Ён мастак, во!
   – А вось і будзе! А вось і будзе! – адказалі Толя і Сцёпа, і можна было падумаць, што гэта два вялікія сябры.
   – Я, калі захачу, у сто разоў лепшы намалюю! – крычаў Мармышка. – Я, калі захачу, бацька мне такія акварэлькі купіць! У-у-у... Я, калі захачу...
 

2

   Маляваць рашылі ў Толі. Па дарозе Мармышка заскочыў дадому, кінуў сумку.
   Прыйшлі, разгарнулі трубку... У ёй былі два аркушы, а не адзін. Нашто два? Настаўніца ж гаварыла намаляваць адзін каляндар.
   Палеглі на падлозе жыватамі наўкола аркуша. Пакрычалі, паспрачаліся, каму чарціць, каму расфарбоўваць. Хацеў нешта параіць і Коля, але на яго так дружна накінуліся, што ён змоўк і пайшоў ад іх. Урэшце малявальшчыкі дамовіліся: Толя расчэрчвае і малюе літары простым алоўкам, а Сцёпа расфарбоўвае.
   Колю было не ўцярпець, і ён зноў прыйшоў да хлопцаў. Узяў у рукі падшыўку «Вожыка», усеўся на крэсла і пачаў гартаць. «Падумаеш... Ёсць там у іх што глядзець! От у часопісе намалёвана дык намалёвана... Жывоцік надарвеш ад смеху!» – думаў ён.
   І знарок моцна хіхікаў, пасмейваўся, чмыхаў, потым рагатаў на ўвесь голас, а на малявальшчыкаў не глядзеў.
   – Выйдзі адсюль, ты нам перашкаджаеш! – крычаў на яго Толя.
   – А кватэра ўсіхная, не толькі твая! Дзе хачу, там і рагачу! – адрэзаў Коля.
   Сцёпа не вытрываў, устаў з падлогі і таксама ўсунуў нос у «Вожык». Рагаталі ўжо ўдвух, а Толя маляваў адзін, лаяўся, гразіў паскардзіцца бабулі.
   Бабуля ўрэшце паклікала Колю на кухню. Патрэбна была Колева дапамога: яна накупляла пластмасавых дзіцячых кубікаў і зараз адпілоўвала нажом у кожнага адну сценку. Атрымліваліся чатырохвугольныя вазончыкі. Маленькія, акуратныя, рознакаляровыя... Добра прыстаўляюцца адзін да аднаго, мала займаюць месца.
   – У іх пасадзім кактусы і кактусяняты... – сказала бабуля.
   Праз паўгадзіны Коля заглянуў у пакой. Мармышка сядзеў у крэсле з часопісамі і гыгыкаў над малюнкамі. А Толя кончыў чарціць і расфарбоўваў вялікія літары загалоўка.
   Заглянуў яшчэ праз гадзіну: Толя ўжо канчаў расфарбоўваць загаловак, а Сцёпа ўсё рагатаў над малюнкамі ў часопісах, дрыгаў нагамі.
   Яшчэ раз заглянуў: Сцёпа ляжаў з «Вожыкам» на падлозе, а Толя прымяркоўваў па кутках календара – ужо гатовага! – паштоўкі з малюнкамі.
   – Э, у мяне лепшыя ёсць! – усхапіўся Сцёпа, адсунуў падшыўку ад сябе.
   – Бяжы прынясі, прыклеім, – сказаў Толя.
   – А нашто насіцца сюды-туды! Я прыклею дома, а заўтра прынясу ў школу.
   Толя згадзіўся, і Сцёпа згарнуў каляндар у трубку, пайшоў.
 

3

   Праз гадзіны паўтары, ужо цямнела, бабуля пайшла ў гастраном. Вярнулася і гаворыць:
   – А Сцёпа яшчэ і не заходзіў дадому. Мяч ганяе з хлапчукамі, а каляндар пад пахаю...
   Толя хацеў бегчы на двор сварыцца са Сцёпам. Але бабуля не пусціла:
   – Ты сваё зрабіў? Зрабіў! Нават больш, а вам жа даручылі абодвум. Калі што, то заўтра паглядзіш. А цяпер рабі ўрокі. Коля вунь ужо два зрабіў...
   Раніцаю Сцёпа прынёс Толю каляндар. Завэдзганы, скамечаны. Паштоўкі прыляпіў так, што з-пад іх расцякліся ў бакі струмені клею.
   – Нічога, добра будзе... Мы ж не мастакі. Гэта ў «Б» класе дык бацька-мастак ёсць, – апраўдваўся Сцёпа.
   Толя знямела глядзеў на каляндар: ён быў падобны да бруднай анучы.
   – Ну, я пабег. Трэба яшчэ ўрокі рабіць, – Сцёпа крутнуўся і ўцёк.
   Добра, што настаўніца дала запасны аркуш паперы! Добра, што заняткі ў іх пачынаюцца ў другую змену! Добра, што Коля парабіў урокі і бабуля дома была – памаглі!
   Зноў Толя пластом ляжаў на падлозе, размячаў, расчэрчваў. Коля перабіраў навагоднія паштоўкі, падшукваў малюнкі. Бабуля выстругала з тоўстага сырога дубца лапатачку-пяро, роўненька падрэзала. I хвілін за дзесяць чырвонай тушшу напісала гэтай лапатачкай прыгожы загаловак – «Каляндар надвор’я».
   – Засохне, дык ты яшчэ алоўкам дай каляровыя цені літарам. Сняжынкі сям-там раскінь, воблачкі, сонейка... Назвы месяцаў і лічбы я напішу...
   Праз гадзіну новы каляндар быў гатовы. Асцярожна загарнулі ў газету...
   У клас убеглі Толя і Коля тады, як празвінеў званок.
   – Пакажы каляндар, – адразу выхапіў Мармышка трубку з рук Толі. Тр-р... Ж-жых... Парваў газету, разгарнуў паперыну.
   А тут і настаўніца зайшла ў клас.
   – Добры дзень, дзеці!
   – Валянціна Іванаўна! – кінуўся Мармышка да настаўніцы. – Во, я зрабіў «Каляндар надвор’я».
   – Добра, дзякую. Пачнём урок, – сказала настаўніца.
   Толя аслупянеў ад такога нахабства Мармышкі. I не знайшоў, што сказаць. У вачах закруціліся слёзы.