Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Ніла Гілевіча

   Неверагодна прадуктыўны паэт, літаратурны крытык, фалькларыст і перакладчык, Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. У 1956 г. ён скончыў філалагічны факультэт БДУ і праз чатыры гады стаў выкладчыкам, а ў 1978-м (год, калі ён уступіў у кампартыю) – прафесарам таго ж самага філалагічнага факультэта. З 1980 г. ён займае пасаду першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў, мае званне народнага паэта Беларусі (1990). Першы свой верш Гілевіч апублікаваў ужо ў 1946 г., аднак толькі праз адзінаццаць год пабачыў свет першы ягоны паэтычны зборнік «Песня ў дарогу» (1957), за ім паследавалі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька?» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (1979), «Святлынь» (1984), «Повязь» (1987) і «Як дрэва карэннем» (1986). У дадатак да таго Гілевіч выдаў шэраг чыста гумарыстычных і сатырычных зборнікаў, у тым ліку «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці 2» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «Кантора» (1989), «Дыялог на хаду» (1990), а таксама раман у вершах «Родныя дзеці» (1972-1984), болей за пяць збораў дзіцячых вершаў, зборнік п’ес «Начлег на буслянцы» (1980) і, урэшце, сем кніг літаратурных і фальклорных даследаванняў, адрэдагаваў мноства зборнікаў фальклорных матэрыялаў, зрабіў шэраг перакладаў, пераважна з балгарскай паэзіі, але таксама перакладаў са славенскай, польскай, літоўскай, украінскай і рускай моваў.
   Ніл Гілевіч не толькі надзвычай пладавіты паэт, але і вельмі палкі, эмацыянальны і непасрэдны па натуры чалавек. Ягоны лірычны герой – гэта стваральнік з абвостраным пачуццём адказнасці за грамадства, для якога вялікае значэнне маюць народныя каштоўнасці і эстэтыка. Апошняе знайшло адлюстраванне ў стылі паэта, багатым на шматлікія прыёмы і сімвалы народнай паэзіі, але ў той самы час гэта надзвычай рэалістычная паэзія з вялікай дакладнасцю вымалёўкі вобразаў. Асноўныя тэмы творчасці Гілевіча – вясковае жыццё, беларускі нацыянальны патрыятызм, які спалучаецца з вялікім інтарэсам да іншых краін, трагедыя вайны і гісторыя радзімы і яе повязь з сучаснасцю. Галоўнай тэмай у 60-я гг. быў сталінізм з яго маральнай карупцыяй, які Гілевіч выкрываў з ярасцю, але без асаблівага пафасу і красамоўства ў сваіх вершах тыпу «Мяне вучылі асцярожнасці...» (1962), паэт пісаў не толькі пра негатыўны бок з’явы, але і пра актыўную барацьбу за ўзнаўленне па магчымасці ўсяго таго, што было зруйнавана за гэты трагічны перыяд. Ягонае спадзяванне на адраджэнне добра выражана ў радках, узятых са зборніка «Бальшак» 1965 г.:

Зноў нам свецяць імёны,

што здрадна

былі перакрэслены,

Дарагія імёны,

што праўдай з нябыту

ўваскрэсены, –

Іх сягоння бяруць сабе плошчы,

і школы,

і крэйсеры.

І ніколі ўжо

з памяці сэрца

не сцерціся ім!

   З таго ж самага зборніка ўзяты і наступныя радкі, што паказваюць аўтарскае непрыняцце сталінізму ў досыць яркай форме, якая толькі падаецца спрошчанай, магчыма, па прычыне досыць нескладанай рыфмы:

У палавіне веку,
Пракляўшы культ пакут,
Давер’я Чалавеку
Мы будзем славіць культ!..

   Гілевіч – палкі і глыбокі публіцыст, які заўсёды пазбягаў модных штампаў так жа, як і ігнараваў капрызы літаратурнай моды, пішучы простым вершам і мовай, якія пры ўсёй сваёй паэтычнасці часта здаваліся амаль звычайнымі. У нейкім сэнсе гэта можна ўбачыць у радках добра вядомага верша 1963 г. – «Бомбу кінулі ў дом пісьменніка...»:

Забівалі не рыфмаплётаў
І не шумных любімцаў моды –
Забівалі таго,чый голас
Над агнём барыкад лунаў.

   Барыкады, канечне ж, трэба разумець не столькі літаральна, колькі ў пераносным сэнсе, як і ў іншым вершы, «Рыхтуйце сэрца для палёту!» (1961), палёт не толькі частка касмічнай праграмы, але і палёт фантазіі.
   Гілевіч шырокавядомы як шчыры і высокамаральны чалавек, які адыгрывае вялікую ролю ў духоўным жыцці краіны, заўсёды змагаючыся з цынізмам і таннымі ідэаламі, не кажучы ўжо пра несправядлівасць. Вось, магчыма, чаму ён аказваў такі моцны ўплыў на маладых паэтаў, – менш сваёй тзхнікай, паколькі паказаў сябе сапраўдным эклектыкам у плане формы, а больш яснай і бескампраміснай маральнай пазіцыяй і праматой, глыбокім душэўным характарам сваіх вершаў пра Беларусь, яе мінулае і сучаснасць. У наступным вершы 1965 г. аўтар дае просты савет маладзейшым пісьменнікам, які звязаны з не менш простым – і шчырым – патрыятызмам:

Спявайце, юныя паэты!
Спяліце ў бурах пачуцця –
Неўтаймаваны боль планеты,
Непераможны крык жыцця!

Магчыма, вам якраз і здзейсніць
Дзядоў вялікіх запавет:
Узняцца так на крыллях песні,
Каб чуў і бачыў цэлы свет!

Назло прарокам самазваным,
Што глуха каркаць пачалі,
Спявайце спевам нечуваным
На мове любай вам зямлі!

Спявайце, помнячы нязменна:
Пакуль паэты будуць пець –
Не быць Радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў – не анямець!

   Гілевічавы энергія і надзея на станоўчае развіццё грамадства, частае выкарыстанне метафар і іншых тропаў, простая лексіка абсалютна не з’яўляюцца сведчаннем таго, што паэта мала цікавіць форма. Добрым доказам таму служыць выдатны вянок санетаў «Нарач» (1964-1965). Адносіны Гілевіча да формы, тым не менш, досыць выразна акрэслены ў наступных радках верша «Аб рыфмах і хлебе надзённым (Ліст маладому калегу)» 1963 г.:

Выхваляешся рыфмай –
Нібыта навейшаю,
Якой не было ў папярэднікаў.
Мілы мой!
Калі справа ўся ў рыфмах –
Магу пацягацца...

   Відавочны свабодны тэматычны характар паэзіі Гілевіча спалучаецца з чароўна-непасрэдным падыходам да беларускай гісторыі ў вершах тыпу «Старыя друкарні» (1965) і «Мара Скарыны» (1965). Таксама непасрэдны, але адрозны па сваім настроі верш «Ты кажаш, я не ведаю вайны...» (1965) прысвечаны незагойнай ране, пакінутай вайной. Пяру Гілевіча належаць вельмі кранальныя вершы пра вайну і пакінутую ёю горкую спадчыну, у тым ліку верш «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына...» (1966), з падзагалоўкам «Патрыятычная араторыя з чатырох балад» і асабліва цыкл вершаў «Заручыны (Малая аповесць 1946 г.)» (1965-1978), што з вялікім пафасам расказвае пра пасляваенныя разруху і страты, але, тым не менш, заканчваецца на аптымістычнай ноце.
   На працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці Н. Гілевіч праяўляў свой своеасаблівы талент сатырыка, пішучы на розныя тэмы, у тым ліку і пра сваіх калегаў-пісьменнікаў, як у наступнай эпіграме «Якою фарбаю пісаць»:

Не трэба
Ні белай,
Ні чорнай,
Лепш шэрай пішы.
Не ўхваляць?
Затое й не зганяць.
Спакой на душы!

   Гілевіча, аднак, будуць памятаць хутчэй за ўсё за ягоныя глыбока патрыятычныя радкі, такія, як лірычнае адступленне «О, Беларусь!» з рамана ў вершах «Родныя дзеці», і за смелыя каментарыі да пэўных падзей, як, напрыклад, у вершы «Каму і з кім не па дарозе?» (1988), напісаным у адказ на ідэалагічную кампанію, што распачалася пасля адкрыцця ў 1988 г. масавых пахаванняў у Курапатах, што пад Мінскам:

Дабру і злу!
Мяркуйце самі:
Дабро – у поле, хлеб расціць,
А зло – касцямі, чарапамі
У Курапатах дол масціць.

Любоў і страх – адвеку розны
Трымаюць след між палыну:
Любоў глядзіць на край свой родны,
А страх глядзіць на Калыму...

Сумленню з подласцю ў суполцы
Ганебна мераць шлях стары:
Сумленне рвецца ўвысь, да сонца,
А подласць – шчэрыцца ў нары.

Рука ў руку з хлуснёю
Праўда
Не пойдзе побач – хоць звяжы!
Бо праўда свет кіруе ў заўтра,
Хлусня – да гібельнай мяжы.

Куды ж і з кім па безгалоўю
Ісці табе – праз буралом?
З любоўю, братачка, з любоўю!
З сумленнем, з праўдай
І з дабром!


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

 

Похожие статьи:

Ніл ГілевічГрамадзянская і медытатыўная лірыка Ніла Гілевіча

Ніл ГілевічНіл Гілевіч - Родныя дзеці. ГДЗ

Ніл ГілевічМатывы і вобразы паэзіі Ніла Гілевіча

БиографииНіл Гілевіч

Ніл ГілевічНіл Гілевіч - Лодачкі