І занатуе летапісец рупны,
І ў нейкай кнізе ў нейкі век наступны
Нашчадак прачытае дападны:
"Праз сорак з гакам год пасля вайны
З яе крывёй, пажарамі, разрухай,
З яе бяздомнай бежанскаю скрухай, –
У піянерскіх лагерах пад Мінскам,
Пад Гродняй, Віцебскам і Верхнядзвінскам,
На Балтыцы, і аж за Волгай дзесьці
Жылі з Палесся прыпяцкага дзеці –
І паўставаў у мове незнарок
Пявучы іх палескі гаварок.
У маляўнічых месцах адпачынак
Ім забяспечылі найлепшым чынам:
Паходы з песнямі, забавы, гульні...
Ды быў на ўсіх чагосьці знак агульны –
І ў па-дзіцячы шчырай весялосці
Як бы знутры іх стрымлівала штосьці.
Дарослыя ж, якія рэй вялі,
Да іх наўздзіў ласкавымі былі,
І за свавольствы моцна не журылі,
І аб усім бадзёра гаварылі,
І асабліва пафасна, бадай, –
Пра дом іх родны – іх палескі краі!, –
Бо цешылі сябе: маўляў, малыя
Не разумеюць трохі... Ну, а тыя
Былі малымі ядзернай эпохі –
І разумелі ўсё зусім не трохі..."
О, дзеці, дзеці! Дзе мне вочы дзець,
Каб вам у вашы вочы не глядзець?..
1987
Похожие статьи:
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Аб самым смачным...
Мікола Мятліцкі → Мікола Мятліцкі - Санеты Чарнобыля
Алесь Пісьмянкоў → Алесь Пісьмянкоў - 1986
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Боль Чарнобыля
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Чарнобыля ў беларускай паэзіі