Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Чарот - Развітанне

У нядзельку дужа рана,
Шчэ не чутна звону,
Маці сына выпраўляе
Ў армію Чырвону.
– Йдзі, сыночку, я жагнаю,
З ворагамі біцца,
А каб Бог памог іх здолець.
Буду я маліцца.
Смела йдзі, сынок, у войска,
Барані ты волю:
Кожны сам сабе павінен
Здабыць лепшу долю.
За народ змагайся бедны,
Каб і ён быў вольны…
Два сыны ужо ваююць,
Дык і ты будзь здольны.
Край ратуй, што у няволі
Цэлымі вякамі…
Йдзі, Сцяпанка, йдзі, сыночку,
Біся з палякамі.
Ты не біся з бедным братам,
Што, як ты, працуе,
А заві яго на помач…
Прыйдзе – як пачуе.
Не шкадуй ні куль, ні шаблі
Для магната пана.
Хай у бойцы ён спазнае
Мужыка Сцяпана!
Зможаш ворага, дык хутка
Вяртайся дахаты:
Дзякуй шчырае пачуеш
Ад мяне і таты.
Вёска ўся цябе пахваліць,
Што ты быў салдатам,
За зямлю што з панам біўся,
Каб быць ўсім багатым…
Сцяпан слухае ўсё моўчкі,
З злосці дрыжаць губы…
Пачуў столькі ў сабе моцы,
Што дубы вярнуў бы!
– Споўню ўсё, аб чым прасіла,
Стаў Сцяпан бажыцца, –
За народ, за яго волю
Буду смела біцца!
Пакажу панам-зладзеям,
Што ў мяне ёсць сіла,
Абы куляў, вострых шабляў
На вайне хапіла.
А цяпер бывай здарова,
Мілая матуля,
Шчэ пабачымся, як ў войску
Пашкадуе куля!..
Развітаўся… А матуля
Стаіць каля ганка…
І пайшоў з панамі біцца
Сын яе Сцяпанка.

1920

 

Похожие статьи:

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Вясенняя раніца

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Звон

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Босыя на вогнішчы

БиографииМіхась Чарот

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Песня беларуса