Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Чарот - Прыпяць

Там, дзе сонца агнёвымі крыллямі
Хоча слёзы балота выпіць,
Шэпча хвалямі ціха гуллівымі
Чараўніца —
Прыгожая Прыпяць.

Зачарованы...
Чую, штось мудрае —
Мне гамоняць ўсплёскі ракі...
Я плыву...
Неба сінь... Зелень кудрая...
Берагі з вербалоз ды ракіт.

Як прыгожа!..
Ды толькі па лесе
Стогнуць цяжка сталеткі-дубы...
Ой, радзімае наша Палессе,
Хараство тваё хто загубіў?..

Чую сказ:
Дрэвам жаляцца хвалі,
Што з няволі бягуць —
З пазамежаў...
Ой, не раз дрэвы з ветрам паслалі
Свой паклон
У гушчар Белавежы...

Ну, а хвалям
Назад не пабегчы,
Каб сказаць,
Што жывецца тут люба...
Заўтра іх у вішнёвы вечар
На ўкраіне Дняпро прыгалубіць.

Ой, Дняпро!
Хлапец сінябровы!
Буду я аб тым, што і ты, пець...
Бо кахаеш ты нашы дубровы
I яе —
Сіня-русую Прыпяць.

Ой, як моцна абнімуцца й шчыра
У краіне прыгожай, блакітнай...
Шлях, што далей —
Шырай і шырай
У стэповых прасторах раскінуты.

Ой, Дняпро!
Прыгалубі, мілы,
Сіня-русую дзеўчыну Прыпяць,
Хутчэй сонца
Агнёвымі крыллямі
Зможа слёзы балота выпіць.

Я плыву...
I плывуць летуценні...
Іх ніхто не пасмее стрымаць...
Рэчкі твар
Цалавалі цені,
Як дзіцятка цалуе маці.

А дубы
Шапацелі нясмела,
Нібы слухалі мудрае веча...
Па-над рэчкай
Туманам белым
Спаць лажыўся
Ружовы вечар.

Толькі хвалямі,
Хвіля за хвіляй,
Калыхала пяшчотна Прыпяць...
Там —
Дзе сонца агнёвымі крыллямі
Хоча слёзы балота выпіць.



1926

 

Похожие статьи:

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Звон

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Босыя на вогнішчы

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Вясенняя раніца

БиографииМіхась Чарот

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Песня беларуса