Над балотам гудзе завіруха...
Ведзьмай носіцца з краю да краю
I змятае з зямлі жыцця пацяруху...
Неба свінцовым дажджом палівае.
Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэннем...
I ўзыходзяць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Непагоды шалёнай насенне.
Мы засыпаны снежнымі іскрамі,
Ломім ногі ў галлі буралому...
Крычым сонцу: «Блізка мы, блізка мы!
К свету Вялікаму! Новаму!»
Нам не страшна мяцеліца смерці
I напевы хаўтурныя ветру...
Ўсё жыццё нам прыходзілась мераць
Агнявыя балоты і нетры.
Завіруха як свішча — мы слухаем...
Песцяць сэрца жалобныя песні...
Свет стары яна смела парухае,—
Гэта бура зімы напрадвесні.
Падарожны не згіне ў мяцеліцу.
Шлях ён знойдзе ў тумане балота...
Тут адважнаму путніку верыцца,
Што ўжо хутка міне яго слота.
Сонца гляне — асвеціць палеткі,
Згіне з сэрца бязмерная скруха...
Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Сціхне плакаць жыцця завіруха.
1922
Похожие статьи:
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Звон
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Вясенняя раніца
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Босыя на вогнішчы
Биографии → Міхась Чарот
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Песня беларуса