Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Чарняўскі - Страла Расамахі

Урывак з кнігі Міхася Чарняўскага "Страла Расамахі"

Адзінаццаць тысяч гадоў назад. На Беларускім Паазер’і

   Расамаха быў яшчэ юнак, але на паляванні з ім мала хто мог параўнацца. Ён дзідаю трапляў пад самую лапатку бягучаму аленю, збіваў каменем вавёрку з высокага дрэва. Мог доўгі час ляжаць на краі балота ў траве і цярпліва чакаць, пакуль бліжэй падплывуць качкі, каб дакладнейшым быў кідок цяжкай палкі.
   А яшчэ любіў Расамаха блукаць па навакольных лясах ды балотах. Бывае, адаб’ецца ад паляўнічых і паверне берагам невядомай рэчкі. І ўсё яму цікава – куды вада бяжыць, якія дрэвы растуць у іншых мясцінах, якія там звяры водзяцца.
   Але хадзіць па нязведаных сцежках, ды яшчэ аднаму, трэба было асцярожна, каб не напаткаць людзей з іншага племені, якія не пацерпяць чужака ў сваіх паляўнічых уладаннях.
   За гэты спрыт на паляванні і за ахвоту да вандраванняў, мусіць, і далі юнаку імя Расамаха.
   Вось і зараз з высокага ўзгорка прыкмеціў Расамаха на затуманеным даляглядзе незнаёмае возера.
   – Не хадзі, – пачалі адгаворваць старэйшыя паляўнічыя. – Там жывуць ваяўнічыя людзі. У іх дзіды маленькія, але куслівыя, як змейкі. І ляцяць яны вельмі далёка, бо кідаюць іх духі – памочнікі тых людзей.
   Але гэтыя словы толькі падахвоцілі юнака – вельмі захацелася пабачыць самому, як лётаюць тыя маленькія дзіды-змейкі. Расамаха мацней завязаў раменьчыкі на скураным абутку, паправіў за пасам нож, перахапіў у правую руку дзіду і знік у нізкім ельніку на схіле ўзгорка. Ішоў, трымаючыся лагчын з кустамі і пералескамі. На прагаліны, дзе быў адкрыты чужому воку, стараўся не выходзіць.
   Недзе на паўдарозе да возера трапілася асабліва вялікая прагаліна. Расамаха асцярожна вызірнуў з хмызняку, прыкідваючы – ці бяспечна будзе яе перайсці, а можа лепш абмінуць краем. І тут амаль перад сабою ўбачыў старога лася. Звер скуб траву паміж валунамі і раз-пораз пудка ўскідваў галаву, прыслухоўваўся і азіраў наваколле.
   Вецер быў якраз з боку лася, і жывёліна не ўчула чалавека. Расамаха з захапленнем і шкадаваннем глядзеў на лася, да якога б дакінуў дзідай. Але навошта яму зараз такая здабыча? Да таго возера дабірацца яшчэ паўдня, і невядома – калі назад. За гэты час ваўкі ды лісіцы ад лася пакінулі б адны косткі.
   І толькі хацеў Расамаха зноў пусціцца ў дарогу, як вострым зрокам прыкмеціў, што за вялікім каменем непадалёку ад лася нешта варухнулася. Там затаіўся мядзведзь. Звер таксама цікаваў за ласём і падбіраў момант, каб кінуцца на здабычу. Але на краі прагаліны быў хтосьці і чацвёрты! За кустом, зусім блізка, Расамаха ўбачыў чалавека. Той так захапіўся ласём, што не заўважаў нічога навокал сябе. У руках незнаёмага была доўгая выгнутая палка і тонкі пруток, на канцы якога пабліскваў крамянёвы наканечнік. Расамаха адчуў, як ад страху ў яго на галаве заварушыліся валасы, і скасіў вочы за спіну суседа: дзе ж той дух, які пасылае гэтыя дзіды-змейкі? Што ў руках чалавека была тая зброя, пра якую расказвалі паляўнічыя, Расамаха здагадаўся адразу. Але ніякіх духаў не ўбачыў і з палёгкай перавёў дыханне.
   І тут незнаёмец узняў выгнутую палку, нацягнуў сплеценую з сухажылляў вяровачку, якой былі звязаны канцы палкі, і пусціў пруток з наканечнікам.
   Расамаха нават не паспеў прыкмеціць, куды паляцеў гэты пруток. Толькі ўбачыў, як уздыбіўся лось, ірвануўся наўцёкі, але пярэднія ногі яго падагнуліся і жывёліна завалілася на бок, зарываючыся рагамі ў зямлю.
   Незнаёмец нешта ўскрыкнуў і пабег да лася. Калі ён быў побач, на чалавека кінуўся мядзведзь – звер лічыў лася сваёй здабычай. Расамаха аслупянеў, гледзячы, як падмяў мядзведзь паляўнічага пад сябе, разрываючы кіпцюрамі вопратку, і як той учапіўся драпежніку ў горла, ратуючыся ад іклаў. І тут быццам нейкая сіла штурханула юнака ў плечы. Праз некалькі імгненняў ён апынуўся на прагаліне і ўвагнаў у бок зверу сваю дзіду. Мядзведзь зароў, тузануўся, але ўдар быў трапны – у сэрца.
   Юнак дрыжэў ад узбуджэння, азіраючы месца сутычкі. Лось, мядзведзь і чалавек ляжалі побач. Незнаёмец не рухаўся. Разарваная скураная вопратка ў яго на грудзях паволі набрыньвала крывёю – кіпцюры дасталі і да цела. Расамаха нагнуўся над параненым, крануў за плячо. Той застагнаў і расплюшчыў вочы. Потым, з цяжкасцю прыўзняўшы галаву, паглядзеў на лася, мядзведзя, перавёў позірк на Расамаху і нешта прагаварыў на незразумелай мове, паказваючы на мядзведзя.
   Расамаха заківаў галавой і, размахваючы дзідаю, паказаў, як ён закалоў звера.
   Зараз ужо і незнаёмец заківаў галавою, заўсміхаўся і ўсё нешта лапатаў па-свойму. Мусіць, дзякаваў.
   А вопратка на грудзях у яго ўсё больш чырванела. Тады юнак выразаў з ласінага бока доўгі пасак скуры і моцна сцягнуў ім грудзі параненага. Кроў перастала сачыцца, і даволі хутка незнаёмцу палегчала. Ён нават змог, хоць і хістаючыся, узняцца на ногі. Затым паказаў у бок возера і жэстамі запрасіў ісці за сабой.
   Расамаха выразаў моцны кій і падаў параненаму, каб той мог абапірацца на яго. Нават правёў да краю прагаліны. Але далей ісці адмовіўся. Ён не ведаў, як яго прымуць чужыя людзі. А раптам не захочуць адпусціць у родныя мясціны?
   Незнаёмец са шкадаваннем развёў рукамі. Потым зняў з пляча тую выгнутую палку з нацягнутай вяровачкай, з паса – берасцяную трубачку, з якой тырчэла многа пруткоў з наканечнікамі, і працягнуў усё гэта Расамаху.
   У юнака ад радасці ледзь не выскачыла сэрца.
   – Лук, – паказаў незнаёмец на выгнутую палку. – Страла, – паказаў ён затым на пруток.
   – С-стр-рала, – з цяжкасцю паўтарыў Расамаха новае слова і моцна прыціснуў падарункі да грудзей.
   Вяртаўся Расамаха, нібы ляцеў на крылах. Але як ні спяшаўся, зноў завярнуў на тую мясціну, дзе выратаваў жыццё чалавеку. Лася не чапаў – гэта была чужая здабыча, а з мядзведзя злупіў шкуру. Потым пайшоў павольней, бо на плячах адчувалася вага набытку.
   У пачатку наступнага дня Расамаха быў дома. Юнак зняў з плячэй мядзведжую шкуру і разгарнуў каля вогнішча. Затым паклаў на яе лук і стрэлы. Ён стаяў побач, і твар яго пунсавеў ад гонару. Родзічы абступілі навокал, зазіраючы цераз плячо адзін другому: што гэта за незразумелыя рэчы прынёс Расамаха?
   Тады Расамаха ўзяў лук, паклаў на цеціву стралу і выстраліў уверх. Страла ўзвілася вышэй самых высокіх дрэў і, апісаўшы стромкую дугу, уваткнулася ў зямлю за буданамі.
   Людзі ў жаху пабеглі ад вогнішча, а некаторыя пападалі ніц з крыкам: «Дзіда – змейка духаў!» Юнак засмяяўся: «Гэта страла! Яе пускаюць не духі, а людзі вось з такога лука».
   Родзічы Расамахі хутка і самі навучыліся страляць з лука, а затым і майстраваць яго з моцнага дрэва. З лукам стала лягчэй паляваць. Зараз з вялікай адлегласці можна было забіць любую жывёліну, нават падстрэліць птушку ў палёце. Паляўнічыя пачалі больш прыносіць здабычы, і ў людзей заўсёды было мяса.
   Неўзабаве ў тых краях усе навучыліся паляваць з дапамогай лука. І доўга яшчэ там называлі гэту цудоўную зброю «стралой Расамахі».

 

Похожие статьи:

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Вясёлка над полем

Міхась ЧарняўскіМіхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Змайстравалі сані

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Ёлка