Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Стральцоў - Смаленне вепрука

   У апавяданні «Смаленне вепрука» (1973) раскрываецца адна з самых значных для пісьменніка тэм – духоўная сувязь паміж горадам і вёскай.
   Пачынаецца твор апісаннем восеньскай прыроды, калі «ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі – ападаюць інеем сырыя туманы. Чарсцвее зямля, і цёмным, ільсняна халодным зяленівам б’е ў вочы парадзелая пры дарозе трава... Такою парою ў вёсках свяжуюць вепрукоў». Далей пісьменнік-апавядальнік зазначыў, што ён хацеў напісаць апавяданне і назваць яго «Смаленне вепрука» ўжо даўно, калі жыў у «нечапанай частцы горада… у старым раёне, забудаваным няўклюднымі цаглянымі, а найбольш драўлянымі дамкамі, што ўсцяж патаналі ў садах. Цяпер мала засталося ад таго раёна – адны лапінкі, астраўкі, заціснутыя кварталамі несамавітых бязверхіх дамоў».
   У пачатку твора адразу ж паўстаюць вясковыя малюнкі, такія родныя і блізкія сэрцу апавядальніка, яны паўтараюцца на працягу ўсяго твора, становяцца тымі пачуццёвымі сімвалічнымі вобразамі, якія ствараюць настрой тугі і суму жыхара вёскі: «пах падмерзлых трэсак на дрывотні, тарахценне трактарка ля фермы, і на шумавым фоне гэтым – гулкім ёкатам галасы людзей, спалоханы гэгат гусака на тарфянішчы, настылы звон калодзежнага вядра і нечакана – пругкі выпад ветру наўскасы, а над усім, а ва ўсім павінна была быць каменная, зацятая маўклівасць зямлі, травы і схаладнелага, шурпата-шызага неба».
   Аўтар паказаў нам надзвычай напружана адчуванні вепрука, які прадчувае надыходзячую смерць, але не можа супрацьстаяць спрадвечнаму ходу падзей: «…есці яму сягоння дадуць чым пазней, каб так, угаладаўшыся, лягчэй абмінуў ён здагадку пра тое, што прызначана яму на гэты дзень. Але ж гэта, можа, і насцярожвае яго... І адчыняюцца сенцы, і бухаюць дзверы, прадракаючы міг нечакана хісткай, поўнай незразумелага сэнсу цішыні».
   Завяршаецца твор аповедам пра сына, «які безразважна і смела рынуўся ў жыццё і не ашчаджаў сябе», якога не пакідаюць успаміны пра маці, «памяць аб нейкай віне перад ёй, успамін пра марна растрачаную сілу любові, якая, можа, не сагрэла нікога», і родную хату. Трагізм твора выразна падкрэсліваецца радкамі: «ва ўсіх нас ёсць ці была некалі маці, і, на жаль, не заўсёды добрыя прыходзяць да нас тэлеграмы…»
   Такім чынам, М. Стральцоў не толькі адлюстраваў драму вяскоўца ў горадзе, які імкнуўся ўпісацца ў новае жыццё і не страціць глыбінную сувязь з народным укладам жыцця, але і паказаў стаўленне да жыцця і смерці, якія існуюць у непарыўнай сувязі.

 

Похожие статьи:

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - Сена на асфальце

БиографииМіхась Стральцоў

Міхась СтральцоўТворчасць Міхася Стральцова

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - На чацвёртым годзе вайны

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - Адзін лапаць, адзін чунь