(Урывак з апавядання «Недапетыя песні»)
Хутка імчалі над лесам ускудлачаныя хмаркі.
Дзесьці высока-высока, за самымі хмарамі, курлыкалі журавы. I кожнаму хацелася ўбачыць іх, і ўсе ўглядваліся ў глыбокую цемрадзь неба, сілячыся разгадаць, распазнаць у цьмяным мігценні зораў, у разрывах хмар сілуэты прываблівых і загадкавых птушак. Але яны былі ўжо далёка. Ледзь-ледзь далятала жураўліная песня і, праглынутая ноччу, вятрамі, непрыкметна злівалася з шолахамі лісту, з шархаценнем травы, з няўмоўчным гоманам бору. I толькі на сэрцы доўга аддавалася яна невыразным болем, горыччу нявыказанай патраты...
Узышоў над лесам месяц. Выразна выступілі зубчастыя верхавіны елак, у срэбраным ззянні ўсталі задумлівыя хвоі, глыбокія цені ахуталі лясную паляну. Людзі прыніклі да зямлі, не варушыліся, прагна прыслухоўваліся да гукаў восеньскай ночы: дзесьці хрупаснуў сучок, мякка ўпала паблізу хваёвая шышка, за лесам гучна заржала жарабя, – і зноў усё ціха і глуха. Толькі верхавіны соснаў гудзелі ледзь чутна, ды шалясцелі няўмоўчныя трапяткія асіны, перашэптваючыся аб нечым сваім з пакрыўджанымі непагаддзю бярозамі. Пахла перакіслымі брусніцамі, прэлай саломай, прыхвачаным першым замаразкам грыбам. Ды яшчэ даляталі ледзь улоўныя пахі каменнавугальнага гару і сатлелай шпалы, якая доўга праляжала ў зямлі.
Похожие статьи:
Міхась Лынькоў → Маньчжур. Аналіз апавядання
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Міколка-паравоз
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Васількі
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Салют
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Над Бугам