Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Міхась Лынькоў - Насустрач жыццю
Увага!!! Поўны змест
– Як ведаеш, сястра, справа ж твая... Не мне з ім жыць, а табе... Каб не давялося табе часам гора залішне хапіць... З п’яніцам жывучы... А між іншым, як хочаш, у такіх справах я не парадчык.
Гэтыя словы, сказаныя братам гады з паўтара таму назад, чамусьці ўсплылі цяпер у памяці Аніссі, трывожылі. У той час яна звычайна адмоўчвалася на такія парады, адказвала жартамі. Сэрцу ж не загадаеш. Так і выйшла замуж за Сяргея Круцяля, які быў кааператыўшчыкам у суседнім сяле. Вясёлы гаварун, жартаўнік, ён быў першым майстрам на скокі і ўмеў спець, пабрынчаць на гітары. У вясёлую хвіліну любіў пагаварыць аб культуры:
– Што і казаць... Так! Я вось толькі сямігодку скончыў, а ў культуры разбіраюся не горш за тых, каторыя, можа быць, тэхнікумы папраходзілі ці, скажам, там розныя інстытуты... Гэта... так! Усё ад культуры, брат! Вось, напрыклад, гармонь... Для каго, можа быць, гэта і культура, а для мяне адно невуцтва наша, цемната, даруй ты, Божа... Хіба можна на гармоні благародную музыку, ды яшчэ каторая благародныя словы мае, сыграць? Я культурны струмант паважаю... Гэта... так!
І калі на ціхіх вуліцах сяла чулася гучнае брынчэнне гітары і глухаватыя рулады пра «младую грачанку», пасмейваліся ў вусы старыя калгаснікі:
– Ізноў загуляла «культура» на ўвесь тыдзень... Да крамы цяпер не даступішся...
Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Пагаварвалі людзі, што, калі не хапала якіх-небудзь тавараў у краме, іх можна было па вялікай цане дастаць у старога Круцяля, бацькі Сяргея, у процілегласць свайму сыну чалавека панурага і замкнёнага, які дажываў свой век аднаасобнікам.
Сяргея Круцяля, ці – як называлі яго яшчэ – Культуру і Такала (з-за залішняй схільнасці да слова «так»), усё збіраліся замяніць кім-небудзь іншым у краме. Але столькі было розных спраў, ды і сам Сяргей заўсёды неяк спрытна зводзіў канцы з канцамі, што яго пакінулі ў спакоі, і ён прагандляваў да самай вайны. З вайной пайшло ўсё іначай. Брат Аніссі, старшыня калгаса, пайшоў у партызаны. Пайшлі ў лясы многія мужчыны. Стары Круцель раптам зрабіўся начальнікам – немцы прызначылі яго старастам на сяле. Ён неяк адразу стаў паважным, суровым і, калі аддаваў якія-небудзь загады, заўсёды дадаваў:
– Мы, стала быць, праверым...
Яго пабойваліся, не ўступалі ў асаблівыя супярэчкі. Пабойвалася яго і Анісся. Нават Сяргей, які раней часам пасмейваўся з свайго аднаасобнага таткі, цяпер лісліва загаварыў з ім:
– Вот, татачка, вы цяпер, можна сказаць, улада, а мне што ж, на поўную адстаўку падавацца загадаеце?
Бацька панура выслухоўваў яго, безуважліва кідаў:
– Драбязлівы ты чалавек, і душа твая драбязлівая... Раней шчасця свайго не ўмеў трымаць, вунь якое багацце было ў руках... Цяпер вось разумныя людзі высока пайшлі ўгару. Івана суседскага сын з табой жа разам канчаў сямігодку, а цяпер у начальніках паліцыі ходзіць, на ўсю акругу вядомая асоба... А ты... што ты? Гнілы корак ад пустой бутэлькі... У паліцыю хаця б ішоў...
Сяргей уздыхаў і з апаскай пазіраў на Аніссю. Стары Круцель разумеў сына, гаварыў пагардліва, з дакорам:
– Яна табе не ўказ. Няхай падзякуе яшчэ, што замужам за табой, іначай паказалі б ёй немцы, дзе ракі зімуюць...
А жыццё ішло сваім парадкам... Сяргей пробаваў брацца за розныя справы, і ўсё няўдала. Пачаў быў гандляваць самагонам, але п’яныя яфрэйтары да паўсмерці збілі яго за смярдзючае пойла, і ён доўга скардзіўся свайму новаму заўзятаму прыяцелю, дваюраднаму брату Юрку, які ліха ведае скуль з’явіўся і служыў у валасной паліцыі:
– Культуру трэба разумець, братка... Канечне, да іх на самагоне не пад’едзеш, калі існуюць там каньякі і ўсякія іншыя благародныя напіткі... Вось за культуру, братачка, і пакутую...
Юрка пасяліўся ў іх на кватэры, і вольныя зімнія вечары прыяцелі праводзілі за пляшкай самагонкі. Набраўшыся перагару, Сяргей пачынаў выпінацца перад Аніссяй:
– Вось захачу і пайду ў паліцыю! Што ты мне? Начальнік, стараста? Ты ж толькі свінарка, ды і то былая... Падумаеш, медаль мела... Што мне цяпер твой медаль? Вазьму вось і пайду!
– Ідзі хоць да чорта ў балота!.. – адмахвалася ад яго Анісся, як ад назойлівай мухі.
– А вось і пайду... Хата мая... І гітара мая... Эх, ды «маладую грачанку я страсна любіў»...
– Дай я цябе, Культура, пацалую...
П’яныя цалаваліся. Брынчала надрыўна гітара. Прыяцелі шапталіся, дзяліліся нейкімі сваімі сакрэтамі. Выхваляўся Юрка, расказваючы розныя несусвеціцы.
– Ды ты слухай, Культура! – церабіў ён за рукаў дрымотнага прыяцеля.
– Праз культуру, братка, пакутую... – сонна мармытаў Сяргей і хроп, нахіліўшыся над сталом, залітым самагонам. Клубы тытунёвага дыму віліся над ім. У ім ледзь мігцела чадзіўшая капцілка, не ў сілах змагацца з абступіўшымі яе трапяткімі ценямі, праглынуўшымі куткі і сцены хаты. Дзесьці настойліва, нястомна скраблася мыш. Храплі за сталом людзі, і былі яны такімі далёкімі для Аніссі, што яна глядзела на іх і не бачыла іх. Толькі адна неадступная думка не давала супакою.
– Пайсці... Пайсці куды вочы глядзяць... Толькі не бачыць іх, толькі не чуць, не быць разам з імі...
Як хораша было нядаўна. Някепска жылося ў вёсцы. У кожнага было сваё месца, свая работа. І ў яе была работа. І хоць невялічкая гэта работа – быць свінаркай у калгасе, але і з гэтага невялічкага месца свайго ў жыцці яна далёка бачыла ва ўсе канцы свету. Яна бачыла, бачылі і яе. Неяк ішло жыццё шырока і нібы па-святочнаму: кожны дзень што-небудзь новае, радаснае. А наперадзе цэлае жыццё... Муж? Ну што ж... Відаць, выйшла памылка... Любіла яго? Любіла... За песні, за вясёлы характар... Ды і не разбярэшся часам, за што палюбіш чалавека... Вось хіба толькі гарэлка... Але і п’яны ён пабойваўся, паважаў яе... Не апошні ж ён быў чалавек у вёсцы... Спадзявалася, а мо паправіцца... Усё магло стацца, не такіх папраўлялі. І такіх, як Юрка, не лічылі прапашчымі людзьмі, і гэтых, траплялася, выводзілі на дарогу. А Юрка паскуднік быў адпеты, цёмная душа. Не раз спрабаваў турму, а перад вайной саслалі яго надоўга, за забойства. Нябось, збег як-небудзь, ходзіць цяпер героем... Таварышам вось цяпер у Сяргея... Сысці куды, сысці на край свету... Але калі наважылася яна сказаць аб гэтым брату, які наведаў яе неяк ноччу, той адраіў:
– Ісці табе нікуды не трэба... Будзь тут, прыглядайся, прыслухоўвайся... Ніхто не кране цябе тут... А сваё вока патрэбна ўсюды, разумееш...
Яна паплакала паціху, засталася. Ды нялёгка гэта... Усе людзі ў вёсцы староняцца яе. Сустрэнеш часам суседку ля калодзежа, а тая стараецца хутчэй пайсці, ды нібы і не заўважае цябе. Адварочваюцца твары ў сустрэчных. Як жа, старастава нявестка. Хіба ж ім аб усім раскажаш?
Ледзь мігае капцілка. Не відаць ні стала, ні людзей за ім. За цёмнымі праваламі акон ціха і глуха, як у магіле. Анісся патушыла капцілку. Цёмныя правалы акон адразу пасвятлелі, і ў іх запаліліся яркія зоры. Блакітнавокія, бледна-зялёныя, яны ўрачыста паблісквалі ў вышыні, і тысячы рознакаляровых іскарак пераліваліся на заснежаным пустынным полі, над скутай марозам зямлёй.
Мароз браўся мацней, гулка біў у сцены. І гэта было адзінае, што парушала глухую цішыню студзеньскай ночы.
* * *
Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Галасілі бабы, але ў іх галашэнні не было, здавалася, сілы, не было жывой цеплыні чалавечага голасу. Яны не абуджвалі ні спачуцця, ні жалю, ні ўдзелу ў вялікім чалавечым горы. Толькі адна з іх – маладзейшая, з трыма дзецьмі, якія прагна ўчапіліся за крысо кажушка і спалохана азіраліся навакол, – працягвала ў знямозе рукі да магілы, парывалася да яе і ўсё гаварыла, гаварыла:
– На каго ж ты пакінуў нас? А каму ж гараваць наша гора? А ці я ж пасылала цябе на дурную дарогу? Ці не табе ж гаварыла я, ці не табе ж загадвала? Навошта ж дзетак сваіх пускаеш сіратамі?
Падышоў стараста, грубавата ўзяў за руку.
– Ты, дурань-баба, кінула б малоць несусвеціцу... Сам пан афіцэр стаіць з табой поплеч, а язык твой, даруй божа, горш за памяло тое... Што гаворыш, дурань-баба?
Жанчына глядзела на яго неразумеючымі вачыма. Потым выпрасталася, сударгава схапіла дзяцей, сурова штурхнула іх у бок старасты:
– На вось, вазьмі іх, кармі, душагуб... Праз цябе гінем, ты яго звёў, ты яго супроць людзей павёў, мёртвая твая душа... Цябе б, праклятага, палажыць цяпер у яму...
Яна наступала на яго, грозная, ярасная. Стараста пнуўся назад, абараняючы рукамі сваю бараду. І калі жанчына, загаласіўшы зноў, пакінула яго, ён падышоў да нямецкага афіцэра, які прысутнічаў на пахаванні забітых паліцэйскіх, і пачаў нешта тлумачыць яму, разгублены, вінаваты. Афіцэр яўна нудзіўся і нецярпліва чакаў канца пахавання. Грымнула некалькі гучных залпаў. Гэта нямецкі атрад салютаваў сваім салдатам, якіх хавалі тут жа, непадалёчку, на шырокай плошчы ля царквы. Тым часам закапалі і паліцэйскіх. Людзі панура разыходзіліся па хатах. Гаварылі, што нямецкіх салдат забіта ля сотні чалавек ды паліцэйскіх з дзясятак. Шэптам перадавалі і другія навіны. Нібы ў калгасным свірне сядзіць некалькі палонных партызан. Адкуль яны – яшчэ добра невядома, але пагаварвалі, што ёсць некалькі і сваіх, з вёскі. Перадавалі, што нямецкі атрад пацярпеў няўдачу, камандзір цяпер месца не знаходзіць ад злосці, і невядома, чым усё гэта скончыцца.
– Чым? – паўзапытаннем, паўадказам адзываліся некаторыя і выразна паглядалі на высокія слупы супроць дома былога сельсавета. Фашысты, спяшаючыся, ставілі шыбеніцы.
Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя.
Вычакальна прытаілася вёска.
* * *
Ужо змерклася, калі гучныя крыкі на вуліцы прымусілі ачнуцца Аніссю. Накінуўшы хустку на голаў, яна выбегла з хаты. У канцы вёскі чуўся плач, жаночыя крыкі, ды высока над старымі ліпамі ўзвіхрыліся клубы чорнага дыму.
«Пажар!» – мільганула страшная думка, і Анісся кінулася бегчы па вуліцы, туды, адкуль даносіліся крыкі, дзе ў злавесных дымных віхрах прабіваліся першыя языкі яшчэ бледнага, жаўтаватага полымя. Насустрач беглі жанчыны, цягнулі за рукі дзяцей.
– Ратуйцеся, людзі, гітлераўцы паляць вёску!
Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Усё ніяк не магло супакоіцца сэрца, білася часта-часта, глухім болем аддаючыся ў грудзях. Анісся бачыла ўжо, як мітусіліся нямецкія салдаты, пераходзячы ад хаты к хаце. Падпальвалі. Салдаты набліжаліся.
– Не дам! – глуха крыкнула яна і замаруджана, не чуючы ног пад сабой, пайшла назад да свае хаты. За сталом сядзеў Сяргей са сваім прыяцелем. Яны гулялі ў карты і не павярнулі галоў нават, калі, бразнуўшы дзвярыма, яна села на лаве супроць акна.
– Немцы вёску паляць, чаго ж вы седзіцё? – сказала яна і сама здзівілася свайму голасу – да таго чужым і далёкім паказаўся ён ёй.
Сяргей павярнуўся ля стала, зірнуў на яе, і ў яго пустых бясколерных вачах прамільгнула нешта падобнае на спалох. Углядаючыся ў карты, працадзіў скрозь зубы яго прыяцель:
– Паляць, ну і няхай паляць! Нас гэта не тычыцца... – і нікчэмная патуга на ўсмешку прайшлася па яго рудой, няголенай шчацэ.
Анісся прыслухоўвалася да нарастаўшых на вуліцы галасоў, да болю ў вачах углядвалася ў прамёрзлае шкло акна, і калі заўважыла на дварэ постаць нямецкага салдата, яна крыкнула не сваім голасам:
– Не дам! Не дам паліць! – і, схапіўшы ляжаўшую на лаве сякеру, кінулася ў сені. Яе дагналі, адабралі сякеру, упіхнулі ў хату.
– Сядзі, шалёная... Праз цябе яшчэ на шыбеніцу патрапіш... Нікому твая хата непатрэбна, гэта тваіх партызан нагароджваюць...
У хату зайшоў нямецкі салдат. Ён аб чымсьці мірна гутарыў з прыяцелямі, потым дастаў з прасторнай кішэні пляшку гарэлкі, і яны хапатліва распілі яе, заспяшаліся з хаты, зніклі на вуліцы.
Анісся сядзела спустошаная, пастарэўшая. Шырока раскрытая вочы яе нерухома глядзелі ў замёрзлыя шыбы акон. Ледзяныя ўзоры, здавалася, былі наліты крывёю – яны то святлелі, пераліваючыся расплаўленым золатам, то наліваліся густым барвенцам. За вокнамі палыхала зарыва. Яно часам знікала, прападала, тады ледзяныя ўзоры рабіліся цёмнымі, нежывымі.
Праз гадзіну, можа, праз другую, прыйшлі Сяргей і Юрка. Глуха стукнулі ў кутку пастаўленыя вінтоўкі. Запалілася капцілка, і замёрзлыя шкліны акон сталі будзёнашнімі, мірнымі. Людзі распрануліся, гаманліва паселі за стол, вячэралі, пілі самагонку. Прыкра моршчыліся пасля кожнай чаркі, ажыўлена аб нечым гаварылі.
У кутку паблісквалі прыклады дзвюх вінтовак.
«Значыць, і ён пайшоў...» – падумала яна пра Сяргея і, стараючыся гаварыць спакойна, безуважліва спытала абодвух:
– Дзе былі?
Юрка хутка зірнуў на яе, прыжмурыў вока.
– А табе які клопат?
Анісся ўстала, падышла да Сяргея, стала тармасіць яго за плячо.
– Вінтоўку адкуль прынёс? На службу пайшоў?
Уцягнуўшы голаў у плечы, маўчаў Сяргей. Юрка, рэзка адхіліўшы Аніссіну руку, пагардліва кінуў Сяргею:
– Эх ты, Культура! Не можаш з жонкай абысціся як след... Правучыў бы раз, пакінула б совацца не ў свае справы...
– І правучу! Вось як дам! – грузна ўзняўся на лаве Сяргей, але, накалоўшыся на позірк Аніссі, адразу ж сеў, прыціх, тупа ўнурыўшыся вокам у мутнае шкло бутэлькі. Юрка скручваў цыгарку, насмешліва папракаў прыяцеля:
– І сапраўды, душа ў цябе драбязлівая: то людзей смерцю палохаеш, то бабу ўціхамірыць не можаш...
І, як бы ляпнуўшы што залішняе, сплюнуў, ссыпаў у капшук тытунь з раскручанай цыгаркі, наліў у шклянку самагоннай гары.
– Ну ты, кісель, вып’ем за новую службіцу тваю, за новае шчасце! Шчасце – яно, брат, цёмнае, паўзучае... Слізкае яно – шчасце, трымай яго, не пускай...
П’яныя словы цадзіліся праз тытунёвы дым, праз чад капцілкі. Людзі захмялелі даўно, задрамалі. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Анісся сядзела ля акна ў цяжкім задуменні. Адно слова не сыходзіла з думак, праследавала яе, і яна шаптала яго гарачымі сухімі вуснамі. Шаптала і мімаволі глядзела на іх, што п’яна храплі ў куце за сталом.
– Юды...
Цьмяна мігала капцілка, і Анісся, прыўстаўшы, пасунулася да стала.
– Патушыць бы, навошта газу дарма паліць...
На рагу стала ляжаў нечы капшук, ружовы, з нейкімі вышытымі кветкамі. Калі зірнула на яго, то ўся кроў, здаецца, адразу хлынула ў твар, пацямнела ўваччу, і яна ледзь-ледзь утрымалася на нагах. Потым узяла капшук, дрыготкімі пальцамі расправіла выцерты шоўк. Яшчэ не выцвілі, не вылінялі вышытыя белыя рамонкі, зялёныя лісты, чырвоныя купаўкі. Здавалася, патыхнула здалёк мядовым пахам лугоў, мяккімі вечарамі, калі ў цвецені ліпы, калі нябачна дыхаюць пад цёплымі росамі жытнія палі, калі ідзеш па мяжы і соладка, да болю, замірае сэрца. Ідзеш і прыслухоўваешся да кожнага шолаху, да кожнага гуку: а калі ж прыйдзе ён?.. Загледзішся ў вочы яго, і тысячы зораў калышуцца ў іх: усё неба ў вачах, увесь свет у вачах, усё жыццё ў іх бяздоннай і прываблівай сіняве.
– Божа, Божа, калі ж гэта было? Калі былі краскі такія радасныя, пахучыя?
Гады за тры таму назад яна вышыла сваімі рукамі гэты капшук, сарамяжліва надарыла ім Васіля. Як любіла яна яго!.. Потым разышліся неяк іхнія дарогі... Ён выязджаў на курсы, стаў трактарыстам. У яго ўжо двое дзяцей, такіх жа сінявокіх і рухавых, як сам. Яны сустракаліся добрымі прыяцелямі. Можа быць, яна сама была вінавата, што выйшла замуж за другога, каторы так настойліва і неадступна, як цень, хадзіў па яе слядах, ішоў насустрач любому яе капрызу, любіў яе. Пасварыўшыся з-за дробязей з братам, яна назло яму і пайшла за Сяргея.
– Што хачу, тое і раблю... Дзе ж цяпер Васіль?
Казалі, што ён з братам у адным атрадзе. Траплялася, іх бачылі разам. Яна даведалася аб гэтым выпадкова. Людзі стараніліся яе: старастава нявестка!
Пры чым жа капшук тут? Як апынуўся ён у іх, у праклятых, што спяць за сталом? Анісся зірнула на вінтоўкі ў кутку. Прыгадалася сёе-тое з п’яных слоў Юркі, іх гутарка з немцам, адлучка вечарам з хаты. Здагадкі, адна страшнейшая за другую, неадчэпна праследавалі яе. У хаце было душна, і яна выйшла на вуліцу перадыхнуць свежым паветрам, развеяць душыўшыя яе думкі, здагадкі. На вуліцы было пуста. Багата якія хаты дагаралі. Уцалелыя стаялі недарэчныя і незразумелыя ў сваёй адзіноце. Чаму ўцалелі? Шчасце? Не дай Божа нікому такога шчасця... Дом сельсавета датляваў папялішчам. На светлай ад зарыва плошчы стаялі слупы з перакладзінамі. Пад імі віселі людзі. Ціха ападалі, кружыліся рэдкія сняжынкі.
Анісся зірнула на плошчу, і сэрца зайшлося халодным, калючым болем. Адразу ўсё стала ясным і зразумелым. Яна, не спяшаючыся, зайшла ў хату, надзела кажух, акуратна завязала цёплую хустку. Яе не пакідала адна думка – аб красках, якім ніколі не цвісці болей, калі будуць жыць гэтыя ненавісныя...
– Юды! – прашаптала яшчэ раз, намацала сякеру пад лавай, прылажылася да яе гарачай шчакой – ад жалеза ішоў прыемны, супакойваючы халадок. Патушыла капцілку – у хаце было і так відна ад затухаўшага зарыва. І калі было скончана ўсё, заспяшалася. У сэрцы не было ні жаласці, ні болю. Так забіла яна адным летам гадзіну, перапаўзаўшую дарогу. Як і цяпер, памятаецца, была толькі гідлівасць, жаданне адысці хутчэй ад таго месца. Хутка схапіла запалкі са стала, вынесла з кутка вінтоўкі на двор. Вярнулася ў сені, дрыготкімі пальцамі запаліла запалку, паднесла яе да груды кулявой саломы. Палахлівае полымя пабегла, пераскакваючы, злізваючы паасобныя саломінкі. Язычкі полымя пакідалі за сабой кучаравыя дымныя сляды. Секунда, другая, і дружнае полымя ўзвіхрылася пад самы дах, асвятліўшы леташняе павуцінне, завісшыя ў ім запыленыя каласы.
Узяўшы на рукі, як носяць дровы, абедзве вінтоўкі, Анісся выйшла на двор і праз сад, агародамі пайшла на бліжняе поле. Доўга ішла наўпрост, услухоўваючыся ў ціхі шорах пазёмкі, у рып уласных крокаў, парушаўшых урачыстую цішыню ночы. Вось і лес. Снегавыя шапкі елак і хвой ледзь прыкметна пераліваліся недарэчным ружовым святлом.
«Ад зарыва»... – падумала Анісся і азірнулася.
Багровае полымя высока шугала ў неба там, дзе стаяла яе хата. Зрэдку ўзнімаліся снапы залацістых іскраў, весела рассыпаліся, паволі ападаючы на прыціхлую, маўклівую зямлю. Анісся лёгка ўздыхнула і адчула, як зваліўся з плеч нязвычны цяжар, як сэрца стала біцца радасна, усхвалявана, як усёй істотай авалодала трапяткое адчуванне жыцця, ніколі не ўміраючага, бязмежнага, заклікаючага.
І яна пайшла насустрач гэтаму жыццю.
1943
Похожие статьи:
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Васількі
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Салют
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Над Бугам