Ці пішу штось, ці ў хоры спяваю, –
Спражыць сэрца маё настальгія:
Бачу вобразы роднага краю,
Незабыўныя, дарагія...
Вунь, пад Лысай Гарою матуля
Раз-параз нахіляецца ў жыце...
Там і сёстраў бялеюць кашулі,
А над імі жаўрук у блакіце...
Случ сінявыя хвалі калыша,
Із вады выстаўляе лілеі.
Ў садзе россып вішнёвая вішань,
I антонаўкі ў лісцях бялеюць...
Падканвойны на рэчцы Усуры
Нахіляўся бурштыну напіцца:
У буйных хвалях, як волава, хмурых
Чуў усплёскі случанскіх крыніцаў.
Ў Альпах краскі ірваў “эдэльвейсы”,
Мне здавалася – йрву васілёчкі.
У Парыжы пад Шопэна вальсы
Я кружыўся, ўзіраўся у вочкі
Мадмазэляў, а бачыў Алеську,
Як палескую пралеску...
Настальгія, як здрада ў каханні,
Дапякае й на дзён, сумных, схіле.
Не дае супакою жаданне:
На матулі укленчыць магіле.. .
1990
Похожие статьи:
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Просьба
Биографии → Міхась Кавыль
Міхась Кавыль → Жыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Сібір
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Санет