Калі я думаю аб ім,
думаю аб сэрцы,
Найбольшым сэрцы на зямлі,
непадуладным смерці.
Яго не здужала пятля
ката-Мураўёва,
Яно рытмуе у грудзях
песняю баёвай;
Пяе у грудзях у маіх,
у тваіх грукоча
Няўтольнай спрагаю жыцця
светлага, як вочы...
Як вочы любае дачкі,
сына дарагога,
Каму не сніцца эшафот,
дальняя дарога...
Жыцця між сініх васількоў –
не з мярэжнай казкі –
Жыцця без кратаў, ланцугоў,
без чужацкай ласкі.
Вялікім, зыркім тым вагнём
непагасна, смела
Каліноўскага праз век
сэрца палымнела:
“Мужыцкай праўдай’’ у душы
дзірваны арала,
Праз пушчы помстаю ішло
са склютам, самапалам...
Шляхоцкі сын, Кастусь не знаў
злыбяды, патолі,
А сэрца плакала яго
бліжняга нядоляй.
Малілі Бога за яго
бедныя матулі.
Хрыстапрадаўцы прадалі...
У Маскве ўздыхнулі.
Уздыхнулі рана – жыў Кастусь...
У Вільні, на памосце,
Не Каліноўскага – прыблуд
хруснулі пся-косці.
Касою голаў сцяла смерць...
А пятля на шыі
Вязала цесны вузел тым,
што яго душылі...
I хай не сквапіцца Масква
нас зрадніць з Тунгусам –
Бунтуе сэрца Кастуся
ў грудзях Беларуса...
13. II. 1963
Похожие статьи:
Іншае → Кастусь Каліноўскі - Мужыцкая праўда
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Хай Літва і Беларусь яму прысняцца
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Развітанне Каліноўскага
Пераказы, дыктанты → Нявеста Каліноўскага
Биографии → Кастусь Каліноўскі