Бенгалія,
Бенгалія...
Не даходзіць, хоць зарэж,
Для чаго табе, Бенгалія,
Прычапілі хвосьцік “дэш”?
Бенгалія,
Бенгалія...
Ты глядзішся ў акіян.
А гуляюць па Бенгаліі
Голад, мор і Гора-Хан...
Бенгалія,
Бенгалія...
Беларус юнак-паэт *
Твае слёзы нёс, Бенгалія,
Із катоўні на той свет.
Бенгалія,
Бенгалія...
Талент збыў чырвоны “рай”,
Бо у вобразе Бенгаліі
Ён аплакваў родны край.
Бенгалія,
Бенгалія. . .
Беларусь – твая сястра,
I сястру тваю, Бенгалія,
Бог нядоляй пакараў.
Бенгалія,
Бенгалія...
Ты парвала ланцугі,
А сястры тваёй, Бенгалія,
Сэрца сцяў ланцуг тугі.
Бенгалія,
Бенгалія...
Не спяшы ў чырвоны “рай”,
Дзе пакутуе, Бенгалія,
Беларусь, твая сястра.
Бенгалія,
Бенгалія...
Не румянь пажоўклы твар:
Няма розніцы, Бенгалія,
Душыць хан, ці камісар.
Бенгалія,
Бенгалія.. .
Гуж “расейскі” не парвеш.
Калі згінеш як Бенгалія,
Не ўратуе хвосцік “дэш”.
25. III. 1972
* Сяргей Астрэйка
Похожие статьи:
Биографии → Міхась Кавыль
Міхась Кавыль → Жыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Сібір
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Санет
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Просьба