Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Зарэмба - Аднойчы раніцай

   Яшка дапіваў малако, калі з вуліцы пачуўся свіст. Перакінуўшы цераз плячо рэмень сумкі, Яшка бразнуў клямкай і выскачыў з хаты. На хаду завязаў шнуркі шапкі-вушанкі пад падбародкам, надзеў рукавіцы, якія звязала маці з цёплай авечай воўны.
   Навокал густая чарнільная цемра. Стаіць марозны зімовы ранак, калі яшчэ гаспадарыць ноч, а світанне крочыць дзесьці далёка на ўсходзе. Але ж не будзеш яго чакаць, трэба спяшацца ў школу.
   Іх сямёра. Звычайна восенню ці вясной з іхняй вёскі ходзіць куды больш дзяцей. А цяпер, калі ночы сталі такія цёмныя і доўгія і што ні дзень завіруха, дзяўчынкі жывуць у інтэрнаце. Толькі яны, хлопцы, дамовіліся хадзіць у школу ўсю зіму. Яны – не дзяўчынкі, ім няма чаго баяцца злосных сцюжаў і завейных дарог...
   Коля Мяцельскі ў іх за важака. Цяпер ён, як і заўсёды, ідзе ўперадзе і асвятляе дарогу факелам. Факел – выдумка Колі. Гэта звычайная літровая кансервавая бляшанка, донца і бакі якой прабіты цвіком на мноства дзірак. Бляшанка прычэплена да доўгага кавалка дроту. За гаручае ў хлопцаў – гума ад старой аўтамабільнай шыны. Гарыць гума ярка, дымна і сквірчыць, нібы сала на патэльні. Ды гэткай бяды! Галоўнае, што пад нагамі відно, хоць іголкі збірай.
   А шлях у хлопцаў няблізкі, аж пяць кіламетраў. І трэба ісці і ісці. На лыжах у такую цемру не разгонішся. Таму і шыбуюць яны пехатой. Ад шпаркага кроку хутка становіцца цёпла. Неяк адразу мякчэе калючы сіберны вецер. Яшка нават развязвае шнуркі шапкі-вушанкі.
   Паспрабуй за гэтым даўганогім сямікласнікам Колем угнацца. Яшка меншы, толькі ў пяты ходзіць, таму ён паспеў ужо запарыцца. Але ён не падае выгляду, Яшка Казлоўскі не з тых, хто пры першай цяжкасці скардзіцца.
   Яшка замыкае групу. Яго рука раз-пораз лезе ў кішэнь паліто і абмацвае прадаўгаваты круглы футарал ліхтарыка. Учора бацька прывёз з горада. Ну і было Яшку радасці! Ён цэлы вечар не выпускаў ліхтарык з рук. Нават з ім у пасцель лёг. Залез Яшка з галавой пад коўдру і давай пстрыкаць выключальнікам. Цікава-а! Мабыць, ён цэлую ноч не спаў бы, калі б маці ліхтарык не адабрала.
   Яшку так і карціць выцягнуць з кішэні ліхтарык і стрэліць у цемру доўгім вострым промнем. Ён мог бы цяпер абысціся і без факела, і не трэба было б удыхаць едкі смурод ад гарэлай гумы. Бо вецер якраз у твар дзьме. Але ж варта хлопцам убачыць ліхтарык – і тады ад іх адбою не будзе. Кожны захоча яго патрымаць. І не толькі патрымаць, але і пасвяціць. Адзін пстрыкне выключальнікам, другі, трэці... Так і перапаліць могуць лямпачку. А ў Яшкі няма запасной...
   З дарогі хлопцы звярнулі на сцежку. Яе пратапталі яны напрасткі, праз балота і поле. Так да школы бліжэй на кіламетра паўтара, а можа, і больш.
   Нарэшце Яшка не вытрымлівае і вымае ліхтарык з кішэні. Ён захінаецца ад ветру спіной і націскае на кнопку. Яркі прамень слізгае па снегавой раўніне. Цемра спалохана адлятае і толькі воддаль спыняецца, яшчэ больш учарнеўшы. Яшка накіроўвае прамень у неба і, задаволены, назірае за высокім, нібы ад пражэктара, слупам, такі яму даводзілася бачыць у кінафільмах аб вайне.
   – Што гэта ў цябе? – раптам ён чуе за спіной танклявы голас пранырлівага Косціка Раткевіча. Яшка ўздрыгвае, быццам хто за каўнер калючага снегу сыпнуў.
   – Нічога, – гаворыць Яшка і намерваецца схаваць ліхтарык.
   – Як нічога?! – здзіўляецца Косцік. – Ды я сам толькі што бачыў, пакажы, – і тут жа гукае: – Э-эй, хутчэй сюды!
   – Што за трывога?
   – Ды вось, хаваецца, – паведамляе Косцік.
   – Як хаваецца? – перапытвае Коля.
   Адступаць няма ўжо куды, і Яшка нехаця гаворыць:
   – Нічога я не хаваюся, бацька ў горадзе купіў.
   – І ты дагэтуль маўчаў?! – ускліквае Коля і перадае факел Косціку, які з імпэтам падхоплівае яго.
   Косцік заўсёды рады выслужыцца перад важаком.
   – Дай пагляджу, – загадвае Коля.
   Яшка аддае ліхтарык. Усе згрудзіліся вакол і ад захаплення толькі цмокаюць губамі. Коля, нібы гэта яго ліхтарык, безупынку шчоўкае выключальнікам, накіроўваючы прамень у розныя бакі.
   – Вось дык ліхтарык! Сіла!
   – А б’е як далёка, метраў на сто!
   Ліхтарык пераходзіць з рук у рукі, кожны стараецца пасвяціць ім як мага больш.
   Яшку пачынаюць даймаць дрыжыкі. Так з ім заўсёды, калі яму чагосьці шкада. А тут жа не абы-што, а ліхтарык! Яшка ледзь стрымліваецца, каб не выхапіць яго з рук хлопцаў.
   Потым чарга падыходзіць да Косціка.
   – Яшка, можна я пранясу крыху? – пытаецца Косцік. – Я не буду запальваць, проста так патрымаю.
   Яшка ўспыхвае, як порах:
   – Патрымаю! Згубіць можаш. Гэта табе не нейкая там цацка. Хай твой бацька купіць, тады і трымай колькі хочаш.
   Косцік апошні раз націскае на кнопку.
   – Давай! – злосна крычыць Яшка і хапае Косціка за рукаў паліто.
   Той ад штуршка губляе раўнавагу і потарч носам падае ў сумёт. Ліхтарык адлятае ўбок і глыбока зарываецца ў снег. Яшка зверам кідаецца на Косціка:
   – Ах ты, бязрукая варона! Ды я цябе...
   Бойка павінна была вось-вось разгарэцца, але Коля заступіў Яшку дарогу.
   – Ну-ну, спакойна, распетушыўся тут...
   – А чаго ён кідае ліхтарык у снег?
   – Гэта ж ты мяне таўхануў, – пакрыўджана гаворыць Косцік, абтрасаючы ад снегу паліто. Ён ледзь не плача, яго кожны можа пакрыўдзіць. Косцік самы малы сярод хлопцаў, хоць у шосты клас ходзіць.
   – Ты яшчэ ў мяне атрымаеш, – пагрозліва абяцае Яшка, хаваючы ліхтарык у кішэнь.
   – Жмінда, ліхтарыка шкада! – не стрымліваецца Косцік.
   Яшка зноў наступае на яго, па-баксёрску наставіўшы кулакі. Ды Коля прадухіляе расправу. Ён засланяе сабой Косціка і гаворыць Яшку:
   – Паспрабуй хоць пальцам Косціка зачапіць... Пайшлі, хлопцы, а то спознімся.
   Усе, акрамя Яшкі, ідуць за Колем.
   – Ай-яй-яй, напалохалі, абыдуся і без вас! – выкрыквае Яшка наўздагон хлопцам.
   Счакаўшы, пакуль яны адышліся на добрую сотню крокаў, ён уключыў ліхтарык. Яркі прамень адганяе цемру, асвятляючы вузкую сцежку, якая глыбока ўрэзалася ў снег. За ноч яе прысыпала завея, але шэсць пар ног толькі што добра прытапталі пульхную снегавую муку. І Яшку лёгка ісці; ён упэўнена адмервае крокі, любуючыся сваім ліхтарыкам. Ён нават забываецца на спрэчку з Косцікам. Цяпер Яшка адзін, і яму ніхто не перашкодзіць, не папросіць патрымаць ліхтарык...
   Чырванаватае, мігатлівае святло факела рухаецца ўперадзе на ранейшай адлегласці. Яшка не думае даганяць яго, яму аднаму таксама някепска.
   Пачынае ісці снег. Сняжынкі цяжкія, бухматыя. Яны начнымі матылькамі злятаюцца на святло ліхтарыка і, нібы апаліўшы свае крыльцы, падаюць тут жа на сцежку, пад ногі. Хрум-хрум, хрум-хрум, – парыпвае пад Яшкавымі валёнкамі снег.
   Раптам прамень знікае, цемра радасна навальваецца на Яшку. З нядобрым прадчуваннем ён шчоўкае выключальнікам раз, другі, – але дарэмна. «Няўжо лямпачка перагарэла?» Яшка не хоча верыць у гэта. «Можа, замыканне?» Але і ад такой думкі яму не становіцца лягчэй, бо ў цемені ўсё роўна нічога не наладзіш.
   Яшка зусім губляецца. «Што цяпер рабіць?» Вочы нібы завязаны, а ў цемры хіба пройдзеш па вузкай сцежцы.
   Далёка ўперадзе мільгае святло факела. Цяпер толькі адна надзея на яго. І Яшка спяшаецца за ім. Але ўжо праз некалькі крокаў ён адчувае, што збіваецца са сцежкі і аж па самыя калені залазіць у снег. Яшка паварочвае направа, потым налева, але сцежка нібы правалілася.
   – Э-э-й! – неяк сам па сабе вырываецца з ягоных грудзей крык. Толькі яго ніхто не чуе.
   Далей Яшка прабіваецца снегавой цаліной, назіраючы за святлом факела. Робіцца нясцерпна горача – хоць паліто скідвай. Яшка часта хапае марознае паветра на поўны рот, стараецца з апошніх сіл. Перадыхнуць бы які момант, адсапнуцца, але ж чырвоная кропка плыве ўсё далей і далей...
   Нечакана Яшка бачыць, што выратавальны агеньчык знікае. А навокал глухая непраглядная сцяна, і паспрабуй тут вызначыць: дзе ўсход, дзе захад...
   Яшка спыняецца, да болю ў вачах углядаючыся ў цемру. Ён спадзяецца, што агеньчык з’явіцца зноў. У трывожным чаканні праходзіць адна хвіліна, другая. Яны здаюцца невыносна доўгімі, ад чаго ў Яшкі халадзее спіна.
   Куды ісці, у які бок? Так можна і ў балота залезці, дзе крыніцы нават у вялікі мароз на паверхню выбіваюцца. Чакаць, пакуль развіднее? Але ж да світання яшчэ далёка...
   Адчай і роспач ахопліваюць Яшку. Ён адзін, адзін сярод маўклівага снежнага поля, сярод невядомай, палахлівай цішыні. Яшка нават чуе, як з сухім шоргатам падаюць на зямлю сняжынкі. Яму становіцца страшна.
   – Э-эй, хлопцы-ы! – адчайна крычыць Яшка, ледзь стрымліваючы слёзы.
   Але яго слабы голас тут жа раствараецца ў насцярожанай цемені.
   Яшка моцна сціскае ў руцэ круглы футарал ліхтарыка, які цяпер не здаецца яму такім прываблівым...
   Раптам зусім у супрацьлеглым баку нешта бліскае, знікае. Потым зноў з’яўляецца ўжо бліжэй. Яшка адчувае, як мярцвеюць яго ногі, як ён не можа скрануцца з месца ні на крок.
   «Што гэта? Воўк?!»
   Яркая кропля набліжаецца, расплываючыся светла-чырвонай кляксай. І тут да яго слыху даносіцца:
   – Я-я-шка-а!
   – Гэ-эй, я ту-у-т! – радасна гэйкае Яшка і кідаецца насустрач. І куды толькі падзеліся яго здранцвенне, адчай...
   Праз некалькі крокаў Яшка чапляецца за штосьці нагой і з усяго разгону нырае ў калючы снег, які набіваецца ў валёнкі, рукавы паліто, засыпаецца за каўнер, апякае твар. Але Яшка тут жа падхопліваецца і яшчэ шпарчэй бяжыць наперад, баючыся, каб выратавальны агеньчык не знік зноў.
   У святле факела Яшка заўважае дзве постаці – Колі і Косціка. Яны са здзіўленнем разглядваюць яго.
   – Ты чаго сюды забрыў? – нарэшце пытаецца Коля.
   Яшка ніяк не можа аддыхацца, ён хапае паветра, нібы толькі што яго выцягнулі з палонкі.
   – Ды вось... мусіць, лямпачка перагарэла. – Яшка зморана выцірае рукавіцай кроплі расталага снегу на твары. – Са сцежкі збіўся... За вамі пабег, але не дагнаў...
   Коля з Косцікам пераглянуліся.
   – Мы так і падумалі, – сказаў Коля. – Назад вярнуліся, па слядах пайшлі...
   Яшка вінавата зірнуў на Косціка, іх позіркі сустрэліся.
   – Прабач мне, – сказаў Яшка. – Дарэмна я...
   – Нічога, я не крыўдую, – адказаў Косцік.
   – Ну вось і добра, – задаволена зазначыў Коля. – Гайда хутчэй, нас ужо зачакаліся.
   Усе трое ўзялі кірунак да сцежкі. А на ўсходзе ледзь прыкметна пачынала святлець вузкая палоска неба, набіраўся моцы ранак новага дня.

 

Похожие статьи:

Міхась ЗарэмбаМіхась Зарэмба - Дружок

Міхась ЗарэмбаМіхась Зарэмба - Дзень магнітнай буры

Міхась ЗарэмбаМіхась Зарэмба - Рыжая ластаўка - ГДЗ

Міхась ЗарэмбаЗарэмба Міхась - Паддаўкі

Міхась ЗарэмбаМіхась Зарэмба - Арэхавы спас