Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Чарняўскі - Незвычайны ўрок

Аддаць Пушка ў навуку,
Каб ён вучыўся, рос,
Аддаць любімца-ўнука
Рашыў стары Барбос.

Казаў дзядуля басам:
– Палёгкі не прасі!
Хоць будзе цяжка часам –
Навуку ўсё ж грызі!

І да альтанкі ўвішна
Трушком пабег Пушок:
Пявун-настаўнік зычна
Пазваў малых на ўрок.

Пушок сяброў у класе,
Равеснікаў спаткаў:
Жучка,
Трызорку,
Ваську –
Суседскага катка.

Каб клопату пазбыцца,
Таўстунчык парсючок
І ранец, і карытца
У школу прывалок.

Чародкай кураняткі
Пішчалі ўсё дружней:
– Мы ў школу на заняткі
Прыйшлі за ўсіх раней...

Калі ж урок пачаўся,
Адразу клас прыціх,
Ніхто ўжо не шаптаўся –
Настаўнік жа пры іх!

Спярша буквар гарталі,
Чыталі пакрысе,
Бо алфавіт не зналі,
Чытаць маглі не ўсе.

Пушок чытацкай хваткаю
Сяброў ажно здзівіў.
...Урокам матэматыкі
Урок наступны быў.

Трымаў настаўнік кніжку,
Чытаў працяжна крышку:
– Рашыце мне задачу.
Хто кемны з вас, – пабачу.

«Курка на рынак схадзіла,
Жменьку зярнят купіла.
Жменьку зярнят купіла,
Дзеткам іх падзяліла.
Дзевяці кураняткам
Папала па два зярняткі.
Адно ад чародкі адбілася –
І на дзяльбу спазнілася.
Колькі было зярнятак?
Колькі было куранятак?..»

Шапнуў Трызорка ў злосці:
– Задачкі не зраблю!
Ні слова ў ёй пра косці,
А іх я так люблю...

І Васька скоса глянуў:
– Задачка – не мая!
Чаму не пра смятану? –
Люблю смятану я...

Чамусьці хмура зіркнуў
І парсючок тады:
– А я люблю зацірку,
Смачней няма яды...

І толькі кураняткі
У куртачках рабых
Падлічвалі зярняткі
Наперабой, услых.
І спачувалі:
– Мала
Зярнят малым папала!..

А дзе ж Пушок?
Ён моўчкі
Стараўся, шчыраваў,
На чысценькім лісточку
Складаў і адымаў.

І чуў дзядулеў бас ён:
«Палёгкі не прасі.
Хоць будзе цяжка часам –
Навуку ўсё ж – грызі!..»

Ён спасцігаў заўзята
Сакрэт задачкі той.
– Ты чым, Пушок, заняты?
А дзе ж
Аловак твой?..

Пушок панік,
Аж сцяўся,
Адразу – вочкі ўніз.
– Даруйце... Я стараўся –
І... і... аловак... згрыз...

 

Похожие статьи:

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Ёлка

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Вясёлка над полем

Міхась ЧарняўскіМіхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Змайстравалі сані

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах