Гарэла родная зямля –
Была вайна.
Былі за ёю –
Пераможная вясна,
І гром салюта,
І птушыны грай,
Людская радасць
З краю ў край.
І мірны ўсход,
І цішыню
Адчулі ўсе,
Нібыта ўпершыню.
Адчуў салдат,
Адчуў сявец:
Вайне канец!
Вайне канец!
Гарматным рэхам
Вёсны адгулі.
Рунеюць зноў
Жытнёвыя палі.
Ды толькі смутак наш
І дні трывог
Застылі ў абелісках
Ля дарог.
І кожны год,
Нібыта ўпершыню,
Прыходзім мы
Да Вечнага агню,
Нясём паклон,
Душы ўспамін –
Нам не забыць
Такіх хвілін.
На плошчах кветкі,
Бы ў лугах, цвітуць.
Нашчадкі
Клятву вернасці даюць
Сваім героям,
Мёртвым і жывым:
Мы помнім іх,
За ўсё мы ўдзячны ім!
Нам праз гады,
Праз далеч мірных дзён
Той майскі дзень
Яшчэ ярчэй відзён.
Над намі сонца –
Як сцягоў ірдзень.
Не згасне ў сэрцы
Перамогі Дзень!
Похожие статьи:
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Змайстравалі сані
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Ёлка
Міхась Чарняўскі → Міхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Вясёлка над полем