Вясёлкай
Снег іскрыцца,
Пашчыпвае мароз.
Ля школы
Свята быццам, –
У нас
Вясёлы крос.
Хоць ростам я не ўдаўся,
Хоць я не хлопец-зух,
Ды ўсё-ткі
Не паддамся –
Мы з Тузікам удвух!
Даюцца цяжка старты,
А фінішы – ўдвая!
Не, лыжны крос –
Не жарты:
Няўжо апошні я?
Я ходу не збаўляю,
Ды на душы адчай:
Няўжо сябрам
Прайграю?
– Гэй, Тузік, выручай!
А Тузік скеміў, бачу,
Наперад – скок:
«Браток,
Хапайся, як за ўдачу,
Хутчэй
За павадок!..»
Мы рады: не прысталі –
Вітаюць нас гурбой!
Мы ўдвух
На п’едэстале –
І я,
І сябра мой!
Важаты
У гуморы быў,
Калі ўручаў мне прыз:
– А ты прыдумаў здорава,
Не схібіў,
Не раскіс!
Ты недарма,
Адзначу,
Вясёлы выйграў крос:
І стаў дужэйшым,
Бачу,
І крышачку –
Падрос!
Похожие статьи:
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Ёлка
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Змайстравалі сані
Міхась Чарняўскі → Міхась Чарняўскі - Вогнепаклоннікі
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Вясёлка над полем
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - «Акадэмія»... на колах