Хаціна ў палыне
Па вокны, як па вочы.
У кожным тут акне
Пагляд бяды сірочы.
Вятры з усіх бакоў
Ідуць будзіць світанні.
Не постаці бацькоў –
У травах смерці здані.
Быльнёг паміж масніц
Праціснуўся, кудлаты.
На покуце сядзіць
Нязваным госцем хаты.
Сціскае сэрца жаль.
Ліст крапівы каляны
На смерці чорны баль
Бядой сюды пазваны.
Дзядоўнік ўцісся ў кут,
Як дзед чужы, старэчы.
Забылася, што тут
Скакаў агонь у печы.
I мама пры агні
Схілялася шторанне,
I грэла ў цішыні
Чало агню дыханне.
У коміне гуло.
Скакалі страшна цені.
Ды цёпла мне было,
Малому, на чарэні.
Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с.
Похожие статьи:
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Чарнобыля ў беларускай паэзіі
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Боль Чарнобыля
Мікола Мятліцкі → Мікола Мятліцкі - Санеты Чарнобыля
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Аб самым смачным...
Алесь Пісьмянкоў → Алесь Пісьмянкоў - 1986