1
На беразе тваім
Вільготны летні прыпар.
Самотна памаўчым
Удвух, лясная Прыпяць.
Тут горнуцца да стром
Дзве вёсачкі пустыя.
Здалёк рыкае гром –
Раскутая стыхія!
Маланкі джала б’е
Над кручамі, жвірамі.
Былыя дні мае
Усмоктаны вірамі.
Калышуць чараты
Пары далёкай пошум.
Куды панесла ты
Жыцця жывую ношу?
Пакінуты адны
I хаты, і калыскі.
Куды сплылі чаўны,
За свет які няблізкі?
Дождж хлешча у палях,
Мутнеюць нашы рэкі.
Пакутна плача шлях,
Мой шлях:
З вараг у грэкі.
2
З прадоннай даўніны,
З бялёсага туману
Павыплывуць чаўны –
Звярэдзяць сэрца рану.
Таемнага агню
Над хвалямі свячэнне.
Плывуць упершыню
Дзяды супроць цячэння
Гадоў, вякоў, эпох,
Вяртаюцца на строму,
Дзе вечнасць іх сцярог
Раскуты голас грому.
Зажурана ў палях
Прымружыў дзень павекі.
Пакутна плача шлях,
Іх шлях:
З вараг у грэкі...
Похожие статьи:
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Прыпяць
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Прыціхне ў прыцемках Прыпяць...
Пераказы → Палесся абрус аксамітны
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Мора Герадота
Юрась Свірка → Юрась Свірка - Журботны працяг песні