Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Мікола Гусоўскі - Песня пра зубра. Аналіз паэмы

   «Многія народы Еўропы з удзячнасцю пакланіліся б ад сябе і ад нашчадкаў таму свайму сыну, які б пакінуў ім у спадчыну падобны твор», — так сказаў пра Міколу Гусоўскага і яго геніяльную паэму адзін з яе перакладчыкаў на нямецкую мову. Дзякуючы таму, што напісана яна была не на беларускай, а на лацінскай мове, упершыню ў гісторыі сваёй культуры Беларусь вуснамі свайго сына напрамую гаварыла з іншымі народамі пра сваё жыццё, сваю гісторыю.  

   Еўрапейскую славу і прызнанне вялікі пачынальнік славянскай літаратуры атрымаў толькі праз 500 гадоў: у 1980 г. ва ўсім свеце, паводле календара міжнародных дат ЮНЕСКА, адзначаўся паўтысячагадовы юбілей Міколы Гусоўскага. Творчую спадчыну М. Гусоўскага складаюць акрамя слыннай паэмы «Песня пра зубра» (1523) яшчэ дзве («Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы». (1524), «Жыццё і подзвігі Св. Пяцынта» (1525)), адзінаццаць вершаў. Менавіта з яго твораў і асабліва з паэмы «Песня пра зубра» і ўзяты звесткі пра жыццё паэта, яго асобу. Мяркуюць, што нарадзіўся Гусоўскі недзе каля 1480 г. у сям'і паляўнічага з дружыны вялікага князя. Жыццё будучага паэта было звязана з лукам, канём, небяспекай палявання: «Змалку ад бацькі вучыўся ў бясконцых походах», «рэкі лясныя, Дняпра паўнаводнага строму пераплываў я з канём у паходзе за зверам».

   Пачатковую адукацыю Мікола набываў дома, на радзіме, на роднай мове: «Свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх, граматах рускіх, кірыліцай пісаных...» Пасля вучыўся ў Польшчы, Італіі. Дасканала валодаў лацінскай мовай, на якой пісаў не толькі свае паэтычныя творы, але і вёў справы на дыпламатычнай службе ў складзе польска-літоўскай місіі ў Ватыкане, калі суправаджаў у Рым палітыка і рэлігійнага дзеяча Эразма Вітэліуса, сакратара вялікакняскай канцылярыі.

   Гісторыю напісання паэмы М. Гусоўскі засведчыў у прадмове і першых радках твора:

Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай

Сведкам відовішча быў я — бою быкоў на арэне.

   Хтосьці параўнаў гэта з зубрынай аблавай, Гусоўскі пагадзіўся з такім параўнаннем і расказаў пра паляванне на зубра ў пушчах роднага краю. «Праслухаўшы ўсё ў захапленні, мне загадалі адразу ж узяцца за працу, каб успаміны свае у памер вершаваны, песняй зрабіць і пра нас, і пра нашы аблавы».

   Так дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту паэта твор сапраўды стаў песняй яго сэрца, гімнам Бацькаўшчыне, летапісам жыцця на зямлі «пад зоркай Палярнай».

   Паэма наватарская, незвычайная і па змесце і па форме. У ёй няма звыклай скразной сюжэтнай лініі. Яе змест, сапраўды, як пра тое сведчыць поўная назва твора, — «Песня пра постаць, дзікі нораў зубра і паляванне на яго». Аднак у чытача складваецца ўражанне, што апісанне канкрэтных рэалій, хай сабе і надзвычай напружаных, экзатычных, поўных рызыкі і небяспекі, — гэта толькі «нагода», каб расказаць пра не менш важнае, пра тое, што хвалявала і трывожыла аўтара, чым жыла яго душа, — пра Бацькаўшчыну, яе народ, яго звычаі і традыцыі, яго мары і памкненні, пра мінулае і будучае слыннага краю «пад зоркай Палярнай». Таму большую частку паэмы складаюць лірычныя і філасофскія адступленні, выяўленне асабістых паэтавых поглядаў на вечныя праблемы, што хвалявалі яго і яго народ.

   Праблема вайны і міру, дабра і зла, жыцця і смерці, духоўнага і матэрыяльнага, адказнасці Асобы перад народам, чалавека і прыроды, дзяржаўнасці і суверэнітэту— вось далёка не ўсе праблемы, якія з незвычайнай мастацкай сілай ставяцца і вырашаюцца паэтам-філосафам.

   Як бы гледзячы на сваю Радзіму з далёкай Італіі, паэт бачыў тую небяспеку, якую неслі княству міжусобныя войны, што аслаблялі яго, спусташалі: «і ад сваіх міжусобіц мы ўсе не дужэем...» Трывогай і болем поўніцца яго сэрца ад усведамлення таго, што яго чароўны край з'яўляецца фарпостам барацьбы з залатаардынцамі, тэўтонамі і туркамі, што несупынныя войны каранаваных уладароў віхурай праносяцца праз наш край і вынішчаюць генафонд нацыі:

Б'юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы:

Воіны ж гінуць у тых і другіх у сутычках.

Што ім той смерд — наша гора і нашы паку ты?

Ім бы свайго дамагчыся, а ты хоць заліся

Ў горкіх слязах. За мурамі рыданняў не чутна —

Значыць, гандлюй і крывёю і лесам падданых.

   Антываенная накіраванасць, гуманістычны пафас паэмы робяць яе надзвычай сучаснай. Па-максімалісцку бунтарскі і катэгарычны паэт, калі гаворыць пра падпалынчыкаў вайны — «зямных уладарцаў», якім не дае спакою «сверб панавання». Надзённа гучыць яго заклік: «Спынім жа войны!» і заклік адрачыся ад спраў, «што нас душаць няшчадна», таксама сучасны.

   Адметнай асаблівасцю паэмы і яе кампазіцыі з'яўляюцца рэтраспекцыі (зварот у мінулае) — апісанне княжання Вітаўта і яго «вячыстых» спраў.

   Цэнтральнай праблемай твора з'яўляецца праблема дзяржаўнасці і суверэнітэту. Ад чаго залежыць росквіт і моц дзяржавы? На думку Гусоўскага — ад дзяржаўцы. Якім павінен быць дзяржаўца, каб краіна квітнела і была недасягальнай для ворагаў, была незалежнай? Што павінна быць прыярытэтным у палітыцы такога дзяржаўцы? Вобразам князя Вітаўта паэт даў адказ на вечнае і надзённае пытанне. Свой ідэал дзяржаўцы паэт-філосаф знайшоў у мінулым, у гісторыі Вялікага княства Літоўскага, княжанне Вітаўта для якога было залатым векам:

Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы

Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,

і называюць той век залатым.

   Нельга не захапляцца мудрасцю нашага слыннага земляка, які паўтысячагоддзя таму нагадаў нам пра галоўны закон вечнасці, «закон прирожений», — не хлебам адзіным жыве чалавек. A калі толькі хлебам, то не будзе і хлеба. Афарыстычна, вобразна сфармуляваў ён гэты закон, папярэдзіўшы нас пра бяду, калі закон той парушым:

... Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай

Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца

Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна

Ставіў багацце духоўнае — злата дзяржавы.

   Апісанню «вячыстых» спраў Вітаўта, яго клопатаў пра «багацце духоўнае» як «злата дзяржавы» прысвечана ў паэме шмат старонак. Пры князю Вітаўту нашы продкі жылі ў прававой дзяржаве. Першай у Еўропе прававой дзяржаве, у якой панавала сіла закону, а не закон сілы, і была гарантавана роўнасць усіх перад сілай закону!

...Прагнасць нажыцца пад шыльдаю варты закона,

Сквапнасць — загрэбці кавалак у бліжняга з рота —

Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў,

Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве.

Кім бы і чым бы ні быў ён пры іншых заслугах,

Нават за гэта адно я пяю яму славу.

Густа ён справам і век насяліў свой, і водгук

Спраў тых вячыстых патрапіў і ў гэтую песню.

   Наватарскай гэтая паэма з'яўляецца і паводле галоўнага вобраза. Цэнтральны персанаж — зубр — набывае сімвалічны сэнс. Ён — вобразнае ўвасабленне роднага краю, выяўленне характару і ментальнасці народа, яго былой магутнасці, сілы і адвагі. Гусоўскі надзяляе зубра здольнасцю мысліць, чуйна рэагаваць на дабро і зло. Зубр - звер міралюбівы, бяскрыўдны, калі яго не патрывожыць. і ён жа - круты, раз'ятраны і бязлітасны, калі вымушаны абараняцца. і ў статку зубрыным, нібы ў чалавечай сям'і, пануе згода, узаемаадказнасць і ў той жа час «субардынацыя»:

... Там у іх выручка: гуртам — за кожнага ў статку,

Кожны ж — за гурт і за ўсіх, беспарадкаў — ніякіх.

Дужы са слабым уладай дзяліцца не стане...

   Твор вылучаецца і сваёй энцыклапедычнасцю, і нацыянальным каларытам. Тут усё наша і пра нас. Як сказаў Янка Сіпакоў, «гэта нашы вочы ў мінулае. Паэма, нібы машына часу, дапамагае нам сягаць праз стагоддзі, у даўніну, каб пачуць і нават убачыць, як жылі нашы продкі, чым займаліся, што іх радавала і што засмучала». У той жа час яна скіроўвае чытача на роздум пра сучаснае і будучае.