Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Лужанін - У апошнія дні вайны

1

   На борце ваеннай машыны, накрытай брызентам, стаяў чорны даўганогі певень і раз-пораз спяваў.
   Раптам з-пад машыны вытыркнулася галава і гукнула:
   – Паветра!
   Певень папярхнуўся і палез хавацца пад брызент.
   Усе засмяяліся. Певень, відаць, добра засвоіў гэту салдацкую каманду, якую падаюць у часе налёту фашысцкіх самалётаў. Цяпер яго спрытна падманулі на яе: у небе не было ніводнага нямецкага самалёта.
   Прыкладна год назад сяржант Даўмейка праязджаў цераз спаленае паселішча і спыніўся памяняць кола. Жыхароў там не было. Калі Даўмейка падышоў да ручаіны апаласнуць рукі, з кустоў пачулася ціхае кохканне. Там сядзеў певень. Ён быў зусім знясілены і не мог уцякаць. Даўмейка ўзяў птушку на рукі, накарміў з далоні хлебам, адпаіў вадою і – прыхапіў з сабою. Певень акрыяў і хутка прызвычаіўся да ўсіх прыгод паходнага жыцця. Нават навучыўся хавацца разам з салдатамі пры воклічы «Паветра!»
   – Заеду зараз туды, – усміхнуўся сяржант. – Можа, гаспадары вярнуліся. Няхай бяруць на развод. Трэба ж з нечага гаспадарку пачынаць.
 

2

   Мне ўжо даводзілася чытаць у партызанскіх часопісах пра тое, як свойскія жывёлы сыходзілі з дому. Калі ў адну вёску з’яўляліся немцы, адтуль адразу ж знікаў сабака. Ён бег кіламетраў за трыццаць да гаспадынінай сястры. Там ужо ведалі, што здарылася. І неадкладна паведамлялі партызанам. За гэту міжвольную паслугу сабаку шанавалі і стараліся лепей накарміць. Дзіўней за ўсё тое, што сабака дакладна ведаў, калі мінецца небяспека, і толькі тады кіраваўся дадому.
   Чытаў я нешта падобнае пра пеўня, які з прыходам немцаў уцякаў у лес і сядзеў у гушчарніку на высокай галіне.
   А вось такі выпадак давялося пабачыць на ўласныя вочы. Праз некалькі дзён пасля вызвалення Мінска немцы апошні раз наляцелі бамбіць горад. На шчасце, усё для нас абышлося добра. Потым мы сядзелі на бярвенцах і размаўлялі.
   Непрыкметна найшла хмара і ўдарыў гром. Калмаценькі сабачка падціснуў хвост і кінуўся ў садовы бункер. Там звычайна хавалася ўся сям’я падчас ваенных нягод. Пабачыўшы, што ніхто не бяжыць туды, сабака вярнуўся і вінавата памахаў хвастом.
   – Ай-яй, Жучок! – сказала гаспадыня. – І не брыдка табе: забыўся, як гром грыміць!
   А мы стаялі на роднай зямлі, слухаючы далёкія раскаты, ад якіх і сапраўды пачалі адвыкаць за тры доўгія гады.
   Лінуў дождж, прыйшоў час расці жыту і траве.
 

Похожие статьи:

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Гусак і Певень

Якуб КоласЯкуб Колас - Храбры певень

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Сонца і Певень

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Кукарэку

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Пад старасць адгукнецца