Не з імглы курганоў, задрамаўшых над стромай,
Не з паданняў, што вецер стагоддзяў растрос, –
Грозным, свежым і плодным Кастрычніцкім громам
Пачынаецца век наш, гартуецца лёс.
Не раскрой тады свет напалам, навальніца,
Цар бы шлях заступаў, страшыў карамі бог.
У краіне другой я не мог бы радзіцца,
Дацягнуцца да сонца ніколі б не мог.
Дужы молат і серп з нашых рук на штандары
Узышлі назаўжды.
Ім няма перашкод.
Вольна ў свеце жыве, ўсім народам таварыш,
Працавіт і вялік беларускі народ.
Поім газаю трактар уласнай гадоўлі,
Нашы нівы ў красе, нашы нетры ў хадзе.
Мой народ!
Ты гаворыш з палёў і будоўляў,
I вышэйшай трыбуны не знойдзеш нідзе.
Не баяўся вайны, не цураюся працы,
Калі трэба – ускіну на плечы ўдвая,
А ў любві да цябе не магу прысягацца
Па той простай прычыне, што ты – гэта я.
Я – твой ранні гудок, шум дубоў на узлессі,
Твой каваль,
я выкоўваю ў заўтра ключы.
Ты – крыніца мая
і гаючая песня,
Ты мой розум і кроў.
Нельга нас разлучыць!
1959
Крыніца: Лужанін М. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Паэмы; Вершы 1955-1965; Проза. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1980. – 560 с.
Похожие статьи:
Юрась Свірка → Юрась Свірка - Верны крэўнаму брацтву
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Будучыня
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»
Якуб Колас → Якуб Колас - Народ у трылогіі «На ростанях». Вобразы сялян-палешукоў
Пераказы → Душа народа