Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Гарэцкі - Маці

Увага! Поўны змест

I

   Пачувала, што надышоў-ткі яе страшны час.
   А дагэтуль так-сяк хавалася: аборамі ўкручвала сябе, у лазню не хадзіла, шыбка бегала, цяжкое паднімала...
   Спадзявалася, што, можа, і скіне, гэтак цяжка працуючы. Цэлае лецейка працавала як вол. Не разгібаючыся, па паўсоткі снапоў узапар нажынала, сумысля, каб толькі мінуць сораму... Дык жа не.
   На яго ж і забылася зусім. Толькі іншым разам, калі пад грудзьмі новае стварэнне стукала, успамінала той час.
   Было пасля святак калядных, калі штодня на вечарушкі гуляць збіраліся.
   Лічылі яе за ціхоньку. I ў той раз, як заўсёды, болей за другіх маўчала і ціха сядзела. Як пачалі разыходзіцца, хлопцы за сваё: схопяць і валочаць па кутках. Крык, квіл і смех. Ён яшчэ ўвечары жартліва чапіўся да яе. Цяпер у сенцах змацаў, але вырвалася. Тады ўжо, як дамоў ішла, на вуліцы злавіў і клычыць пачаў. Ізноў вырвалася ды ўцякаць.
   Ён услед. Бегла, бегла... пасля доўгай седні разгулялася. Дольш – няма куды ўцякаць, а бяжыць ад яго, полы падхапіўшы, і смяецца. Шухнула, блазнотка, пад суседскую павець, дзе сена. Злавіў там яе.
   Усё смяялася, ціхоня, жартавала, адбівалася...
   А ён на дурныя жарты перайшоў, усе пальцы ёй накруціў...
   Схапіўся потым і сам: цалаваць пачаў, мілаваць, умаўляў усё, каб не плакала.
   Да хаты як бацька родны падводзіў. Прабачэння, дурны, прасіў. А можа, прыкідаўся?
   «Каб ты проклят быў! За долю маю, за бяду маю. За свае жарты гэткія!..»
   Выехаў у свет зараз пасля таго. Нават не развітаўшыся. Мусіць, забыўся на ўсё...
   Але й добра – з вачэй далоў Адна тут ведае.
   За гэты час схудзела дужа. А была ж яшчэ зусім маладзенькая, толькі што ўрадлівая, на косці шырокая, на целе здаровая. Вочы былі сіненькія, чысценькія... Цяпер і вочы нейкія жалосныя зрабіліся.
   – Расце мая дачушка, – казала маці, – расце дужа, дык худая. I з працы ж не выходзіць... Нічога, увосень пагуляе, аправіцца.
   Каб ты, маці, ведала!
   Часам плакаць пачынала, грашыць навышняму. Малілася: «Памажы, калі грэх мне ў тым! Не папусці, раз дзяўчыне не дазволена. Не хацела ж я. Абмахнулася тады, цяпер – вызвалі. Памажы, каб ніхто не даведаўся. Бо лаяцца грэшна пачну. На царкву брахаць, на абразы, на святое. Бо мяне ж бацька абаб’е да смерці, з хаты мяне вытурыць. Матка ў слёзах сваіх утопіць. Уся сям’я дакорамі загрызе. Людзі засмяюць мяне, бедную, гразёю закідаюць мяне...»
   I хаця галавою аб комін на вышках білася, а ў склеп залезшы, падскоквала ды аб землю бразгалася – не паслухаў Бог...
   Мінула лецейка. Каб не аборы, каб не ўкручвала сябе – што б было! Неяк усцераглася-ткі.
   I вось канец.
 

II

   Змрокам, ужо калі забалела сярэдзіна, калі пачало находамі больна-больна, глуха-глуха ламіць, накінула кажух, да стала падышла, нервова дырганула абрус, адрэзала скібку хлеба, густа пасыпала буйнай соллю і выйшла.
   У хаце нікога не было. У сенцах матка над збанамі сагнулася – яе не бачыла. Пайшла на гарод, дзе ўжо налятаў цёмны вечар.
   Восень...
   Каноплі пабраты, бульба пакопана. Стог сувалкі на канаплішчы чарнеецца, звініць былінкамі пад ветрам. Хмары цёмныя, сівыя неба пахавалі. Цямнее навокала. Дожджык ці мокры снег з ветрам панясе. Шуміць ігруша на мяжы за гумном. Усё цямнее.
   Выйшла за стог і прыстояла. Хлеба ўкусіла і задумалася.
   Вось зараз і зімухна. Праляцелі журавы і гусі, не крукаюць, не крычаць высока ў небе. Лісты з ігрушы сыплюцца. Плача надвор’е пахмурнае. Восень.
   – Ой, о-о-о, – раптам застагнала ад болю, нема закохала. Хлеб, соллю пасыпаны, з рук пакаціўся. – Ой, ратуйце мяне! – скрозь слёзы гарачыя выстагнула і з нудою жудаснаю падумала, што яшчэ ламане.
   Падняла хлеб, ад зямлі абчысціла, укусіла раз. Пясок захрумсцеў на зубах. Горкім і сухім хлеб ёй быў. А спіну ломіць, ломіць і круціць.
   Зь-зь-зьуу–звінелі былінкі. Чорная хмара зрабіла цемень, як ноч.
   Давалаклася да пуні. Ля сценкі на салому, што пасля малацьбы складалі, павалілася.
   За няшчыльнаю сценкаю восенны вецер гуляе, па страсе з дожджыкам шумаціць. А ў саломе зацішна. Улезла, глыбей ямачку сабе вылежала.
   Ізноў ёй ламіла, круціла, стукала, ныла, хадзіла...
   Часу разумець не магла. Яснасць думкі страціла. Плакала. Валасы на сабе рвала. Стагнала нема, прыдушана, каб не пачулі.
   «А як памру тут, не знясу? – падумала тужліва. – Цётка ж радзіўшы памерла. I вось знойдуць сінюю, адубелую, нячыстую... Ах!»
   I так забалела, што няхай ідуць, няхай чуюць, няхай глядзяць.
   ...I стагнала, не могучы стрымацца, ад такога жудаснага болю.
   I ўжо ў хату бегчы хацела, каб не памерці тут.
   Ды дзікім хрыпам захрыпела і на момант зусім знепрытомнела... Потым раптам лёгка зрабілася.
   I дзіцятка на саломе піскнула...
   Сабрала сілы, усё, як трэба, сама каля сябе агледзела. Здзела кохту і ўкруціла яго. Потым салому з-пад ног вынесла і ў гразь утаптала, а тут накідала саломкі свежае.
   Села там з ім і пачула, што зусім знясілела. I ўзноў мусіла аглядаць сябе; усё непатрэбнае ў салому пад сценкаю, дзе дровы і вуллі, закапала. Змарылася да рэшты.
   Сядзела тут бясконца. Толькі штосьці халадней робіцца. Ур... – няўмысля ляпнула зубамі. Падбародак сударажна закалаціўся. Пачало трэсці.
   I, трасучыся, вымала дзіцёначка з прыполу, клала на салому, каб паглядзець, дзяўчынка ці хлопчык, і зноў паглядзець. Яно ляжала ў кохце нерухома, як здохлы хрушч. I матка трывожна схапілася, ці жывое яно.
   Разгарнула кохту. Дзіцянё дрыгнула ножкамі і ручкамі і піскнула, як камар, насілу сабраўшы духу і жаласна-жаласна.
   Трасло ўсё дужэй, трываць не можна... Трэба рабіць нейкі канец. Позна. У двары ніхто не ведае, дзе яна.
   Адняла яго і на салому кінула. У цемені раздзівіць не магла, якое яно.
   Схапіла рукою за галоўку і заціснула раток і насок. Трапыхнула дзіцятка. I пачула, што над далоняю ўгінаецца яго цемечка мяккое, быццам цела.
   «Што робіш?» – у сябе спыталася без слоў, і раптам рукі адарвала, і застыгла ў страсе. Толькі сэрца буйна стукала, і ўся яна калацілася.
   Дрыжачымі рукамі завінула зноў у кохту. У прыпол узяла, прытуліла да грудзей.
   Устала і пайшла.
 

III

   Пайшла па гародзе ля ігрушы, што дрыжэла лісцейкамі пад дробнымі кроплямі дажджу. Пайшла па-за пляценню да вуліцы.
   Святло гарэла па хатах, як звычайна, і ўсім людзям быў вечар звычайны.
   Даплялася да паповага двара. Пад стрэхаю пайшла, як злодзей, пад вакно, дзе фіранкі бялеліся. Ціха. Сабакі не гаўкаюць. Толькі часінаю шугае сабе вецер сцюдзёны.
   Страх, каб хто не пайшоў. Няма сілы забавіць стукат сэрца вялікі. Пайшла да ганка шэпчучы малітву. I малілася горача, каб добра ўсё скончыць ёй.
   Паклала яго на прыступачцы пад парогам. Шпарка адбегла, прыслухалася – нікога. Толькі ў папоўскіх вокнах мяталіся на святле людскія постаці. Ізноў падбегла бліжэй.
   Цераз вуліцу, у хаце ў дзякавых ці ў каго іншага, бразнулі дзверы. Нехта выйшаў на вуліцу, загаманіў у цямноце грубым голасам:
   – Уху-ху... Цёмненька. Настае зіма лютая. Хадзі барзджэй, кум.
   Яна перш акамянела. А потым, як той змоўк і некуды зашлёпаў па гразі, пыхнула, як кошка, і пабегла па гародах пад гумны.
   Прабегла троху і не магла болей, так пад сэрцам дзёўбала.
   Пад грудзі падкаціўся камок. У горле зрабілася горка, з вачэй паліліся слёзы. Горкая крыўда на ўсіх апанавала яе.
   Прысела на мысічкі, утупіла галаву ў калені і заплакала. I чым болей плакала, тым гарачэй і гарачэй. Плечы дыргаліся, трасліся, галава схілілася. Балела і ныла ўсё. Цяжка падняцца, ісці не суздолее. Там, дзе раней толькі дзёўбала, цяпер няўсцерпна балела. Жадалася легчы і ляжаць. Млосна, у галаве вядзе.
   I раптам як маланка асвяціла ёй, што пакінула там у кохце сваёй, а па кохце ў паповых даведаюцца, чый...
   Клопат ахапіў яе. Трэба бегчы. Можа, не ўзялі яшчэ. Трэба кохту ратаваць.
   Падходзіла да ганка асцярожна і цікава: ці ляжыць?
   I зусім блізка ўбачыла, што яно чарнеецца.
   Нагнулася. Калыхнуўся канец кохты. Дзіця не шавеліцца. Схапіла яго і пачула, што цяпер яно цвярдзей.
   Кохту разгарнула, абмацала ўпоцемку і, сцяміўшы, ледзь не самлела: мёртвае было яно... Ляжала, як нежывое кацянё.
   Быццам пакінула да пары разуменне поўнае, што гэта дзеецца. Узяла яго і, як бы мімаволі, не думаючы, пайшла ў канец сяла да рэчкі.
   Ідучы ля Мэндалевае кузні, таксама мімаходам і спакойна нагнулася і канец жалеза над «бабаю», дзе шыны на каткі насаджваюць, узяла. Паслізнулася, айкнула ад болю, жалезам падперлася. Да рэчкі дайшла і села на дубовы пень.
   Жыла мімаволі. Ахвота спаць. Дый пара...
   Яна больш разгарнула мёртвае дзіцё і прытулілася шчакою да яго. Халоднае было, як парасё, абскубленае і скалелае. Прытулялася аднэй і другой шчакою, грэючы яго. Сядзела доўга, нізка схіліўшыся. А вочы – зноў мокрыя, у горле горка і цесна. Слёзы сцюдзёныя, буйныя пацяклі.
   Сядзела, часу не ведала.
   Усхапілася ад трасцы. Зубы ляскалі. Зноў прытуляла і хныкала, хныкала.
   Стогнучы, трасучыся, выплела з касы істужку, да жалеза прывязала, а другім канцом – за яго.
   Потым апошні раз прытуліла да сябе. Завінула і яго і шыну ў кохту, рукавамі завязала і падышла да самае вады.
   Мутная, бялявая, дажджавая вада рынула ўпоцемку, калыхаючы пруточкі лазін, што тырчэлі з яе.
   Пастаяла, падумала аб нечым далёкім, несвядома прытуліла, да губ прыціснула, ірванула ўгару, выш галавы, і кінула.
   Плесь!
   Паплыло і патанула.
   Стогнучы і зубамі малоцячы, сагнуўшыся, пацягнулася дамоў.
   Жахліва было адной сярод чорнае нямоты. Шумелі дрэвы. Холад налятаў і абдаваў усю.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСустрэча з маці

Пераказы, дыктантыДа маці

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці

Пераказы, дыктантыІ надыходзіць дзень

Пераказы, дыктантыНа скрыжаванні