Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Свет Максіма Багдановіча

    Творчасць Максіма Багдановіча (1891-1917) засведчыла новы этап у развіцці беларускай літаратуры, калі ёй стала занадта цесна ў ранейшых межах "літаратуры для простага люду". Вядома ж, працэс перарастання "краёвай" літаратуры ў літаратуру "нацыянальную" пачаўся значна раней: яго этапамі былі літаратурна-грамадскі рух філаматаў і філарэтаў, стварэнне псіхалагічна абгрунтаваных беларускіх вобразаў-тыпажоў у творчасці выбітных польскамоўных літаратараў ХІХ ст., паступовы пераход часткі з іх да творчасці на беларускай мове, "прарывы" да агульнаеўрапейскай літаратурнай традыцыі – найперш у рэчышчы сімвалізму і неарамантызму – у паэзіі і драматургіі Янкі Купалы, паэзіі і "Казках жыцця" Якуба Коласа, некаторых творах Змітрака Бядулі на мяжы 1910-х–20-х гг.; урэшце, усё большая колькасць мастацкіх перакладаў твораў адметных прадстаўнікоў сусветнай літаратуры. Але Максім Багдановіч стаў фактычна першым беларускім творцам, які цалкам усвядомлена і паслядоўна ўзяўся за вырашэнне задачы ўзвышэння роднага мастацкага слова да найлепшых папярэдніх і сучасных яму еўрапейскіх і расійскіх узораў. У гэтым сэнсе яго высілкі ў нечым нагадваюць намаганні французскіх паэтаў "Пляяды" або класіцыстаў ХVII ст., хоць у творчых падыходах Багдановіча, паэта пачатку ХХ ст., у параўнанні з апошнімі ёсць не так і шмат агульнага. Сваю творчую задачу Максім Багдановіч бачыў і ва ўзбагачэнні формаў і жанраў новай беларускай паэзіі: шмат якія новыя формы, дзякуючы яму, былі створаныя па-беларуску ўпершыню. У лісце ў рэдакцыю альманаха "Маладая Беларусь" (1911) сам паэт пісаў пра цыкл сваіх вершаў "Старая спадчына":
   – Ён увесь склаўся з абразцоў розных даўнейшых форм верша, каторымі я зацікавіўся, маючы на ўвазе не толькі іх красу, не толькі палепшанне версіфікатарскай снароўкі пры працы над імі, але і жаданнем прышчапіць да беларускай пісьменнасці здабыткі чужаземнага паэтычнага труда, памагчы атрымаць ёй больш еўрапейскі выгляд. Апроч таго, фактам з’яўлення іх хацеў я давесці здатнасць нашай мовы да самых строгіх вымогаў вяршоўнай формы, бо я ім здавальняў нават у драбніцах, іншы раз вельмі цяжкіх.
 
Біяграфія паэта. Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 г. у Мінску, у доме Карказовіча (колішняя Аляксандраўская вуліца, якая цяпер носіць імя паэта). Абое ягоныя бацькі, Адам і Марыя (з Мякотаў) Багдановічы, мелі педагагічную адукацыю; бацька здолеў, да таго ж, займець вядомасць як этнограф і фалькларыст, а маці пісала прозу. Ужо ў сярэдзіне 1892 г. сям’я мусіла перабрацца ў Гродна, дзе бацька паэта атрымаў працу ў Сялянскім банку. Жылі Багдановічы на вуліцы Садовай (цяпер – Максіма Багдановіча), потым на вуліцы Палявой (Карбышава). У кастрычніку 1896 г., маючы ўсяго 27 гадоў, маці памірае ад сухотаў; а ў лістападзе таго ж года Адам Багдановіч разам з трыма сынамі і дачкой, якіх даглядае яго сястра Марыя, пераязджае на сталае жыхарства ў расійскі Ніжні Ноўгарад. Сярод найбольш блізкіх яго тутэйшых знаёмых – будучы класік расійскай літаратуры Максім Горкі. У пачатку 1899 г. Адам Багдановіч жэніцца з Аляксандрай Волжынай, роднай сястрой жонкі Горкага, якая, аднак, памірае ў канцы таго самага года, у выніку родаў. Пазней трэцяй жонкай Адама Ягоравіча, выхавацелькай яго дзяцей, стала Аляксандра Мякота – родная сястра Максімавай маці. Але, як сведчыў пазней сам паэт, любоў да літаратуры прышчапіў яму менавіта бацька, які валодаў багатай бібліятэкай сусветнай класікі. Галоўнымі дапаможнікамі ў засваенні багаццяў народнай беларускай мовы для Максіма сталі "Словарь белорусского наречия" Івана Насовіча, фальклорныя зборы Паўла Шэйна, Еўдакіма Раманава, бацькавыя запісы беларускай міфалогіі й фальклору. Дарэчы, у доме Багдановічаў гучала і вусная беларуская мова: на ёй раз-пораз гаварылі бацька і Аляксандра Апанасаўна. Вядома, што ўжо ў 10-гадовым узросце Максім Багдановіч напісаў свае першыя творы па-беларуску. У 1902 г. ён паступіў у першы клас Ніжагародскай гімназіі, дзе правучыўся да лета 1908 г. Між тым, 6 ліпеня 1907 г. у "Нашай Ніве" з’явіўся першы апублікаваны твор Максіма Багдановіча – алегарычнае апавяданне "Музы́ка". Пасля пераезду сям’і Багдановічаў на сталае жыхарства ў горад Яраслаўль (чэрвень 1908 г.) Максім быў залічаны навучэнцам шостага класа тамтэйшай гімназіі. Тут ён актыўна ўключыўся ў працу літаратурнага гуртка, пасябраваў з выкладчыкам лаціны Уладзімірам Белавусавым. На адным з пасяджэнняў гуртка выступіў з рэфератам пра беларускіх літаратараў-"нашаніўцаў" і прачытаў некалькі сваіх беларускіх вершаў. З 1909 г. яго супрацоўніцтва з газетай "Наша ніва" робіцца вельмі інтэнсіўным, але ў тым жа годзе ў Максіма ўпершыню выразна праяўляюцца сімптомы сухотаў – хваробы, якая дамоклавым мячом вісела над сям’ёй Адама Багдановіча. 1 чэрвеня 1911 г. Максім Багдановіч атрымаў атэстат аб заканчэнні Яраслаўскай гімназіі, збіраўся паступаць на філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, але бацька рашуча запярэчыў гэтым яго планам. І сапраўды, пецярбургскі клімат, жыццё ў студэнцкіх інтэрнатах маглі паскорыць развіццё небяспечнай хваробы… Максім мусіў падаць дакументы ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Тады ж, улетку 1911 г., ён упершыню наведаў Вільню, асабіста пазнаёміўся з "нашаніўцамі", з Браніславам Эпімахам-Шыпілам, а на запрашэнне братоў Луцкевічаў некалькі тыдняў правёў у фальварку Ракуцёўшчына, непадалёк ад Маладзечна. Там, дарэчы, быў напісаны яго вышэйзгаданы цыкл вершаў "Старая Беларусь". Вярнуўшыся ў Яраслаўль да пачатку навучальнага года, Багдановіч працягвае актыўна ліставацца з "нашаніўцамі", дасылае ў газету, у штогадовыя календары ўсё новыя творы, укладае свой першы зборнік паэзіі, які, пасля працяглых затрымак, выходзіць у пачатку 1914 г. у віленскай друкарні Марціна Кухты. У гэты самы час Максім Багдановіч плённа супрацоўнічае з яраслаўскімі газетамі "Голос", "Заря", "Северной газетой", часопісамі "Новый сатирикон", "Украинская жизнь". У гэтых выданнях змяшчаюцца яго літаратуразнаўчыя і культуралагічныя артыкулы й эсэ, тэматыка якіх ахоплівае і праблемы беларускага адраджэння. Працуе Максім Багдановіч і над сваім другім зборнікам паэзіі, якому ён планаваў даць назву "Маладзік" або "Шыпшына". У верасні 1916 г. ён заканчвае юрыдычны ліцэй, а ў канцы таго ж года пераязджае ў Мінск, дзе працуе чыноўнікам губернскай управы і адначасова актыўна супрацоўнічае з Беларускім камітэтам дапамогі ахвярам вайны. Жыве ён у гэты час на кватэры Змітрака Бядулі, беручы чынны ўдзел у працы "Беларускай хаткі", у складанні беларускай чытанкі для малодшых школьнікаў. Адначасова ў розных выданнях з’яўляюцца яго новыя вершы, апавяданні, артыкулы. Але хвароба прагрэсуе. Максім Багдановіч атрымлівае нечарговы адпачынак і ў лютым 1917 г., на параду і пры матэрыяльнай падтрымцы мінскай беларускай грамады, выязджае на лекаванне ў Крым. Там, у Ялце, 25 траўня таго самага года пасля чарговага прыступу хваробы ён памірае ў поўнай адзіноце.

Паэт "чыстай красы". Культ прыгажосці дамінуе ў паэтычнай творчасці Максіма Багдановіча. У значнай ступені гэтая творчасць была запатрабаваная самой хадою "нашаніўскага" адраджэнскага працэсу. Сярод "нашаніўцаў", акрамя вышэйзгаданых братоў Луцкевічаў, вырашальную маральную падтрымку Максіму Багдановічу аказалі Вацлаў Ластоўскі (гэта ўскосна адлюстравана ў палемічным артыкуле "Сплачвайце доўг") ды Сяргей Палуян. Адначасова творцы "народнага", "вясковага" складу далёка не заўсёды разумелі асветніцкую скіраванасць багдановічавай лірыкі. Пазнаёміўшыся з дасланым у 1909 г. у рэдакцыю "Нашай нівы" сшыткам вершаў Максіма Багдановіча, Ядвігін Ш. і Аляксандр Уласаў назвалі гэтыя творы "дэкадэнтшчынай". І толькі з цягам часу шмат якія шчырыя прыхільнікі адраджэння дайшлі да высновы: "чыстая краса" ў паэзіі Багдановіча добра стасавалася з нацыянальнай адметнасцю і патрыятычным пафасам. Паэт увёў у новую беларускую літаратуру гістарычныя вобразы беларускіх інтэлектуалаў: таго ж Францішка Скарыны або невядомых беларускіх манахаў-перапісчыкаў кніг – аднаго з Ваўкавышчыны, другога з Магілёўшчыны.
   Светлы вобраз беларускай гераічнай мінуўшчыны заставаўся сімвалам "адвечнай красы" для Багдановіча да апошніх дзён яго жыцця. У гэтым лёгка пераканацца на прыкладзе верша "Пагоня", які быў упершыню прачытаны на адной з вечарын у мінскай "Беларускай хатцы" напрыканцы 1916 г.
   У катэгорыях Прыгажосці трактуецца і праблема сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення Беларусі:

Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарках залётных агня…

   У яго пазнейшых "Вершах беларускага складу" мы бачым тыпізаваныя вобразы, якім толькі сляпы або тэндэнцыйна настроены чалавек мог бы адмовіць у іх беларускасці. Сённяшнія даследчыкі творчасці Багдановіча заўважылі, што сапраўдным сімвалам мастацкасці, эстэтычнага вяршэнства і акрамя таго сімвалам патрыятызму быў для Багдановіча сціплы ды самавіты вобраз васілька. Васілёк успрымаўся як першааснова быцця, у адрозненне ад канкрэтных матэрыяльных, практычных рэчаў. Гэтак, у вершы "На чужыне" (1908) мы як бы чуем журлівы, даверлівы шэпт гэтай "самай беларускай" краскі:

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
– Здароў будзь, зямляча! Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
– Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане.

   Паняццем красы прасякнутая ўся творчасць Багдановіча. Асаблівае месца тут, натуральна, займаюць жаночыя вобразы. Адметнымі выглядаюць спробы паэта стварыць свой ідэал – беларускай мадонны:

Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці,
І душы мацярэй нас могуць чараваці;
Вышэйшая краса – ў іх злітнасці жывой!
Артысты-маляры схіляліся прад ёй,
Жадаючы з’явіць цераз свае халсціны
Пачуцці мацеры у вобліку дзяўчыны…

"У вёсцы"

 
…У тэй, што з постаццю дзяўчыны
Злівала мацеры чарты.
О, як прыгожы-дзіўны ты,
Двайной красы аблік ядыны!
Ажыў у ім твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!
 
І прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй,
Натхнёнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было,
Там запалілася цяпло…

"Вераніка"
 

   Яшчэ раз падкрэслім, што Максім Багдановіч не застаўся ўбаку ад нашаніўскай літаратурнай дыскусіі 1913 г. У "Каляднай пісанцы" за 1913 г. ён апублікаваў прыпавесць "Апокрыф", дзе, сярод іншага, можна прачытаць наступныя радкі:

"…11. Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але калі зварухнецца душа чалавека, – толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае.
12. Бо спяваюць нават і жабы ў багне. А ці ж не лепшыя вы будзеце за іх?
13. Так навучаў Хрыстос музыку. Але Пётра, пачуўшы словы яго, сказаў: учыцелю, у гэтай краіне ёсць людзі, каторым няма чаго есці. Ці ж не сціснецца ад сораму сэрца таго чалавека, каторы, шукаючы скарынкі хлеба, прыйдзе з песняй да іх?
14. У адпаведнасці яму, сказаў Хрыстос: так, жыццё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ пазбавіць іх красы? Мала дадзена ім – няўжо ж трэба, каб было яшчэ менш?.."

   Засваенне шматвяковай еўрапейскай літаратурнай традыцыі Максімам Багдановічам ішло якраз згодна з прынцыпам: "Прыгажосць – вышэй за ўсё". Гэта мы выразна бачым, да прыкладу, праз тое, якія творы ён адбіраў для перакладу на беларускую мову – шэдэўры сусветнай літаратуры, напісаныя пяром Гарацыя, Авідыя, невядомага аўтара "Слова пра паход Ігаравы", Фрыдрыха Шылера, Гайнрыха Гайнэ, Аляксандра Пушкіна, Юхана-Людвіга Рунеберга, Поля Верлена, Эміля Верхарна… Увасабленне названага прынцыпу мы бачым і ў цыкле "Песні" (каля 1915 г.), створаным пад уплывам вывучэння фальклору і літаратуры самых розных краёў свету – ад Скандынавіі да Сербіі, ад Іспаніі да Японіі. Як літаратурны крытык і публіцыст Максім Багдановіч прысвяціў свае артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, эсэ сярэднявечнаму рыцарскаму раману "Трыстан і Ізольда", творчасці Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко, Тэафіля Гацье, Льва Талстога, Антона Чэхава, Рабіндраната Тагора, Уладзіміра Вінічэнкі, Валерыя Брусава ды інш.

Творчыя шуканні Багдановіча. Уплывы асветніцкага класіцызму, пэўныя элементы неарамантычнай эстэтыкі ў творчасці Максіма Багдановіча ўсё-такі не могуць разглядацца як вызначальныя ў фармаванні яго лірычнага "я": сёння ў гэтай сувязі куды больш лагічна гаварыць пра асаблівае значэнне літаратурнага дэкадансу, імпрэсіянізму і сімвалізму. Можна было б сюды дадаць і паняцце "верленізм" – ад прозвішча аднаго з самых улюбёных паэтаў Максіма Багдановіча.
   Творчасць Поля Верлена і Максіма Багдановіча – хоць яны і належалі да розных стагоддзяў і літаратур – мае шмат агульнага. Гэта – сіметрыя жыццёвых і творчых лёсаў абодвух паэтаў, іх прыхільнасць да сімвалісцкай эстэтыкі.
   Біяграфіі паэтаў лучыць тое, што абодва рана страцілі бацькоў. У дзіцяці Верлена памёр бацька, малы Багдановіч застаўся без маці. Смутак па маці, настальгія па жаночай цеплыні і пяшчоце – адзін з самых устойлівых матываў багдановічавай лірыкі:

Белы крыж, пліта, пад ёй – магіла;
Мілым кветам ружа зацвіла.
Тут калісьці ты, мой друг, спачыла, –
Спарадзіла ў муках і лягла.

Ўсё мінулася – і боль, і гора, –
Ўсё кудысь далёка адышло;
Але строгі надпіс: – Disce mori*
Нагадае, што з табой было.

 "Белы крыж, пліта, пад ёй – магіла..."

   Свае ўласныя жыцці пераасэнсоўваюцца паэтамі як лёсы самотных вандроўнікаў, абдзеленых ласкай блізкіх людзей. Абодва адчуваюць сваю беспрытульнасць, неўладкаванасць. Што праўда, у творах Багдановіча прысутнічае яшчэ і настальгія па недасяжнай Бацькаўшчыне – Беларусі як "зачарованым царстве", аб’екце вечнага беспаспяховага пошуку.
   Творчыя праграмы Поля Верлена і Максіма Багдановіча сугучныя: перадусім ім важная музыкальнасць верша. Паводле Верлена, паэзія нараджаецца ў патаемных нетрах чалавечае душы і гучыць найперш не як слоўная, а як музычная плынь. І потым ужо створаная мелодыя апладняецца словам. "Спачатку музыка", – гаворыць Верлен у знакамітым вершы "Мастацтва паэзіі". "Музыка перш за ўсё!" – уторыць яму Багдановіч у эпіграфе да сваёй "Маёвай песні" (1910). Як і Поль Верлен, тут ён мроіць быццё паэзіі як лёгкі, трапяткі, капрызлівы палёт матылька.
   Стан паэтавай душы пераносіцца на наваколле, і палёт матылька атаесамляецца з эфемернасцю, непастаяннасцю і зменлівасцю жыцця. Гэта добра ўпісваецца ў традыцыю сімвалістаў, якія апявалі не паўнату існавання, а яго крохкасць. І ў паэзіі Максіма Багдановіча нямала напамінаў пра жыццёвы тлен.
   Маргінальнасць, крохкасць светаадчування, музыкальнасць радка, асацыятыўнасць – усё гэта ўваходзіць у мастацкі свет Максіма Багдановіча. Цыкл "У зачарованым царстве" з кнігі "Вянок" змяшчае таксама моманты ірацыянальна-містычнага погляду на светабудову. Нізка "Каханне і смерць", у адпаведнасці з сталай традыцыяй сімвалізму, гранічна збліжае паняцці Эрасу і Танатасу.
   Усе "праклятыя паэты" – ад Шарля Бадлера да Стэфана Малармэ – імкнуцца эстэтызаваць, знайсці прыгажосць у хваробе, нямогласці, фізічных паталогіях. Лірычны герой Максіма Багдановіча таксама штораз скардзіцца на сваё нездароўе: "Я бальны, бесскрыдлаты паэт…" (1909), "Даўно ўжо целам я хварэю…" (1912), "Сцюжа, змрок, я ізноў хвараваты…" (1915-1916) і інш.
Хараство старасці, памірання – здабытак новай, дэкадэнцкай паэзіі. У Багдановіча ёсць верш "Дзед" (1913) – напэўна, адзін з найбольш яскравых у сусветнай паэзіі лірычны твор пра старасць і непазбежную хуткую смерць:

Так цёпла цэлы дзень было,
Што дзед – і той сцягнуўся з печы,
Ля рэчкі сеў, дзе больш пякло,
І грэў пад старай світкай плечы.
 
Сінеўся бор, цякла вада,
Скрозь пахла мёдам і травою…
А дзеду нат і не шкада,
Што хутка будзе ён зямлёю.  

   Маўкліва і нябачна смерць, што прыходзіць на змену хваробе ці старасці, прысутнічае ў вершах Максіма Багдановіча "Разрытая магіла", "С. Е. Палуяну" (абодва 1909), "Жывеш не вечна, чалавек…" (1911), "Не кувай ты, шэрая зязюля…", "Шмат у нашым жыцці ёсць дарог…" (абодва 1912), "Безнадзейнасць" (да 1913) ды інш. У цыкле вершаў "Каханне і смерць" паэт збліжае вобразы антычных божышчаў Эраса і Танатоса зусім у духу "новых" сімвалістаў – паляка Станіслава Пшыбышэўскага, немца Герхарта Гаўптмана, расійцаў Аляксандра Блока, Леаніда Андрэева, Фёдара Салагуба…
   Кволасць, чаўрэнне, паміранне ў вельмі істотнай меры прысутныя ў мастацкім свеце Максіма Багдановіча. Нават у знакамітым цыкле "Места" са зборніка "Вянок" непаўторны вобраз Вільні падаецца найчасцей з асаблівым настроем, супольным з адзінотай, журботай і натхненнем. Самотны паэт знаходзіць у вечаровай і прыціхлай Вільні чарадзейна-містычнага спадарожніка:

Ўспамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні!
Па загаду бурмістра усе, як належа,
Зачынілі ўжо вокны, загасілі агні…
Варта вулкай прайшла… І не спім мы адны –
Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.

"Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!.."

   Адзін з вобразаў, што сімвалізуе ў паэзіі Максіма Багдановіча мяжу быцця і небыцця, – гэта люстэрка. Адзін з першых вершаў цыкла "У зачарованым царстве", які адкрывае зборнік "Вянок", уводзіць гэты вобраз у яго мастацкую сістэму:

Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў Лясун у тым бары.
Зрубілі бор, – лясун загінуў,
Во след яго ад тэй пары:
Сваё люстэрка ён пакінуў…

" Стаяў калісь тут бор стары..."

   Лесунова люстэрка як бы мае дзве паверхні. З аднаго боку ў ім адбіваюцца асака і высокі бор. З другога – у яго глядзіцца Лесуноў брат Вадзянік, які жыве ў перакуленым свеце. Тут ён, "сівавусы, згорблены", "залёг між цінай". Паэт бачыць свет у адзінстве адлюстраванняў. Праз Лесунова люстэрка ён аглядае Беларусь – "зачарованае царства", якое не памерла, а застыла ў Забыцці, перастала рухацца ў Часе. У самнамбулічным забыцці застылі, спыніліся таксама іншыя "персанажы" згаданага цыкла: той жа Вадзянік, Русалка, Змяіны Цар.
   У наступных цыклах "Вянка" самнамбулічная краіна як бы "адчароўваецца". Застылы час зрушваецца з месца – і ранейшая міфалагічная прастора запаўняецца культурнай гісторыяй рэальнай краіны. Тут жывуць дбайныя перапісчыкі старых кніг, летапісцы, мудры доктар Скарына, слуцкія ткачыхі… Гісторыя Беларусі, нібы рака, уліваецца ў людское мора – Вільню (згаданы цыкл "Места"). Але і тут рух не спыняецца: думкі лірычнага героя сягаюць космасу, "зоркі Венеры", сузор’яў Геркулеса, Кароны, цэлай галактыкі – Млечнага Шляху…
   У творчасці Багдановіча нямала выразных праяў, што здымаюць "праклёны" дэкадансу, своеасабліва кампенсуюць іх. Гэта паэтычны віталізм, адраджэнцкі пафас і славутыя рэнесансавыя вобразы Мадоннаў. Максім Багдановіч, такім чынам, спрычыніўся да стварэння адметнай нацыянальнай мадэлі сімвалізму, у якой дэкадансавыя настроі пераплятаюцца з рэнесансавымі.
   Зборнік "Вянок" можа быць разгледжаны як гарманічнае цэлае, што замкнула ў сабе яснае і цьмянае, здаровае і хворае, жыццясцвярджальнае і тленнае. Паводле вынікаў апытання чытачоў узноўленай "Нашай нівы", праведзеным у 2000 г., "Вянок" Багдановіча быў прызнаны беларускай Кнігай ХХ ст. Калі б лёс даў Максіму магчымасць завяршыць складанне другой кнігі, хутчэй за ўсё, яна магла б стаць побач з "Вянком". І ўсё-такі апошнія, напісаныя ў далёкай Ялце, радкі 25-гадовага паэта сведчылі пра ўжо здзейснены Чын яго жыцця:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

"Ў краіне светлай, дзе я ўміраю..."

   Пра творчасць Максіма Багдановіча, яго незвычайную асобу сёння мы можам прачытаць грунтоўныя даследаванні, кнігі, эсэ Мікалая Грынчыка, Алега Лойкі, Міхася Стральцова, Барыса Бур’яна, Алы Кабаковіч, Рыгора Бярозкіна, Уладзіміра Конана, Івана Навуменкі, Льва Зубарава. У Мінску і Гродне існуюць літаратурныя музеі Максіма Багдановіча. Асэнсаванню вобраза Максіма Кніжніка прысвечаныя аперэта Юрыя Семянякі на лібрэта Алеся Бачылы "Зорка Венера" і поп-опера Ігара Паліводы (лібрэта Леаніда Пранчака) "Максім". У памяць пра Багдановіча ўсталяваныя помнікі ў Мінску, Ялце, Місхоры, Яраслаўлі, названыя вуліцы ў шэрагу беларускіх гарадоў. Сёння паэзію Максіма Багдановіча можна прачытаць у таленавітых англійскіх (Вера Рыч, Уолтэр Мэй), украінскіх (Раман Лубкіўскі, Міхал Драй-Хмара, Уладзімір Лучук, Дзмітро Паўлычка), расійскіх (Браніслаў Спрынчан, Аляксандр Пракоф’еў), балгарскіх (Хрыста Папоў, Найдан Вылчаў), польскіх (Віктар Варашыльскі, Адам Паморскі, Ян Гушча, Тадэвуш Хрусцялеўскі) і іншых перакладах. І ўсё-такі не-не ды прымушаюць нас задумацца горкія радкі з верша сучаснага паэта Эдуарда Акуліна:

…Максім, не вяртайся з далёкае Ялты:
Цябе не пазнае тутэйшы народ.



* Disce mori (лац.) – "вучыся паміраць".


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

 

Похожие статьи:

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Страцім-лебедзь

Максім БагдановічПатрыятычная лірыка Максіма Багдановіча

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Вадзянік

Максім БагдановічТворчасць Максіма Багдановіча

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Маёвая песня