Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Лідзія Арабей - Шурава крыўда

Увага!!! Поўны змест
  
   Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем гадоў, і ён пайшоў у школу. Гэтая змена ў жыцці брата мела для Шурыка не меншае значэнне, чым для самога Петруся. Аднак калі Петрусёва жыццё стала больш шчаслівым і радасным, то жыццё Шурыка зрабілася зусім сумным. I не дзіва. Петрусю накуплялі сшыткаў і кніжак, тата купіў яму вялікі карабок рознакаляровых алоўкаў а неўзабаве прынёс і партфель. Вялікі, жоўты, з бліскучым замком і маленькім ключыкам. Партфель так прыемна пахнуў, што Шурык, каб Пятрусь дазволіў яму, стаяў бы і нюхаў гэты партфель цэлую гадзіну.
   Але дзе там! Пятрусь замкнуў кніжкі і сшыткі ў партфель, ключык паклаў у кішэню, а партфель павесіў высока на цвічок і сказаў Шурыку, што калі ён хоць пальцам дакранецца да яго скарбаў, то... I Пятрусь паказаў кулак.
   Шурык разумеў, што азначае гэты жэст: з Петрусёвым кулаком яму даводзілася мець знаёмства не адзін раз. Але раней Шурык нядоўга помніў крыўды старэйшага брата, бо часцей за ўсё Пятрусь даваў яму кухталя ў час гульні. А ў гульні чаго не бывае! Акрамя таго, калі Пятрусь біўся, Шурык пачынаў плакаць, і на выручку прыходзіла мама. Яна сцёбала Петруся ручніком і сварылася на яго:
   – Ты чаго крыўдзіш меншага брата? Ты яго вучыць ды абараняць павінен!..
   Але так было яшчэ да таго, як Пятрусь пайшоў у школу. Цяпер старэйшы брат амаль і не крыўдзіў малодшага, бо больш не гуляў з ім. Зараз Пятрусь проста не звяртаў на Шурыка ўвагі. Прыбягаючы са школы, Пятрусь, калі мама была дома, яшчэ з парога, не распранаючыся, хваліўся адзнакаю, якую атрымаў, і, наспех паабедаўшы, бег на вуліцу, да хлопцаў, якія таксама ў гэтым годзе пайшлі ў першы клас. Гадзіны праз дзве ён прыбягаў дадому і, уважліва агледзеўшы, ці на месцы партфель, ці не дакранаўся да яго меншы брат, садзіўся рыхтаваць урокі.
   I гэта быў самы пакутлівы для Шурыка час.
   Пятрусь раскладваў на стале ўсё сваё багацце, браў буквар і пачынаў чытаць. А Шурык пакутаваў. Яму было так цікава, як гэта з кружочкаў і палачак, што называюцца літарамі, атрымліваюцца словы – «мама», «тата», «Маша», «Міша». Шурыку вельмі хацелася падысці да брата і спытацца, але ён ведаў, што Пятрусь не захоча з ім і гаварыць, адразу прагоніць ад сябе.
   I ўсё ж хлопчык рабіў спробы. Ён паціхеньку падыходзіў да стала і, выцягваючы шыю, заглядаў у кніжку, якую трымаў Пятрусь. А той нібы толькі і чакаў гэтага.
   – Ну, чаго табе тут? – строга гледзячы на Шурыка, гаварыў брат.
   – Я... я... – заікаўся Шурык, – я хачу паглядзець, як ты чытаеш...
   – Ідзі, ідзі, – грозна пакрыкваў Пятрусь. – Ты яшчэ малы. Табе толькі шэсць гадоў. Вось пойдзеш у школу, тады будзеш сам чытаць, а зараз – не замінай.
   – Я не буду замінаць, – прасіў Шурык. – Я толькі буду стаяць і глядзець.
   Але Пятрусь не мог дазволіць брату і гэтага.
   – Мама! – крычаў ён. – Шурык не дае мне вучыць урокі!
   I мама, мама, якая калісьці заўсёды заступалася за Шурыка, цяпер брала ручнік і праганяла яго ад стала.
   Шурык садзіўся на лаўку ў другім канцы пакоя і з зайздрасцю і крыўдай паглядаў на брата...
   Аднойчы, збіраючыся рыхтаваць урокі, Пятрусь палез у кішэню і жахнуўся – ключыка ад партфеля не было. Ён некалькі разоў ператрос усе свае кішэні – ключык як у ваду кануў. Тады Пятрусь пачаў пераварочваць хату: перагледзеў усе шуфлядкі, лазіў пад сталамі, пад ложкамі, вымятаў з-пад прыпечка, але ўсё дарэмна, – згуба не знаходзілася.
   – Чаго ты поўзаеш пад нагамі? – узлавалася маці. – Што ты шукаеш?
   – Ключыка няма... – ледзь не плачучы, прызнаўся Пятрусь.
   Тады за пошукі ўзялася і мама.
   – А навошта табе было замыкаць партфель, – гаварыла яна шукаючы. – Хіба ў хаце зладзеі ёсць, што ты ўсё хаваеш?
   – Ага, – усхліпваў Пятрусь, – не замкні, дык Шурка ў партфель будзе лазіць...
   А Шурык тым часам поўзаў па падлозе на каленях – дапамагаў шукаць ключык.
   – I не лазіў бы я, – бурчаў ён. – Навошта мне лазіць, калі ты не даеш... Не даеш, дык і не палезу... – I раптам ён закрычаў: – Вось ён! Вось ключык! Ён тут ляжыць!
   Пятрусь і мама кінуліся да Шурыка, які сядзеў пад сталом.
   – Вунь, у падлозе, у шчыліне! – крычаў Шурык. – Толькі я дастаць не магу, бо мой палец не лезе.
   Тады мама нагнулася і, выняўшы з валасоў шпільку, выкалупала ключык са шчыліны.
   Тое, што Шурык знайшоў ключык, вырашыла яго лёс. Пятрусь быў так рады і ўдзячны брату за знаходку, што дазволіў яму сядзець за сталом насупраць сябе і глядзець, як ён, Пятрусь, рыхтуе ўрокі.
   Радасць Шурыка была бязмежнай. Ён ціхенька, баючыся дыхнуць, сядзеў на табурэце насупраць брата і сачыў за Петрусёвым пальцам, якім той вадзіў па кнізе. А Пятрусь ставіў палец пад літару, якая нагадвала рагатку, і казаў: «У». Пасля пераводзіў палец пад літару, падобную на серп без ручкі, і казаў: «С». Наступная літара нічога не нагадвала Шурыку і называлася «а», а літара, якая ішла пасля «а», была падобна на вілы, у якіх адламалася ручка. Пятрусь называў яе «ш».
   Прайшоўшыся пальцам некалькі разоў праз увесь радок гэтых рагатак, сярпоў ды вілаў, Пятрусь прачытаў:
   – У Сашы мячык.
   Шурык, седзячы з другога боку стала, пазіраў I запамінаў.
   I так цяпер было кожны дзень. Пятрусь упэўніўся, што брат не перашкаджае яму, і не праганяў яго.
   Неўзабаве Шурык ведаў ужо многа літар. Але паколькі кніжка заўсёды ляжала да яго дагары магамі, то і літары ён ведаў... дагары нагамі.
   Між тым жаданне пачытаць самому не пакідала яго ні на хвіліну. Цярпліва дачакаўшыся, калі брат скончыць вучыць урокі, Шурык кожны вечар прасіў:
   – Пятрусь! Дай мне кніжку паглядзець! Я не запэцкаю, у мяне рукі чыстыя, – і ён паказваў Петрусю свае ружовыя, сапраўды чыстыя далоні.
   Пятрусь зняважліва глядзеў на брата і казаў:
   – Няма чаго! Гэта табе не цацка, а кніжка. Падзярэш яшчэ!..
   Неяк раз – вось радасць! – тата паехаў у раён і прывёз адтуль Шурыку кніжку. Праўда, не такую, як у Петруся, а намнога танчэйшую, але з вельмі цікавымі малюнкамі і з вялікімі літарамі. У першы ж дзень тата прачытаў Шурыку кніжку. Гэта была вельмі цікавая казка пра Калабка, які ўцёк ад дзеда і бабы.
   Назаўтра Шурык цэлы дзень разглядаў малюнкі і шукаў знаёмыя літары. Аднак сярод палачак, рагулек і кружочкаў, якімі была напісана казка, было многа і незнаёмых Шурыку.
   – Пятрусь, а як называецца гэтая літара? – Бег Шурык да брата.
   – Ідзі ад мяне, – казаў звычайна брат. – Малы ты яшчэ літары ведаць.
   Шурык адыходзіў, пакрыўджаны, а пасля зноў вучыў літары, седзячы з другога боку стала, калі старэйшы брат рыхтаваў урокі.
   I вось неяк раз у нядзелю, калі тата і мама былі дома, Шурык вырашыў пахваліцца сваімі поспехамі.
   – Тата, – сказаў ён бацьку, – а я ўжо чытаць умею! Хочаш, пачытаю тую кніжку, што ты мне купіў!
   – Няўжо ўмееш? – здзівіўся тата. – Ну што ж, пачытай, – усміхнуўся ён.
   Шурык узяў кніжку.
   – Вось тут напісана «баба», а вось тут – «калабок», – пачаў ён вадзіць пальчыкам.
   Паслухаць Шурыкава чытанне падышлі мама і Пятрусь. I раптам мама здзіўлена ўсклікнула:
   – Сыночак, а чаму ж ты кніжку трымаеш дагары нагамі?
   Пятрусь гучна зарагатаў:
   – Ха-ха-ха! Чытака! Паглядзіце на яго! Кніжкі трымаць не ўмее, а чытаць бярэцца!
   Засмяяліся і тата з мамаю. Шурык збянтэжана пазіраў на іх. Ён чакаў, што яго пахваляць, а тут смех.
   – Хто цябе вучыў чытаць, сынок? – ужо сур’ёзна спытаў тата.
   – Я сам вучыўся, – ледзь не плачучы ад крыўды, адказаў Шурык.
   – А як ты вучыўся? – дапытваўся бацька.
   – Глядзеў, як Пятрусь чытае, – усхліпнуў Шурык.
   Тата раптам усё зразумеў.
   – Скажы, Пятрусь, – павярнуўся ён да старэйшага сына, – а што, калі б да вас у школу прыйшоў хлопчык, які ўмеў бы чытаць толькі дагары нагамі?
   – Ды мы б яго засмяялі, – адказаў Пятрусь.
   – А табе было б прыемна, каб смяяліся з твайго брата?
   Пятрусь маўчаў. Яму, канешне, было б непрыемна, калі б з яго брата пачаў нехта смяяцца. З брата мог смяяцца толькі ён сам.
   – Вось бачыш, – гаварыў далей бацька. – А хто вінаваты, што Шурык так чытае? Ён, напэўна, не раз да цябе падыходзіў: «Пятрусь, пакажы, скажы, як гэта літара называецца», а ты праганяў брата, не хацеў яму растлумачыць.
   Петрусю зрабілася вельмі сорамна. Ён успомніў, як замыкаў ад Шурыка партфель, не даваў яму нават глянуць у кніжку. Потым уявіў сабе, як яго брата выклікае настаўніца, Зінаіда Іванаўна, і гаворыць, каб ён прачытаў хатняе заданне. Шурык бярэ кнігу дагары нагамі, і ў класе чуецца гучны рогат...
   Пятрусь глянуў на Шурыка, які стаяў з апушчанаю галавою, з казкаю ў руках, пасля на тату і хутка загаварыў:
   – Я больш не буду... Я больш не буду яго крыўдзіць і праганяць. Я яго перавучу, пакажу яму ўсе літары, як іх трэба чытаць, каб не дагары нагамі, а так, як трэба.
   Шурык, не разумеючы, у чым справа, чаму ўсхвалявалася мама і за што сварыцца на Петруся тата, але адчуваючы, што прычына ўсяго гэтага – ён, голасна заплакаў.
   Пятрусь павярнуўся да брата, абняў яго і пачаў суцяшаць:
   – Ну, ціха, не плач, я больш не буду цябе крыўдзіць, ніколі-ніколі, я пакажу табе ўсе літары...
   Гэта былі першыя ласкавыя словы, сказаныя Петрусём да меншага брата, але, напэўна, не апошнія.

Похожие статьи:

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Мікіткаў сон

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Зернетка і вецер

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Мама

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Новы сшытак

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Маё і тваё