Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лідзія Арабей - Прынцэса Такхачу

   Жыла ў адным каралеўстве прынцэса па імені Такхачу. Была яна адна дачка ў таткі з мамкаю, бацькі яе надта любілі і песцілі, дазвалялі рабіць усё, што ёй хацелася.
   Было ў Такхачу трое сяброў – Паслушка, Смелячок і Малашка, і Такхачу імі вельмі камандавала. І дзеці слухаліся яе. Паслушка таму, што была вельмі паслухмяная, Смелячок таму, што баяўся, каб прынцэса не падумала, быццам ён нечага спалохаўся, а Малашка, бо была самая маленькая і рабіла ўсё так, як рабілі большыя.
   Доўга выконвалі дзеці ўсе загады прынцэсы, але аднойчы...
   Гуляючы за каралеўскім палацам, адбегліся яны крышку далей і ўбачылі сажалку, зарослую па берагах аерам.
   – Мора, мора! – закрычала Такхачу.
   – Мора, мора, – заківалі галовамі дзеці, якія самі ніколі не бачылі мора і паверылі прынцэсе, што мора такое і ёсць.
   – Давайце купацца ў моры, купацца ў моры! – закрычала прынцэса і пачала скідаць свой сарафанчык.
   І дзеці распрануліся, пабеглі да сажалкі. Паслушка і Смелячок адразу ў ваду скочылі, а Малашка прыпынілася на беразе.
   – Ой, тут жабы, – спалохана прапішчала яна.
   – Падумаеш, жабы! – закрычала прынцэса. – Ідзі купацца, я так хачу!
   Але Малашка стаяла на беразе і калацілася ад страху. Надта хацелася ёй туды, дзе плюхаліся ўжо Смелячок і Паслушка, але ніяк не магла яна сябе прымусіць пераступіць цераз жабу, што сядзела акурат у тым месцы на беразе і глядзела на Малашку лупатымі вачамі.
   – Баюся я, жабы тут, – заплакала Малашка.
   – Сама ты жаба! – закрычала на яе Такхачу. І толькі яна так сказала, як Малашка – хлоп – і ў жабу ператварылася. Скок – і знікла ў зарасніку аеру!
   Паслушка і Смелячок выбеглі з вады, пачалі гукаць:
   – Малашка, Малашка, дзе ты, вярніся!
   – Ква, ква, – пачулася з аеру. І невядома было, хто гэта квакае, ці звычайная жаба, ці Малашка, якая жабаю зрабілася.
   Дзеці стаялі, чакалі, можа, Малашка вернецца, зноў з жабы ў дзяўчынку ператворыцца, але Малашкі не было. Сумныя вярталіся яны дадому.
   – Падумаеш, – сказала Такхачу. –І без яе абыдземся. Яна знарок, мне на злосць у жабу ператварылася.
   Назаўтра дзеці зноў пайшлі гуляць. Пакіраваліся ў другі бок ад палаца і скора апынуліся пасярод шырокага зялёнага поля. А над полем птушкі лятаюць, ды з залатымі пёрамі. Блішчаць іхнія пёры, на сонцы пераліваюцца. Спадабаліся прынцэсе птушкі, яна і кажа Смелячку:
   – Злаві мне птушку! Я ў клетку яе пасаджу і буду ёю любавацца!
   Не хацелася Смелячку ісці птушку лавіць, шкада было яму птушкі – так вольна, весела ёй над гэтым зялёным полем, а Такхачу пасадзіць яе ў клетку. Хацеў ужо сказаць прынцэсе, што не пойдзе ён лавіць птушкі, ды спужаўся, што прынцэса яго баязліўцам палічыць.
   Дачакаўся Смелячок, калі птушкі на зялёную траву паселі, пачаў да іх падкрадвацца. Падкраўся блізенька, скочыў, каб злавіць, а тыя – пырх – і паляцелі!
   – Варона ты, варона! – закрычала прынцэса на Смелілячка. – Птушку правароніў!
   І толькі сказала Такхачу на Смелячка варона, як хлопчык – раз – і ў варону ператварыўся. Узняў чорную галаву з цвёрдаю дзюбаю, паглядзеў з крыўдаю на Такхачу, махнуў чорным крылом і паляцеў.
   – Куды ты, Смелячок? – закрычала Паслушка. – Вярніся!
   Але Смелячок нават не азірнуўся, паляцеў на край неба.
   – Падумаеш! – сказала Такхачу. – І без яго абыдземся! Гэта ён мне на злосць у варону ператварыўся, каб птушкі не лавіць!
   Засталася ў прынцэсы адна толькі сяброўка – Паслушка. Толькі з ёю гуляла цяпер прынцэса, прымушала рабіць усё, што ёй самой хацелася. І Паслушка слухалася.
   Аднойчы, гуляючы, зайшлі яны далёка ў цёмны лес. Заблудзіліся і доўга блукалі па тым лесе, пакуль на дарогу выбраліся. А да палаца яшчэ далёка.
   – Я стамілася, нясі мяне, – загадала прынцэса Паслушцы.
   Паслушка – на тое яна і паслушка – прысела на кукішкі, спіну прынцэсе падставіла. Залезла тая ёй на гергі, і Паслушка панесла.
   Нясе, нясе, а сама потам абліваецца, ногі згінаюцца ад знямогі – цяжкая прынцэса. А сядзіць ды яшчэ падганяе.
   – Што ты так марудна паўзеш, гэтак мы і да ночы дадому не вернемся!
   А Паслушка ўжо астатнія сілы траціць.
   – Адпачну крышку, – просіць яна прынцэсу. – Цяжкая ты.
   – Хлусіш, хлусіш! Зусім я не цяжкая! Мае слугі кажуць мне, што я лёгенькая, як матылёк!
   Зноў ідзе Паслушка, нясе прынцэсу, а ўжо вочы свету белага не бачаць, у грудзях дыхання не хапае, спіна, здаецца, вось-вось пераломіцца.
   – Хутчэй! Хутчэй! – камандуе Такхачу.
   Напружылася Паслушка, каб скарэй ісці, і не здолела, павалілася. І прынцэса павалілася, у пыл сукенку запэцкала, моцна раззлавалася.
   – Ах ты, хітрая лісіца! Гэта ты знарок павалілася, каб мяне не несці! – закрычала яна.
   І толькі сказала прынцэса хітрая лісіца, як Паслушка – р-раз – і ў лісіцу ператварылася. Вільнула пушыстым рудым хвастом і ў лес пабегла.
   Засталася прынцэса адна. Сама, сваімі нагамі пайшла дадому.
   А назаўтра ўстала, паснедала і зноў гуляць сабралася. Ды тут агледзелася, што няма ёй з кім гуляць.
   Села Такхачу на залатую лавачку каля палаца, сядзіць, нагамі матляе. А хоць лавачка і залатая, калі сядзіш ты на ёй адна, усё роўна табе весела не будзе. І хоць ты самая важнейшая прынцэса, калі ў цябе няма сяброў, жыць табе будзе вельмі сумна.
   Прыйшла прынцэса да жабінай сажалкі, пачала гукаць:
   – Малашка, Малашка, вярніся, я больш не буду абзывацца!
   Але Малашкі нідзе не было.
   Пайшла прынцэса на зялёнае поле, пачала клікаць Смелячка:
   – Смелячок, Смелячок, дзе ты?!
   Але і Смелячок не адзываўся.
   Пакіравалася прынцэса да зялёнага лесу, загукала:
   – Паслушка, Паслушка!
   Але Паслушкі і след прапаў.
   Так і засталася прынцэса адна.

 

Похожие статьи:

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Новы сшытак

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Маё і тваё

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Мама

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Прынцэса Нехачу

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Мікіткаў сон