Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Лідзія Арабей - Прынцэса Нехачу
Жыла-была на свеце прынцэса, і звалі яе Нехачу. Раніцою слугі будзяць яе ўставаць, а прынцэса крычыць:
– Не хачу!
Слугі да ложка бліжэй падступаюць, а яна каторага нагою з-пад коўдры – бэнц!
Тыя з другога боку заходзяць, а прынцэса ім кулаком у нос:
– Не хачу ўставаць!
І валяецца ў ложку, пакуль бакі не адлежыць ды есці не захоча. Нарэшце падымецца.
Слугі ёй тазік з вадою нясуць, кавалачак мыла пахучага, каб умылася пасля сну. А яна тое мыла ў тазік – боўць:
– Не хачу ўмывацца!
Паснедае прынцэса пірагамі ды кісялямі – за ўрокі пара брацца. Слугі ёй кніжкі, сшыткі нясуць. А яна зноў:
– Не хачу вучыцца!
І колькі ні просяць, колькі ні ўгаворваюць – і кароль з каралеваю, і слугі, – нават узяцца за кніжку не хоча. Так і расла прынцэса, адно любімае слова маючы:
– Не хачу!
Ішлі гады, прынцэса падрастала. Вось ужо і замуж ёй пара. Але хто возьме такую – нямытую ды невучоную?
А кароль і каралева самі рады ўжо былі б збыць прынцэсу са двара. Падгаварылі яны слуг, тыя схапілі прынцэсу, сілком памылі, прычасалі, у прыгожую сукенку прыбралі, на багатае крэсла пасадзілі.
І пачалі прынцэсе кавалераў зазываць.
Прыскакаў на кані каралевіч з Заходняга каралеўства. Прынцэса глянула на яго і скрывілася:
– Не хачу за яго замуж, у яго нос доўгі!
Пакрыўдзіўся каралевіч, паскакаў назад у сваё каралеўства.
Прымчаўся на аленях царэвіч з Паўночнага царства. Глянула на яго прынцэса і зморшчылася:
– Не хачу за яго замуж, у яго вочы касыя!
Пакрыўдзіўся царэвіч, памчаўся назад у сваё царства.
Прыехаў на вярблюдзе хан з Паўднёвага ханства. Глянула на яго прынцэса і нос закапыліла:
– Не хачу за яго замуж, у яго губы лупатыя!
Пакрыўдзіўся хан, паехаў назад у сваё ханства.
Хутка па свеце пагалоска пайшла, што прынцэса ўсіх кавалераў бракуе і перасталі ездзіць да яе ў сваты. А яна і сама ўжо сядзіць, чакае, можа, хто яшчэ прыедзе, але ніхто не паказваецца.
Раззлавалася прынцэса, скінула прыгожую сукенку, у якую слугі яе апранулі, не давала больш сябе ні ўмываць, ні прычэсваць, яшчэ з большаю злосцю крычала ўсім:
– Не хачу!
А гады каціліся, каціліся. Вось памерлі ўжо кароль з каралеваю. Слугі не хацелі больш служыць такой прынцэсе і паразбягаліся. Засталася яна адна ў вялізным палацы. Палац той за гады састарэў – столь пакрывілася, падлога паламалася, печы пахіліліся. І сама прынцэса састарэла – валасы пасівелі, твар зморшчыўся, спіна сагнулася. Ходзіць адна па цёмным палацы ў падранай адзежы, з кудлатымі сівымі валасамі, і толькі совы ды кажаны вакол яе лятаюць.
Усе людзі гаварыць пачалі, што ў палацы жыве злосная ведзьма.
А хто бачыў яе зблізку, ніколі не мог падумаць, што некалі гэтая ведзьма была прынцэсаю.
Похожие статьи:
Лідзія Арабей → Лідзія Арабей - Мікіткаў сон
Лідзія Арабей → Лідзія Арабей - Маё і тваё
Лідзія Арабей → Лідзія Арабей - Новы сшытак