Свой белы верш пра чорную бяду
Пішу не для прыхільнікаў паэзіі –
Пішу я для прыхільнікаў жыцця
I ў тых імя, што так жыццё любілі.
Як быў далёка горад той ад нас,
Ад нашых вёсак, гарадоў і хатаў,
Што нават і не ведалі, што ёсць
Ён на Палессі з назваю Чарнобыль.
I раптам – блізкім стаў ён, як сусед –
Пенсіянер, што не залечыць раны.
Так блізкі, як суніцы ад рукі
У нашым лесе, як вада са студні...
Як светлая дзяўчына, у якой
У клініцы прызналі лейкемію.
А ёй – семнаццаць. У двары – вясна.
I пад акном насвіствае пагодак...
Што розум наш без мудрасці?! Заўжды
Ён небяспечны для ўсяго жывога.
Рука тварца без мудрасці – карае.
I ў гэтым вінен не адзін тварэц,
А ўсе мы, як падсобнікі задумы.
...Не з раніцы да вечара жывём.
Жывём ад чалавека к чалавеку.
Дай Бог дажыць нам ад сябе да ўсіх!
Дай Бог ва ўсіх пазнаць Сябе самога!
Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с.
Похожие статьи:
Мікола Мятліцкі → Мікола Мятліцкі - Санеты Чарнобыля
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Чарнобыля ў беларускай паэзіі
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Аб самым смачным...
Алесь Пісьмянкоў → Алесь Пісьмянкоў - 1986
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Боль Чарнобыля