Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Леанід Галубовіч - верш "Паэзія"

Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае суровыя законы
Не для забаў, не для гульбы —
А пошук ісціны да скону.

Ты — рай, паэзія. Ты — рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.

Ты — жаль, паэзія. Ты — жар.
Я па тваім хаджу вуголлі.
Чыя не прагнула душа
Твайго зняволення і волі?

Ты — сум, паэзія. Ты — суд
I мрояў нашых, і здзяйсненняў.
Хай душы шчырыя нясуць
Высокі лад тваіх памкненняў!

Ты — яд, паэзія. Ты — сад
З адзіным яблыкам спакусным.
Над ім — каторы год падрад! —
Мае збалела смягнуць вусны...

Ты — боль, паэзія. Ты — бой.
Ты — праўды непрыступнай вежа.
Я — праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..
 

 

Адказы на пытанні:

   1. Чалавек, які захапляецца паэтычнымі творамі знаходзіць для сябе адказы на многія пытанні. У вершы Леаніда Галубовіча "Паэзія" гучыць думка аб шматграннасці тэм вершаваных радкоў і яскравых хвілінах жыцця, калі прыходзіць натхненне, пачуццёвасці і душэўнасць вершаў, іх значэнне ў жыцці кожнага чалавека.
   2. Леанід Галубовіч у вершы "Паэзія" падбірае трапныя словы, якімі характарызуе сутнасць паэзіі. Словы ў мастацкім творы, вершы не заўсёды суадносяцца з словамі паўсядзённай мовы. У літаратурным творы слова не існуе абасоблена, яно звязана з астатнімі мноствам граматычных, сінтаксічных, сэнсавых, стылістычных сувязяў. У паэзіі слова набывае асаблівую выразнасць, становіцца ёмістым, сціслым, шматзначным. У кожным вершы свая тэма, ідэя, пачуцці. Падзеі, якія адбываюцца вакол нас штодзённа, аказваюць на паэта моцнае ўражанне, вызываюць у яго душы асаблівы водгук, усплёск пачуццяў. Таму ў вершах усё часта перабольшана, узмоцнена. Паэт таму і можа аказаць на нас уздзеянне сваёй творчасцю, бо пачуцці, перажытыя намі, зведаў у шмат разоў мацней. Паэзія можа перадаваць трагічнае, паказваць рэальныя падзеі, радаваць чытача, сумаваць разам з ім, асуджаць нейкія ўчынкі, заклікаць да змагання, суцяшаць, раіць, дапамагаць.
   3. У двух першых чатырохрадкоўях азначэнні паэзіі здаюцца вынікам не толькі цяжкіх роздумаў паэта, але і цвёрдых перакананняў і мужнасці.
   Асаблівасць паэзіі заключаецца ў тым, што яна засяроджана на адлюстраванні ўнутранага свету чалавека. Гэта і адрознівае яе ад эпічных і драматычных твораў. Паэзія перадае ўражанні, роздум, перажыванні, настроі, думкі і пачуцці, якія ўзніклі ў душы паэта пад уплывам жыццёвых абставін. Таму ў вершах паказваецца і боль (верш А. Лойкі "У матчын дзень", Генадзя Бураўкіна "Словы жудасна паміраюць..."), і суд (верш Рыгора Барадуліна "Маналог зямлі", Пімена Панчанкі "Сармацкае кадзіла"), і бой (верш Генадзя Бураўкіна "Што паробіш..."), і каханне (А. Русака "Толькі з табою"), і сум (верш М. Багдановіча "Непагодаю маёвай"), і радасць (верш Е. Лось "Лірыка ліпеня").
   4. Чыя не прагнула душа твайго зняволення і волі? – многія людзі мараць аб паэтычных здольнасцях, але для валодання паэзіяй мала аднаго жадання, патрэбен і талент да вершаванага слова.
   Праведнік і грэшнік твой – той, хто кіруецца высокімі думкамі паэзіі і часам ідзе насуперак ім, хоць і не па ўласным жаданні.
   5. Верш пабудаваны на ўнутраным сугуччы рыфм: боль – быль, рай – рой, жаль – жар, сум – суд, боль-бой. Гэта ўносіць ў верш напружаную, узбуджаную інтанацыю. Паэт уздымае пытанне аб ролі паэзіі ў нашым жыцці, яго хвалюе значэнне паэзіі для кожнага чалавека.
   6. У вершы шмат разнастайных азначэнняў паэзіі, таму што змест вершаў, паказ падзей таксама разнастайныя: перадаюцца пачуцці, настрой, ствараюцца кантрасныя па сэнсу вобразы-параўнанні.