Тут белы дзень і белы цвет
палотнаў у каморах.
У белай світцы белы дзед,
а ўнук бялявы поруч.
Бярозаў белым-белы стан,
ля іх красуня ў белі,
звісае белая каса,
як белы лён з кудзелі.
I белы сыр і белы стол
паважныя, аж люба.
Уся сямейка навакол
сядзіць ля белай бульбы.
Над імі маці са збанком
і дочкі, як галубкі.
Струменем белым малако
паволі льецца ў кубкі.
Абраз пад белым ручніком,
бялявыя дзяўчаты
і белы бэз, што пад акном,
як снег, буслы над хатай.
I вішні бела зацвілі,
і з белай грывай коні.
Чарнелі толькі мазалі
рубцамі на далонях.
Похожие статьи:
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Зіма. Мароз кусаецца...
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Зіма
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Вясковы дом
Ларыса Геніюш → Творчасць Ларысы Геніюш
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Аблокі