Мінулі дні асенняй, бурай слякаці,
падмёрзлы грунт завалакло сняжком.
Такая рань, што хочацца расплакацца
насустрач сонцу й лёгкім аблаком.
Уквеціў шэрань голлі непакрытыя,
за ночку стрэхі снегам падбяліў,
як быццам нечасаную, нямытую
сялібу нашу нехта палюбіў.
Я ў цёплай хусце выбегла на ганачак,
на вуснах смех, такі нячасты госць.
Бязмэтна неяк выглядаю саначак,
якімі адзвінела маладосць.
А тая даль паўзе-гудзе машынамі,
праезджым экскаватарам раве,
і гасне маладосць мая шыпшынная,
як светлы дзень ў вячэрняй сіняве.
Што ж, маладосць усім здаецца казачнай.
Вось і мая: у полі ля сяла
праехала пад звоначкі на саначках,
па росных межах басанож прайшла.
Ляцець бы так санямі параконнымі
ля сонных хатаў, ля дарожных вех,
каб даль звінела вокал галагонамі,
а з-пад капытаў разлятаўся снег.
Сялянскі нораў, кроў мая мужыцкая
да коней сэрцам цягне, да сяла.
Жыву даўно забытымі прывычкамі...
Што ж, маладосць сярод палёў прайшла.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Хутка зіма
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - На каньках
Кастусь Жук → Кастусь Жук - Беларуская зіма
Кастусь Жук → Кастусь Жук - Снежань
Пераказы, дыктанты → Зімой у лесе (Паводле Я. Галубовіча)