Да зямлі беларускай,
Да каханай зямлі
Зноў вяртаюцца гусі,
Зноў вяртаюцца буслы
Ды лятуць жураўлі.
Закружылі над Зэльвай,
Паляцелі дамоў.
На гняздо сваё села
Пара чорная з белым
Даўганогіх буслоў.
І ляскочуць ад рання,
І будуюць, як мы,
Цэлы дзень ад світання
Ўсё ўдваіх да змяркання
Свае гнёзды-дамы.
На высокай таполі
Бусел кладку кладзе,
Толькі б бліжай да сёлаў,
Да працоўнае долі
Простых нашых людзей.
І хоць зноў ім на зіму
Ў чужы край адлятаць,
Як жа гэту Радзіму,
Хлебаробнае дзіва, –
Як яе не кахаць.
Похожие статьи:
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Зіма. Мароз кусаецца...
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Вясковы дом
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Зіма
Ларыса Геніюш → Творчасць Ларысы Геніюш
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Аблокі