– Скажы, скуль ты, хлопча?
– З зямлі беларускай –
стуль, дзе льецца Нёман
мігатлівай стужкай.
Дзе лугі буйныя,
ураджайны землі,
дзе старыя вербы
ля гасцінцаў дрэмлюць.
Дзе лясы як ў казцы –
ўсё з дубоў адвечных;
дзе у нетры пушчаў
глянуць небяспечна.
Я з краіны слаўнай,
з гарадоў прыгожых,
што не зналі колісь
цьмы чужой, варожай.
Родны сцяг наш горда
уздымаўся ў гору
ад балтыйскіх хваляў
аж па Чорна Мора!
Ў маім краі казкі,
сівыя курганы;
там зрадзілась песня
вешчага Баяна.
Выпілі вякі ўжо,
нат з Нямігі воду –
славу нашых продкаў
засланіла воддаль.
Але, ўсё ж, я горды
нашых сэрцаў сілай –
мы падымем славу
з курганоў-магілаў.
Бо мы хочам волі
горача і цвёрда,
бо мы хочам славы
для Пагоні гордай!
Похожие статьи:
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Зіма
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Вясковы дом
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Аблокі
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Зіма. Мароз кусаецца...
Ларыса Геніюш → Творчасць Ларысы Геніюш