Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мастацкія асаблівасці рамана "Пошукі будучыні"
У рамане "Пошукі будучыні" (1943) Кузьма Чорны паказаў трагічныя падзеі беларускай гісторыі, што мелі месца ў XX стагоддзі: першая сусветная вайна, падзел Беларусі на Усходнюю і Заходнюю, Вялікая Айчынная вайна. Героі яго твора хочуць жыць у сваім доме, працаваць на сваёй зямлі, мець сям’ю, гадаваць дзяцей. Але састарылася адно пакаленне, вырасла другое, нарадзілася трэцяе – і ўсе яны не маюць таго, да чаго імкнуцца. Будучыня, з якой звязваецца чалавечае шчасце, застаецца недасягальнай.
Ці не палемізуе сам з сабой аўтар (з уласнымі думкамі ў рамане "Трэцяе пакаленне"), укладаючы ў вусны Нявады наступныя разважанні: "Гэта тая, пра якую я думаў, што яна будзе шчаслівая! Вось і прыйшла яе будучыня! Божа мой, божа мой". У "Трэцім пакаленні" вайна ўяўлялася як жахлівы прывід старога свету. У новым рамане яна стала явай, рэальнасцю для трэцяга пакалення, для Лізы Лукашэвіч. Яе лічыў шчаслівай Нявада, параўноўваючы маленства ўнучкі і дачкі. Пры гэтым нараджалася ў душы старога чалавека пачуццё, падобнае да крыўды ці смутку: "Волечка... тая дзяўчынка, паўставала перад ім. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, ці то ў мінуўшчыне, ці то ў сучаснасці, ці то ў будучыні... Ужо не Волечка, а другая, вельмі цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад ім. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю маці і, як жывое ўвасабленне той Волечкі, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучыні. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра... І яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэта радзілася адразу на шчасце. "Тая варта большага замілавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыцці, як аб вясёлым свяце". Але калі ён пабачыў на Вялікім скрыжаванні патрушчаныя дзіцячыя косці, вобраз Лізы зліўся з вобразам Волечкі. Нявада імкнецца абараніць унучку ад "жалезнага звера". Ён нават просіць зяця, Кастуся Лукашэвіча, кінуць змаганне, не дражніць ліха, што прыйшло на родную зямлю. Калі Ліза апынулася ў лагеры, Нявада бярэ золата і выпраўляецца ў далёкую дарогу, да графа Паліводскага, ратаваць унучку.
У рамане паўстае трагічны вобраз украдзенага маленства. Няваду з Волечкай разлучыла першая сусветная вайна і дачка вырасла без бацькі, у Сымона Ракуцькі дзяцей амаль на дваццаць гадоў адабрала мяжа, што падзяліла Беларусь на дзве часткі. Пачуўшы гісторыю Ракуцькавай сям’і, Нявада зразумеў, што той вялікі злодзей, які ўкраў у яго малую Волечку, жыве. Таму знікае спадзяванне, што "ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей".
Хто той вялікі злодзей, які так жорстка наздзекваўся з Нявады, Ракуцькі, Волькі, Лізаветы, які з’явіўся зноў, каб адабраць будучыню ў Нявадавай унучкі? Пісьменнік дае адказ на пытанне. Гэта вайна, якая прымушае чалавека кінуць плуг, касу і ўзяць у рукі зброю, каб забіваць сабе падобных. Гэта чалавечая хцівасць і несправядлівасць, што нараджае жаданне адных жыць за кошт працы другіх. Гэта ўяўленне пра абранасць Богам, вышэйшасць сваёй нацыі... Аблічча вялікага злодзея мяняецца, але сутнасць яго адна і тая ж: ён крадзе ў чалавека радасць жыцця, прымушае яго пакутаваць, не пускае ў будучыню.
Творы ваеннага часу Кузьмы Чорнага развівалі, узбагачалі задуму цыкла раманаў, але былі адначасова і пераглядам яе. Усе філасофскія катэгорыі ("бацькаўшчына", "будучыня", "уласнасць", "гуманізм" і інш.) правяраюцца перад тварам смяртэльнай небяспекі, якую нясе з сабой фашызм.
Сутнасць фашызму ў творы раскрываецца на вобразах бацькі і сына Шрэдэраў. Густава-старэйшага лёс двойчы прыводзіць на Беларусь. Спачатку, у гады першай сусветнай вайны, ён тут палонны і цяжка хворы. Чуласць, спагадлівасць мясцовых людзей да яго, чужынца, настолькі кранулі Шрэдэра, што душа немца раскрылася лепшым, што ў ім было. Але душэўны парыў насустрач чалавечнасці на радзіме Густава роднымі яму людзьмі быў расцэнены як слабасць духу, як здрада вялікай Германіі. Жонка і сын да канца жыцця будуць папракаць гэтым Шрэдэра. Другі раз Густаў прыехаў па запрашэнню сына абжываць новую тэрыторыю, дзе "праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год... стане карэнная Германія". І тыя самыя людзі, якія два дзесяцігоддзі назад дапамаглі яму ўратавацца ад смерці, застрэлілі яго, бо перад імі быў вораг, які хацеў забраць самае дарагое–будучыню.
Густаў-малодшы не здольны ні на якія парывы, ён змалку выхоўваўся на ідэях вялікай Германіі. Ён прыйшоў са зброяй у руках "заваяваць гэтую краіну". Ён лічыць тутэйшых людзей "казюлямі з нявольніцкай псіхалогіяй". "Павесь пад іхнімі галовамі меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над імі, які кожны момант можа загубіць іх, а што гэта вісіць найвялікшая справядлівасць усёй светабудовы, і пачнуць з удзячнасцю лізаць боты ў таго, хто павесіў над імі гэты меч", – гаворыць Густаў маці, перакананы ў сваёй арыйскай вышэйшасці.
Чаго варты чалавек без бацькаўшчыны і радзімы Кузьма Чорны паказвае на вобразе Люцыяна Акаловіча. Ён стаў цацкай у руках палітычнага авантурыста графа Паліводскага і нікому – ні сваім, ні чужым – не патрэбны. Яго бессэнсоўнае жыццё закончылася такой жа бессэнсоўнай смерцю.
Раманы Кузьмы Чорнага займаюць своеасаблівае месца сярод твораў беларускай ваеннай літаратуры. Пісьменнік не імкнуўся ўзнавіць жыццё народа на акупіраванай тэрыторыі, змаганне з ворагам так, як гэта зробяць В. Быкаў, І. Шамякін, І. Чыгрынаў, І. Навуменка і інш. Батальныя, побытавыя ваенныя сцэны, іх не абмінуў аўтар "Пошукаў будучыні", мастацкай пераканаўчасцю не вызначаюцца. Мэта, якую ставіў перад сабой Кузьма Чорны, – "...вайну, фашызм паказаць і асэнсаваць з вышыні філасофска -гістарычнага і мастацкага вопыту чалавецтва" (А. Адамовіч).
Похожие статьи:
Кузьма Чорны → Сацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"
Кузьма Чорны → Пошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана
Кузьма Чорны → Пошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне