Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Кузьма Чорны - Матчына благаславенне
Увага! Поўны змест
Прастрэленая гітлераўцамі ў грудзі, умірала маці. Пакутная смерць яе ішла павольна. Часамі жанчына ўпадала ў забыццё, часамі даходзіла да яснай памяці, усё перад сабой бачыла, усё чула, пра ўсё думала. Каля яе быў толькі адзін трынаццацігадовы яе сын, Максім. Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронту, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі. Старэйшая сястра ўжо другі месяц недзе тулялася, каб не натрапіцца немцам на вочы. Нехта гаварыў, што яна сышла далёка, туды, дзе глушэй, дзе больш партызан і куды менш дабіваюцца немцы. I Максім адзін нудзеў і тужыў, гледзячы на маці. За гэтыя дні ён страшна схуднеў, вочы яго ад бессані сталі чырвоныя, ён часта імі міргаў, і, калі маці быццам бы рабілася лягчэй, ён стараўся чым-небудзь яе разважыць. Нейкім інстынктам ён адчуваў, што яна не хоча думаць аб смерці і можа не адчувае, што памрэ, і думка яе імкнецца да ўсяго звыклага і знаёмага. I ён часта гаварыў ёй, што робіцца на дварэ.
Перад самым вечарам ён увайшоў у хату і падышоў да маці. Яна зноў глядзела кудысьці перад сабою і, відаць, думала, думала. Ён ціха сказаў:
— Мама, а ўжо вясна скора. Ужо чорная зямля выйшла ў пас каля хаты з-пад снегу. А ў агародзе на ўзмежку відны мокрыя кусцікі травы.
Маці перавяла позірк на яго, і ён прачытаў у яе вачах вялікае імкненне.
— Ужо сёння Марцінавы дзеці капалі хрэн за нашым агародам.
— Нашто ім хрэн? — прашаптала яша сухімі губамі.
— Яны не паспелі нічога схаваць, і ў іх немцы ўсё забралі. Яны вельмі галодныя. Яны накапаюць хрэну, патруць і паставяць у місцы, каб ён вытахся. А тады, як ён вытхнецца, будуць есці. Без нічога. Гэта іх Уладзік выдумаў.
Ён змоўк і думаў, што б яшчэ расказаць маці. Апошні прамень сонца сплыў з падлогі насупраць акна. Змяркалася, і ўсюды было так жа ціха, як і ўдзень. Людзей асталося мала, мала хто аставаўся дома. I ўвечары ў кожнага было лягчэй на душы — змрок мог схаваць чалавека ад немца.
Маці быццам пачала драмаць ці, можа, зноў упала ў забыццё. Яна сцішылася, але стала цяжэй дыхаць. Максім адышоўся на сярэдзіну хаты і стаяў так у страшнай адзіноце, у вялікім смутку аб маці, аб сабе, аб усім жыцці.
— Мама,— сказаў ён,— мама! Ты не чуеш? Я найду гляну на вуліцу, я адразу ж прыйду. Ты не чуеш, мама?.. Мусіць, спіць...
Ён ціха падышоў да дзвярэй і спыніўся ў трывозе. На вуліцы грукаў грузавік і чуліся нямецкія галасы. «Добра, што я агню не запальваў», — думаў ён. Але немцы ішлі ўжо і ў цёмную хату. Забразгалі сенечныя дзверы. Ужо мацалі клямку хатніх дзвярэй. Святло ўпала на падлогу з электрычнага ліхтарыка. Увайшлі два немцы. Калечанай рускай мовай адзін закрычаў:
— Хто тут? Усе сюды выходзь. Паднімай рукі.
Максім стаў перад гітлераўцамі і падняў рукі.
— Хто яшчэ ёсць?
— Я адзін. А маці — унь ляжыць, яна хворая, умірае.
Немец уставіўся ліхтарыкам у матчын твар. Яна застагнала і заварушыла губамі. Фашысты абгледзелі ўсе куткі, вышнырылі ўсюды і загадалі запальваць агонь. Максім запаліў лямпу. Газы ў ёй было толькі ў дне. Лямпу ён паставіў на стол. Немец сеў за стол, а другі падаў яму ўкручаную ў газету яду. Максім здагадаўся, што гэта афіцэр і салдат. Немец раскруціў газету і пачаў штосьці там рэзаць нажом.
— Дзе хлеб? — сказаў ён да Максіма.
— У нас няма хлеба,— адказаў Максім.
Афіцэр штосьці сказаў салдату, і той выйшаў. Можа ён пайшоў даставаць хлеба, можа чаго іншага — Максім нічога не мог ведаць. Немец сядзеў за сталом на лаве, парэзваў нешта ножыкам і клаў у рот, жаваў і чакаў. Чутно было, як цяжка дыхае маці. Агонь у лямпе пачаў цьмець, кнот выцягваў апошнюю газу. Максім раптам устрапянуўся. Ён падышоў да стала і паказаў немцу на покуць, дзе вісела маленькая іконка і на ёй ляжаў зверху невялічкі, з даўніх год, недагарак свечкі.
— Лямпа зараз патухне, — сказаў ён, — а газы ў нас больш няма. Я запалю свечку, унь ляжыць.
— Я, я,— заківаў галавой гітлеравец.
Напружваючыся, каб суняць сваю ўзбуджанасць, Максім узлез на лаву ўздоўж другога берага стала, дастаў свечку і адчуў, як сэрца распірае яму грудзі і аддаецца стукам у вушах. Ён адвёў ад сябе недагарак, дзьмухнуў на яго і ўбачыў многа пылу ў сябе перад вачыма.
— Запальвай, што ты робіш! — нездаволена абазваўся гітлеравец.
Максім ступіў нагамі на тую лаву, дзе сядзеў немец, прыпёрся левым каленам у край стала і над сталом прыгнуўся да лямпы, разаграючы над лямпай канец свечкі, каб прыляпіць яе да стала. Свечку ён трымаў у левай руцэ, і ў той жа час правай рукой дастаў з кішэні складаны нож. Правая кішэня яго і правая рука былі за спіной у немца. Са свечкай ён вельмі марудзіў, бачачы, што нешта няскладна выходзіць, і чакаючы нейкай зручнасці.
Гітлеравец раззлаваўся на гэтую маруду. Ён нешта замармытаў, ірвануў з Максімавых рук свечку і адным махам уляпіў яе ў стол. Максім ірвануўся за нямецкія плечы, адным рухам адчыніў нож і даў ім у нямецкую шыю ззаду, над самай галавой. У гэты момант толькі мільганула ў яго вачах гэтая шыя, яна здалася яму тоўстай. Гітлеравец захрыпеў і пачаў хіліцца на стол. Максіму здалося, што нож як-небудзь выцягнецца і немец паднімецца, і ён налёг на немца і ўціснуў нож глыбей, адчуўшы пальцамі кроў. Гітлеравец пакідаў храпці і толькі ўздрыгваў плячыма. Лямпа патухала. Максім, плюючы па рукі і атрэпаючы іх, скінуў з лямпы шкло, запаліў свечку. Стала відна. I тут ён убачыў, што маці глядзіць на яго быстрым позіркам, якога ўжо даўно ў яе не было. Яна з усіх сіл старалася прыўзняцца і не магла, і нешта хацела сказаць і не магла выгаварыць. Адны толькі няўлоўныя гукі і шэпт сыходзілі з яе языка. Максім падбег да яе і глядзеў у яе вочы. Абяссіленая, яна ўпала галавой на падушку, і яе вочы не пакінулі свяціцца і не сыходзілі з Максіма. Ён задыхаўся і стараўся ўздыхнуць глыбей. Яна забылася пра сябе і далёка была ад думкі і ад адчування, што ўмірае. Уся яе істота ў апошнія свае хвіліны напоўнілася іншым. Твар і вочы яе мерклі з пячаццю задавалення, і можа нават тут былі адзнакі радасці. Апошнім промнем сваіх вачэй яна дзякавала свайго Максіма і благаслаўляла яго.
Праз хвілін дзесяць Максім пастукаў у акно хаты, якая стаяла бадай-што на канцы вуліцы. Гаспадар, стары дзед, і такая ж старая гаспадыня выйшлі з лучынай у сенцы і ўбачылі Максіма ў ватовай вопратцы і з торбаю за плячыма. Твар яго быў заплаканы, вочы чырвоныя, і голас перарываўся.
— Дзядзюхна, — сказаў ён, — цётухна, мая мама памерла. Пахавайце яе, а пасля мне пакажаце яе магілу. Мне няможна быць тут. Пахавайце маму, пахавайце!
Ён выйшаў на сцежку і па ёй, у цёмным веснавым полі, знік з вачэй здагадлівага старога чалавека, які махнуў яму ў дарогу рукой.
Похожие статьи:
Кузьма Чорны → Пошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства
Кузьма Чорны → Пошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - Насцечка
Кузьма Чорны → Сацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана