Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кузьма Чорны - Вялікі дзень

   У рамане «Вялікі дзень», які лічыцца незавершаным, хоць недапісаны некалькі раздзелаў, якія толькі фармальна азначалі б фінал і звычайна займалі нязначнае месца ў задуме, разгортваецца панарама вялікага сутыкнення сіл дабра і зла. Гэтае сутыкненне адбываецца на арэне Беларусі, якую пісьменнік свядома прыўздымае, каб выразна было відаць, што адбываецца, хто ўдзельнічае ў бойцы, якімі намерамі кіруецца. У першай частцы твора «Пошукі роднай зямлі» Чорны зноў вяртае чытача да праблемы, якая столькі разоў ставілася і вырашалася ў творах яго слынных папярэднікаў і вымушала думаць над ёю сучаснікаў.
   Пытанне пытанняў для беларусаў — бацькаўшчына, уласная дзяржаўнасць — не было вырашана ні ў 1917, ні ў 1941, а беларусы зноў уздымалі яго на парадак дня, абараняючы родны край, несучы за яго велізарныя ахвяры. Па-рознаму адбываліся гэтыя пошукі: адны бачылі «роднай» толькі тую зямлю, якая знаходзіцца ў іх прыватнай уласнасці («кулак» Блецька, пан Гальвас), другія, зразумеўшы на ўласным горкім вопыце, што ўласная зямля не можа быць паратункам, калі няма бацькаўшчыны, прыйшлі да вываду, што Радзіма — паняцце духоўнае, якое ўключае ў сябе і навакольную прыроду, і людзей, што абжылі гэту зямлю, і звычаі продкаў, і каханне да жанчыны, і вялікае сяброўства (Астаповіч, Вялічка). Жыццё кожнага з гэтых людзей такое адрознае і ў побыце, і ў ладзе мыслення, што аўтар выразна размяжоўвае раздзелы, у якіх апавядаецца пра кожнага з іх. Вядома, героі непазбежна ўступаюць паміж сабой у складаныя дачыненні, іх шляхі увесь час перасякаюцца, але канчатковае вырашэнне праблем за часам грандыёзнай бітвы, дзе кожны з герояў заняў сваё месца. Другі раздзел рамана названы «Спусташэнне», і ў ім упершыню ў беларускай літаратуры ўзнаўляюцца трагічныя старонкі вайны не на жыццё, а на смерць у тых формах, у якіх яна разгортвалася на Беларусі: масавае знішчэнне мірных жыхароў, спаленыя вёскі і мястэчкі, драма мільёнаў людзей.
   Пастаўлены аўтарам у цэнтр сюжэта ціхі, спакойны, сумленны Максім Астаповіч. Гэты чалавек, нягледзячы на тое, што жыў у час, калі «здольнаму чалавеку не заўсёды ўдавалася прыкласці да справы свой талент і нават усвядоміць яго ў сабе, а тым больш мець за яго гордасць», разумее тым не менш, на што здольны. Ён адчувае ў сабе сілу «змяніць аблічча ўсёй мясцовасці». Гэты чалавек любіць працу і пры патрэбе можа быць аратым, садаводам, пчаляром, млынаром, агароднікам. Ён у адпаведнасці з акалічнасцямі змяняе прафесію: капае калодзежы, ставіць хаты, абсаджвае дарогі дрэвамі, ваюе з лесам за парослае кустоўем поле. Бясконцыя пакуты і няшчасці, расчараванні і нягоды давялі гэтага чалавека да таго, што ён і сам стаў глядзець на сябе «з нейкага занадта простага ўжо свайго месца і пункту». Адразу пасля рэвалюцыі, калі просты чалавек адчуў, што ўлада спрыяе такім, як ён, Астаповіч бачыць сябе паўнапраўным гаспадаром зямлі, на якой жыве, блізкі да таго, каб усвядоміць сваю нацыянальную прыналежнасць. Ён не баіцца працы: войны — імперыялістычная, грамадзянская — руйнуюць яго дом, збудаваны ўласнымі рукамі, а ён зноў і зноў адбудоўвае яго, ведаючы, што ўсё нарэшце мінецца і прыйдзе светлы час мірнай працы на ўласнай зямлі. Гэта вера і трымае яго ў павышана аптымістычным настроі, дае магчымасць адкрыта глядзець у сваю будучыню.
«Усеабдымная чалавечая асоба», чалавек, які меў «вялікую душу, што змяшчала ў сабе ўвесь свет — і радасць, і смутак усіх людзей, дзе б яны ні жылі», такімі бачацца Чорнаму яго героі, «ціхія сумленнікі» Максім Астаповіч, Кірыла і Уладзімір Вялічкі, Антон Цвірка, Марына Астаповіч. Душэўная мяккасць, нейкая прыродная далікатнасць у адносінах да іншых, ціхая, непаказная чалавечнасць гэтых герояў у гады вайны раптам перараслі ў палкую нянавісць да двухногага звера, што прыйшоў на іх родную зямлю. Ціхі чалавек, паводле слоў Чорнага, які «займаў у жыцці малое месца», стаў народным мсціўцам.
   Поўная супрацьлегласць гэтым героям — Гальвасы, Блецькі, Тоўхарт. Халодны разлік, бяздушны эгаізм, страсць да нажывы, пагарда да людзей — атмасфера, у якой спее злачынства. Менавіта ў гэтай атмасферы выхоўваўся сын Ксавэра Блецькі — Адам. Вынік самы трагічны — Адам забівае роднага брата і ўласную маці. З вясковага франта і хулігана ён шпарка ператвараецца ў братазабойцу, Каіна, якога Бог асудзіў на выгнанне з роднай зямлі. Пасля ўсяго гэтага няма ўжо здзіўлення, што такі чалавек лёгка ўспрымае «фашысцкі сімвал веры», «новыя прынцыпы», якія прапаведуе тэарэтык нацызму Тоўхарт. Нянавісць, адмаўленне ўсялякіх маральных прынцыпаў, прэтэнзіі на «звышчалавека», імкненне «паставіць жалезны п'едэстал над усім светам» — вось новае «евангелле» гэтых нелюдзей.
   У вайну Адам Блецька з братазабойцы ператвараецца ў карніка, звычайнага выканаўцу чужых чалавеканенавісніцкіх планаў. Той, хто ў свой час прэтэндаваў на асаблівае месца сярод людзей, раптам становіцца сам рабом, цалкам залежным ад таго, што скажа ці загадае яму яго новы гаспадар Генрых Тоўхарт. Тоўхарт выкладае «філасофію» нямецкага нацызму, і ў яго маналогу выказаны асноўныя пастулаты «новай рэлігіі»: «няма нічога ні высокага, ні нізкага. Ёсць дзеянне, і больш нічога»; «Сутнасць усяго ў тым, што кожны імкнецца як-небудзь і чым-небудзь стаць вышэй за іншых»; «Што мне да таго, што хто думае пра мяне»; «Панаваць можна толькі над тым, каго ненавідзіш». Прага вялікіх і малых «тоўхартаў» усталяваць у свеце «новыя прынцыпы», «новую меру дабра і зла, справядлівасці і шальмоўства» выклікае магутнае супрацьдзеянне ў абліччы мільёнаў людзей, якія вераць у іншыя ісціны, што ўмацаваліся ў свеце з часоў старажытнай Грэцыі, з вякоў хрысціянства, з эпохі еўрапейскага Адраджэння. Кузьма Чорны, які глыбока разважаў над феноменам фашызму, убачыў глебу, на якой ён узнікаў, а гэта былі варожасць, нянавісць, эгаізм, бесчалавечнасць. Алошнія сцэны рамана малююць вобраз Максіма Астаповіча на фоне велізарнага пажару, у якім гараць яго аднавяскоўцы. З агню ён выносіць унучку Настачку — вобраз глыбока сімвалічны, у якім Чорны ўгадаў вельмі многае з таго, што стала явай у наш час.

Похожие статьи:

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана

Кузьма ЧорныСацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Насцечка