Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кузьма Чорны - Вераснёвыя ночы

   З учарашняга дня Агату не пакідала злосная раздражнёнасць. Даглядаючы гаспадарку, яна спаганяла сваю злосць на ўсіх, хто трапляўся пад руку. Брат Фэлік расказваў, як Асташонак хваліўся, што за самагонку ўсунуў ёй старую царскую трохрублёўку. Але не сама грашовая страта хвалявала і злавала Агату. Малады, вясёлы і трохі жулікаваты Асташонак стараўся перастрэць яе на вуліцы ці ў полі, а цяпер колькі дзён ужо не паказваўся. Поруч з ім яшчэ больш непрывабным здаваўся Зыгмусь Чухрэвіч, братаў сябра, які паўтара гады дамагаецца яе рукі. Дзяўчыну адштурхоўвала і яго апратка, і. манера гаварыць, і нават далікатнасць абыходжання.
   Фэльку, які ўжо некалькі гадоў жыў удаўцом, падабалася Алімпа. Дзеля яе свабодныя вечары ён бавіў у гурце моладзі. Агата сядзела на лаўцы ля хаты – яе равеснікі ўжо ўсе мелі свае сем’і. З нейкага часу дзяўчыне пачало здавацца, што брат стараецца яе звесці з Зыгмусем. Гэта яе таксама злавала і крыўдзіла. Прыходзіў Зыгмусь, садзіўся побач, гладзіў рукі і далікатна абдымаў. Агата ж міжволі лавіла ў вечаровым гомане голас і смех Асташонка.
   Дзяўчына разумела: пакуль што яна многім падабаецца, хоць хлопцы вакол усе маладзейшыя. Але на зыходзе ўжо і другая маладосць. Да яе сваталіся, і нямала, толькі ніхто не прыйшоўся да душы. Ісці замуж без кахання Агата не хацела. З нейкага часу ёй вельмі хацелася мець дзіця і яна лашчыла і выцалоўвала братавага Стасіка. Потым з’явілася думка, што, можа, і сапраўды варта пайсці за Зыгмуся, так будзе лепш і брату, і ёй самой.
   Фэлька запрасіў у нядзелю Алімпу з бацькамі і Зыгмуся Чухрэвіча з братам і жонкай. Гэта было падобна на заручыны дзвюх пар. Гледзячы за сталом, як цягнуцца адзін да другога фэлька і яго абранніца, Агата зноў востра адчула непрыязнасць да Зыгмуся. Змагаючыся сама з сабой, яна паспрабавала адарваць жаніха ад гаворкі пра коней. Аднак той паварочваўся, усміхаўся ёй і зноў пачынаў павольна і стала расказваць, як "жарабец яго парваў быў путы". Агата выйшла з-за стала і схавалася за перагародкай. Жахнула думка: "Ісці за яго! І каб маё дзіця было ад яго?". Дзяўчына выбегла з хаты, не ведаючы, што рабіць і куды дзецца. Раптам прышло рашэнне. Пляменніка, які трапіўся па дарозе, адправіла сказаць усім у хаце, што яна ідзе да Асташонка.
   Пачынала днець, калі Асташонак прывёў Агату дамоў. Фэлька яшчэ не спаў. Агата падрыхтавалася да непрыемнай размовы з братам. Але той, паведаміўшы, што Зыгмусь пакрыўдзіўся, раптам сказаў: "Ты не крыўдзіся на мяне... Ты ж не думаеш, што я сілком цябе ўгаварваў ісці за Чухрэвіча. А яно не гэтак. Не ідзі ты за яго, калі гэтак не падабаецца..." Сястра заплакала, Фэлька гладзіў па галаве і супакойваў. Ад слёз рабілася лягчэй. Агата ўсміхнулася і паволі пайшла ў двор, поўная жаночага хараства.

 

Адказы на пытанні:

   1. Кузьма Чорны – майстра псіхалагічнага аналізу. Пры апісанні вобраза Агаты ён актыўна карыстаецца сродкамі моўнай выразнасці: эпітэтамі, параўнаннямі, метафарамі, памяншальна-ласкальнымі словамі. Унутраны стан гераіні пісьменнік перадае праз яе паводзіны (сцэна каля дома, заняткі гаспадаркай і думкі пра іншае, больш вольнае жыццё, пяшчотныя адносіны да пляменніка Стасюка і інш.); унутраныя маналогі (думкі пра адносіны з Чухрэвічам і Асташонкам). Раскрыць трывожны стан жанчыны, якая чакае асабістага шчасця, дапамагаюць апісанні прыроды. Важнае значэнне пры перадачы вобраза галоўнай гераіні надаецца мастацкай дэталі.
   2. Пісьменнік з замілаваннем падае нам вобраз Агаты – прыгожай маладой жанчыны: «Рукі ў яе былі прыгожыя і прывабныя, голыя да плеч, белыя і гладкія... Сама яна – высокая і мажная, белабрысыя бровы і шэрыя вочы, зацягненыя сытаю каламутнасцю. Як ішла яна ў сені, стан яе цяжка гойдаўся і вочы прасілі сну». З апісання Агата паўстае перад намі нібы Мадонна – маці чалавечая (столькі любові аддае Агата сіраціне Стасюку).
   3. Агата марыць пра сям'ю, добрага мужа, дзіця. («I яна будзе мець дзіцё, і яе будзе кахаць і шкадаваць...») Яна ўсім сэрцам кахае Асташонка, хаця і стараецца не прызнавацца сабе ў гэтым.
   «А тут Асташонак, малады і вясёлы, трохі жулікаваты, заўсёды стараўся злавіць яе і на вуліцы і на полі. I поўніў яе агнямі суму здаровай перарослай дзяўчыны».
   4. Бытавыя і пейзажныя сцэны ў апавяданні «Вераснёвыя ночы» дапамагаюць зразумець пачуцці і перажыванні галоўнай гераіні, адчуць змены яе настрою.
   «На момант нешта кальнула сэрца. Пасля ўспомніла, як вельмі шмат сваталіся да яе, вельмі шмат уздыхалі па ёй, але ніхто не падабаўся, а без кахання замуж ісці не хацела. Так і прайшла першая дзявочая маладосць. I другая на сконе... цяпер жа яна ўсім падабаецца, але ўсе нашмат маладзейшыя за яе хлопцы; старэйшыя ж усе пажаніліся».
   Агата ўвесь час думае пра сваю будучую сям'ю, нараджэнне дзіцяці. Яна стараецца зрабіць правільны выбар мужа – Зыгмуся Чухрэвіча, які мог бы быць добрым сем'янінам, але яна яго не кахае, або маладога хлопца Асташонка, ад якога так ные сэрца, яе каханага. Каханне перамагае ўсё – Агата выбірае шчырыя пачуцці. Унутраныя маналогі гераіні сведчаць пра гэта:
   «Цяпер яна глянула на Зыгмуся, азірнулася толькі, выходзячы за перагародку ў кухню. «Ісці за яго? I каб дзіцё маё было ад яго? Родненькія ж мае... А божачка!»
   5. Дакладнасць бытавых малюнкаў, працы, пейзажных замалёвак спалучаецца з агульным настроем усяго апавядання, узнёсла-лірычным тонам аўтарскіх апісанняў, што разам складае непаўторны сюжэт і кампазіцыю твора. Адметнасць сюжэта можна бачыць у павольным, няспешным развіцці дзеяння і раскрыцці характару персанажаў. Тэма твора – выбар дзяўчынай свайго каханага, спадарожніка па жыцці. Канфлікт у творы мае маральна-этычную аснову. Агата выбірае паміж матэрыяльным дастаткам і каханнем. Своеасаблівасць сюжэта выражаецца выбранымі аўтарам апісаннямі вясковага побыту, будзённай працы, малюнкамі прыроды. Гэты твор падзелены аўтарам на сем частак, кожная з іх мае сваю завершанасць. Першая частка апавядання прысвечана апісанню будзённых вясковых клопатаў; другая – гаворцы Агаты з Зыгмусем Чухрэвічам, яго заляцанням да дзяўчыны; трэцяя – роздуму Агаты наконт маладосці, аб паводзінах Асташонка; чацвёртая – параўнанням Асташонка і Зыгмуся Чухрэвіча, разважанням пра жыццёвую мудрасць брата; пятая – будучаму замужжу Фэлькі і Алімпы, марам пра сваё ўласнае дзіця; шостая – апісвае заручыны брата з яго каханай, раптоўнае прасвятленне Агаты; сёмая – каханню Агаты, іх сустрэчы з Асташонкам.
   6. Самыя лірычныя сцэны ў апавяданні перадаюць накал пачуццяў галоўнай гераіні:
   «Аднак вострым сумам на момант сціснула сэрца. I зноў ціхі прастор палявой восені агарнуў спакоем душу. Плыў водар павольнага канання травы і кветак. Верасень чула драмаў на ржышчы, уздыхаў радасным шэптам кустоў».
   «Гарэла святло ў хатах. Ішла ноч. Маўчала восень у садах і агародах, мёдам пахла павольнае кананне кляновага лісця. Якую ж ноч прынёс верасень!»
   «I так кружылася ў галаве, а гэта моцна стукнула ў мазгах. Усё заварушылася перад вачыма. Яблынавыя цені і сонечныя лапіны на зямлі заскакалі і пераблыталіся. Закалацілася сэрца, і заныла душа выбухамі вострага суму».
   7. Фэлька і Чухрэвіч з маленства сябравалі, нават закахаліся ў адну і тую ж дзяўчыну. Жаніцьба Фэлькі не развяла іх сяброўства канчаткова.
   «Раней, як Фэлька быў яшчэ хлопцам, яны дружылі вельмі, з самых малых год сваіх. Пасля бурна разышліся з-за дзяўчыны, якой абодва дамагаліся і якая, урэшце, пайшла замуж за Фэльку. А Фэльку не давялося з ёю доўга пажыць – нарадзіўшы Стасюка, яна неўзабаве памерла. Тады ўсё забылася. Зноў у іх пачалося нешта падобнае да дружбы».
   На першы погляд яны вельмі падобныя – абодва яны працавітыя, добрыя гаспадары, але па паводзінах, шырыні духоўных памкненняў гэтыя героі зусім розныя. Фэлька моцна кахае Алімпу, стараецца заўсёды быць побач з ёю, з моладдзю. Зыгмусь нейкі абыякавы. Ён нібы таксама кахае Агату, «паўтара гады ўжо дамагаецца, каб узяць яе замуж...», але і каханне яго нейкае нерухомае, вялае, што сведчыць пра беднасць пачуццяў, нячуйнасць душы.

Похожие статьи:

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне

Кузьма ЧорныСацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Насцечка

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана