Увесну пад старою ліпаю расцвіла маленькая Фіялка. Яна з цікавасцю паглядзела навокал і ўбачыла, што ўсе яе суседкі яркія і высокія і над імі кружацца прыгожыя матылькі. А да яе, маленькай кветкі, ніхто не прылятаў, і яна самотна цвіла ў густой траве.
– Ах! – жаласна ўсклікнула Фіялка. – Чаму я такая няшчасная? Ні адзін матылёк не можа знайсці мяне. Лепш бы я зусім не цвіла.
І раптам яна пачула прыемнае гудзенне… Гэта Пчала закружылася над ёю і апусцілася на сінія пялёсткі.
– Як ты мяне знайшла? – спытала радасна кветка. – Я ж такая маленькая і непрыкметная!
– Ты цудоўна пахнеш, – прагула Пчала.
– Няўжо? – здзівілася Фіялка. – Нават лепш, за жоўтыя?
– Лепш. Ты самая цудоўная з ранніх кветак. І я часта буду прылятаць да цябе.
Пчала дакранулася да кветкі, узяла кропельку духмянага нектару і паляцела ў вулей.
І маленькая Фіялка яшчэ пышней расцвіла, павесялела. Яна адчула сябе самай шчаслівай на веснавой зямлі. Пчала абмінула многа яркіх кветак, а знайшла яе, маленькую, непрыкметную, у траве.
Похожие статьи:
Пераказы → Водар дзядоўніку
Пераказы → Колер кветак
Пераказы → Японская ружа
Пераказы → Дзіўныя кветкі
Пераказы → Васількі (Паводле У. Ягоўдзіка)