Ці ведаеце вы, хто такі Снежань? Не? Дык я вам скажу. Снежань – млынар. Ёсць у яго на далёкай поўначы чарадзейны млын, які ўдзень і ўначы меле бялюткую муку.
Снежань тую муку возіць і высявае на палі, лугі, лясы…
Прыедзе, агледзіць голыя палі, дрэвы, кусты.
– Эхэ-хэ! – кажа. – Трэба тут парадак навесці. – І ледзь цягне вялізны мех мукі дый высыпае на зямлю.
Цёпла робіцца зямельцы пад пышнаю белаю коўдрай. А Снежань сыпле і сыпле муку, пакуль не выбеліць ёю ўсю зямлю.
– Цяпер добра было б яшчэ і блінцоў напячы, падсілкавацца, – кажа, вытрасаючы з мяхоў у крыніцу рэшткі мукі.
Замясіў Снежань цеста ў лясной крыніцы. І толькі сабраўся блінцы пячы, як чуе: нехта галосіць у лесе. Бачыць, бягуць зайцы, спалашыліся, крычаць:
– Бедныя мы, зайцы! Што нам рабіць? Дзе схавацца?
Усюды ўсё белае, а мы засталіся шэрыя. Нас руды ліс падсцерагае, паляўнічы страляе.
– Не бядуйце, зайцы! – гукнуў ім Снежань. – Ідзіце да мяне, я вам памагу.
Схапіў Снежань зайцоў за іх доўгія вушы і – боўць у цеста. Выцягнуў, глядзіць, а зайцы сталі белыя- бялюткія. Толькі на кончыках вушэй, за якія трымаў іх Снежань, засталіся ў зайцоў маленькія цёмныя лапінкі. Але гэта не бяда…
Зарадаваліся зайцы, падзякавалі Снежню за тое, што перафарбаваў іх кажушкі, і паскакалі ў лес.
З тых даўніх часоў так і павялося. Прыедзе на сваіх сярэбраных санях Снежань, пасыпле белаю мукою зямлю, замесіць у лясной крыніцы цеста, каб напячы блінцоў. І адразу чуе: бягуць па лесе спалоханыя зайцы, крычаць.
І пачынае Снежань бяліць зайчыкавы кажушкі…
Похожие статьи:
Клаўдзія Каліна → Клаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч
Пераказы → Галінка каліны ў лётным планшэце
Кастусь Жук → Кастусь Жук - Снежань
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Снежань
Янка Купала → Янка Купала - Явар і каліна