Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Перасмешнік

   Ходзіць Май па гаі ды на скрыпачцы грае, а вакол яго птушкі на розныя галасы спяваюць. Радасна ім, што вярнуліся з выраю на радзіму, што ўсё вакол цвіце, зелянее... Адзін дрозд маўчыць.
   – А ты чаму не спяваеш? – здзівіўся Май.
   – Я спяваў бы... – сумна адказаў дрозд. – Ды песня мая непрыгожая: цінь-цілінь – і ўсё. Можа, мне ў другіх птушак павучыцца?
   – Што ж, павучыцца можна. Ды толькі глядзі, каб сваёй песні не забыў.
   Але дрозд ужо не чуў таго, што сказаў Май. Паляцеў да шпакоўні.
   – Шпачок-браток, навучы мяне спяваць!
   – Калі ласка, паўтарай за мной.
   Паўтарыў дрозд шпачыную песню і паляцеў далей.
   Высока ў небе жаўрук вызвоньвае. Дрозд – да яго:
   – Братка, навучы мяне спяваць па-твойму!
   – Калі ласка, вучыся, як маеш ахвоту!
   Праспяваў дрозд услед за жаўруком некалькі яго пераліваў – добра выходзіць!
   Чуе – ластаўка шчабеча. Ды так звонка, так залівіста...
   Пераняў дрозд і ластаўчын спеў.
   Пасля да салаўя паляцеў.
   А салавей на ўвесь гай расспяваўся. Дрозд сеў побач на чаромсе, слухаў, слухаў– і раптам як зацухкае сам! Ну зусім як салавей.
   – Навучыўся! – Зарадаваўся дрозд. – Калі я ўжо і салаўём пяю, дык мне больш вучыцца не трэба!
   Прыляцеў ён да сваёй вербалозіны, пакалыхаўся на ёй і давай спяваць. Што гэта быў за спеў! То шпаком пасвішча, то жаўранкам зазвініць, то ластаўкай зашчабеча, то салаўём зацухкае, а сваёй песні і не ўспомніў.
   Паслухаў дразда Май і кажа:
   – Ох і майстар! Чужое пераняў, а сваё дзе? Забыўся?
   Так і спявае дрозд з таго часу на ўсе птушыныя галасы і ўсё чужыя песні... І завуць яго людзі за гэта драздом-перасмешнікам.

 

Похожие статьи:

ПераказыГалінка каліны ў лётным планшэце

Янка КупалаЯнка Купала - Явар і каліна

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Зімовы Дуб

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч

ПераказыПерасмешнік