Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Люты

   Ідзе па зямлі Люты і пытае ў кожнага, ці адзеты, ці абуты. Зайшоў у сяло, пастукаўся да дзеда з бабай:
   – Іду лютаваць! Сумёты намятаць! Дарогі засыпаць, усіх у хату заганяць. Люты я! Пытаю, ці ўсе адзеты, ці ўсе абуты.
   – Усе, усе! – адказвае дзед.– У мяне кажух ёсць і валёнкі. У маёй бабы таксама кажух і валёнкі і цёплая хустка. І авечкі, і каровы ў цёплых хлявах. Хата прызбаю абнесена, дроў назапашана… Ідзі лютуй!
   Супакоіўся Люты і пайшоў у лес да лясных птушак ды звяроў.
   – О-го-го-го! – крычыць на ўвесь лес, аж рэха стогне. – Я лю-у-у-уты! Іду лютаваць! Сумёты намятаць! Дарогі засыпаць!
   – А ў мяне цёплае дупло! Я накрыюся хвастом і буду спаць! Лютуй! – адказала вавёрачка.
   – А я ў бярлозе лапу смакчу, – сапе скрозь сон мядзведзь. – Лютуй сабе!
   – А я ў нару схаваюся! – матнуў рудым хвастом ліс.
   – Я ямачку ў снезе зраблю! – сказаў заяц. – Я цяпер беленькі, і ніхто мяне не прыкмеціць.
   – А мне не страшны ні мароз, ні завея, я ў цёплай камізэльцы! – ціўкнуў снягір.
   – Я падамся да ч-ч-чалавечага пры-тулку-у! – застракатала сарока.
   І ўсе звяры і птушкі пахаваліся. Хто ў нару, хто ў дупло, хто пад снег.
   І што тут пачалося! Люты як дзьмухне – сумёты, як горы, выраслі. У маленькіх ялінак і сасонак толькі чубы з-пад снегу тырчаць. На рэчцы страляе лёд. А Люты лютуе. То марозам сцісне, то завеяй у вочы сыпне.
   Доўга лютаваў. Нарэшце стаміўся, лёг пад сасною адпачываць і заснуў. Спіць сабе Люты і не чуе бяды.
   А сонейка выглянула з-за хмар, нагрэла на сасне снег… І пачало з ледзяшоў капаць. Кап! Кап!
   Выглянула з дупла вавёрка і зацокала на ўвесь лес:

Спіць Люты! Спіць, не чуе,
Што вясна яму рыхтуе!

   Вылецеў з дупла дзяцел і як застукае дзюбай, тэлеграму адбівае:

Спіць Лю-ты! Спіць пад сас-ною,
А Са-ка-вік ужо за спі-ною!

   А з ледзяшоў: кап! кап! кап!
   Раптам – кап! – проста Лютаму на нос. Падхапіўся Люты, дзьмухнуў раз, другі завеяй, але і сілы ўжо няма. Чуе, Сакавік ужо недалёка.

 

Похожие статьи:

Янка КупалаЯнка Купала - Явар і каліна

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч

Юрась СвіркаЮрась Свірка - Люты

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Зімовы Дуб

ПераказыГалінка каліны ў лётным планшэце