Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Зімовы Дуб

   Ідзе лесам Лістапад, лісце сыплецца, як град, сякуць дажджы касыя, шумяць вятрыскі злыя… Дрэвы нізка кланяюцца Лістападу, сцелюць да яго ног пажоўклае лісце. Адляцелі ў вырай птушкі, звяры пахаваліся ў зацішак, апусцелі палі.
   Задаволены Лістапад: усё скарылася яму. Усміхнуўся, паслаў на зямлю бледны сонечны прамень, глянуў з-за шэрых хмар лапінкай блакіту. Але што гэта? Вунь на ўзлессі раскінуў вецце магутны Дуб, увесь у мядзянай лістоце.
   – Чаму ты не скарыўся мне? – грозна спытаў Лістапад.
   – Я Зімовы. Таму да вясны буду ў мядзяным убранні.
   Угневаўся Лістапад.
   – Гэй, вятры буйныя! – паклікаў ён сваіх памочнікаў. – Сарвіце з Дуба яго мядзяны ўбор!
   Завылі вятры, зашумелі галіны Дуба.
   – Гэй, дажджы халодныя! – гукнуў Лістапад. – Пазбівайце з Дуба лісце.
   Секанулі дажджы, забарабанілі па буйным лісці, але Дуб не зварухнуўся.
   – Гэй, браце Снежань, – загукаў Лістапад. – Прышлі мне марозу пякучага, завеяў сыпучых, няхай замарозяць, засыплюць снегам непакорнага!
   Прымчалі маразы, прыляцелі завеі, марозілі, снегам секлі, але не скарыўся Дуб.
   Спахмурнеў Лістапад і адступіўся ад цара лесу… Усю зіму стаіць Дуб у сваім мядзяным адзенні. Толькі вясною ненадоўга скідае яго, каб пераапрануцца ў новае, зялёнае. За гэта называюць яго Зімовым Дубам.

 

Похожие статьи:

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Лістапад

Эдуард АкулінЭдуард Акулін - Асенні рытурнэль

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Лістапад

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Лістапад

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Залаты лістапад