Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Каруся Каганца

   Карусь Каганец (1868-1918) – літаратурнае імя Казіміра Кастравіцкага, сына і ўнука паўстанцаў 1863-1864 гг. Паходзіў ён са старадаўняга шляхецкага роду, быў сваяком Міхала Апалінара Кастравіцкага – дзеда знакамітага французскага паэта Гіёма Апалінэра. Першыя творы Каруся Каганца (вершы "Нёман", "Наш покліч", апавяданне-абразок "Прылукі" і інш.) былі напісаныя ў 1893 г. Карусь Каганец узнавіў у новай беларускай літаратуры старадаўні жанр духоўнай паэзіі, у якой, аднак, рэлігійныя матывы часам спалучаюцца з патрыятычна-адраджэнскімі (вершы "Малітва", "Наша ніўка"). Пяру Каганца належыць таксама цікавы парафраз 90-га псальма, зроблены, відаць, з польскага вершаванага перакладу "Псалтыра" Яна Каханоўскага. У Каганцовым вершы шчыры чалавек за сваю глыбокую веру мусіць атрымаць Боскую апеку і дары:

…Анёлам Сваім кажа ця ўкрываці,
Дзе толькі ступіш, будуць пеставаці
На сваіх руках, каб йдучы ў дарогу
На гойстры камень не скалечыў ногу.
 
Будзеш смялява па змеях гадзючых
Ды і па гадах ступаці паўзучых,
Лева лютага смела асядлаеш
І цмока-змея дасуж завуздаеш…

 
   Як драматург Карусь Каганец набыў вядомасць найперш сваёй камедыяй "Модны шляхцюк" (1910). У гэтай п’есе, блізкай да жанру вадэвілю, аўтар стварыў адметны і запамінальны тып фанабэрыстага шляхціца Пранцішка Карчэўшчыка, які строіць з сябе адукаваную асобу, адначасова пагарджаючы мовай, культурай, традыцыямі беларусаў. Крыху пазней вобраз Пранцішка знойдзе сваё развіццё ў купалаўскім Адольфу Быкоўскім з камедыі "Паўлінка". Карусь Каганец быў таксама аўтарам побытавых драм "У іншым шчасці няшчасце схавана" і "Двойчы прапілі", няскончаных гістарычных драм "Старажовы курган" (усе творы ўпершыню апублікаваныя ў 1919) і "Сын Даніла" (апубл. у 1920).
   У аснове сюжэтаў празаічных твораў Каганца ляжаць мясцовыя народныя легенды і паданні. Так, у вышэйзгаданым апавяданні "Прылукі" (1902) аўтар паказвае трагічны лёс баярына Яраслава і яго жонкі, прыгажуні Любляны, якія становяцца ахвярамі ці то ліхога падману, ці то збегу трагічных акалічнасцяў. Прыезджы баярын прывозіць Любляне вестку, нібыта яе муж, Яраслаў, загінуў на вайне. Праплакаўшы некалькі дзён, Любляна, урэшце, пагаджаецца выйсці замуж за прыезджага ваяра. Але праз пэўны час Яраслаў вяртаецца жывы і здаровы; паміж мужчынамі адбываецца дуэль, падчас якой абодва яны гінуць. Заканчваецца апавяданне ў традыцыях народных балад: "Тое месца з тых пор «Прылукамі» стала звацца. І цяпер там стаяць мураваныя харомы і ліповыя прысады, і жыве там пан дужа багаты, толькі той пан цяперашні не наш, але прыйшлы з памор’я, але дабраваты сабе".
   Проза Каруся Каганца адметная сваёй увагай да мастацкай дэталі, творчым выкарыстаннем здабыткаў беларускай гутарковай мовы. Яго ж творчасць у цэлым стала своеасаблівым мастком ад дэмакратычнай беларускамоўнай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў ХІХ ст. да адраджэнскай літаратуры нашаніўскага перыяду. Трэба адзначыць таксама ўклад Каруся Каганца ў справу беларускай асветы: ён апрацаваў "Беларускі лемантар" (у кірылічным варыянце, 1906), удзельнічаў у падрыхтоўцы чытанак для дзяцей.


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Похожие статьи:

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна