Штось Нёман наш ціхі прачнуўся,
У пасцелі сваёй спеляхнуўся
I хвальку за хвалькай ціхенька пагнаў,
Ад краю да краю ганцоў ён паслаў,
Ад рэчкі да рэчкі,
Уздоўж і папярэчкі
У Шчару, у Сулу,
У Лошу і Вусу-раку.
Гэй, мы, хлопцы-наднямонцы,
Гукнем разам, гукнем разам:
— О — гоў!
Ой, не адзін Нёман прачнуўся,
Бо і час чагось пахітнуўся,
I вецер, сарваўшысь, лісцем зашумеў
Ды па полі і луках ён паляцеў —
Колас к зямлі прыгне,
Кветку красну сарве,
Птушку пабудзе.
Ой, на свеце штось будзе!
Гэй, мы, хлопцы-наднямонцы,
Гукнем разам, гукнем разам:
— О — гоў!
Прачнуўся і наш наднямонец:
Молад і стар, мужык і хлопец.
Ой, старшыя чагось зварухнуліся,
Як бы бяды якой спалахнуліся.
Ой, друг к дружку ідзе
I суседа вядзе,
Люлек не кураць,
Знаць, штось важнае судзяць.
Гэй, мы, хлопцы-наднямонцы,
Гукнем разам, гукнем разам:
— О — гоў!
Ой, гора жа, гора над намі,
А ўсяму вінаваты самі,
Бо мову прыродну мы забываем,
Апратку, звычай на чужы мяняем.
Гэй, да схамянемась,
Да са сну прачнемась!
Згоду ўраім,
Што е злога — паправім!
Гэй, мы, хлопцы-наднямонцы,
Гукнем разам, гукнем разам:
— О — гоў!
Похожие статьи:
Карусь Каганец → Карусь Каганец - Скрыпач і ваўкі
Карусь Каганец → Карусь Каганец - Модны шляхцюк
Карусь Каганец → Карусь Каганец - Парада
Карусь Каганец → Карусь Каганец - Прылукі
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Покліч