Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Карусь Каганец - Машэка

   На тым месцы, дзе цяпер стаіць горад Магілёў, зарастала калісь адвечная пушча, куды нават і сонейка божае не заглядала. А старому бацьку-Дняпру было там цесна, і ён бурчаў і сердаваў, пырскаючы пенаю на сталетнія пні, што сціскалі яго берагі.
   У гэтым-то лесе жыў тагды разбойнік Машэка, каторы сваёю сілаю і лютасцю наводзіў страх на ўсю тамашнюю старану. Ён быў такі дужы, што адною рукою супыняў васьмярых каней і адным махам вырываў з карэннямі добрыя хваіны. Хадзіў ён у мядзведжай шкуры поўсцю наверх. Хоць даўнейшы народ быў шмат крапчэйшы, як цяпер, але і паўсотняю не маглі Машэку паўздужаць, а калі, бывала, збярэцца проці яго войска, то ніяк не маглі знайсці яго лаговішча і заўсёды пагінуць у лесе, заблудзіўшыся, – каторыя з голаду, а каторыя ад Машэкавае насекі. Хоць людзі жылі тагды вялікімі сёламі, але ніхто не смеў працівіцца Машэцы, і ён смела прыходзіў у сяло і браў у вочы, што яму трэба, а ўсякі стараўся яшчэ яму ўслужыць, каб хоць дух у целе пакінуў.
   Машэка калісь было пакахаў адну дзяўчыну, каторая ім згардавала, і затым ён і здружыўся з буйнымі ветрамі.
   Вота ж на дарозе гэтым лесам ехала брычка, у васьмярых коней запрэжаная, а ў той брычцы – якісь малады баярын з краснаю паняю. Раптам з-за елкі выскачыў Машэка, супыніў коней і адным махам кулака палажыў вазніцу. Баярын хапіўся за шаблю і секануў Машэку па галаве, дык адно шабля пырснула на яго кудлатай галаве, і Машэка кулаком забіў і яго. А далей, глянуўшы на паню, дужа схамянуўся, бо пазнаў даўнейшую сваю любу. Апомніўшыся, забраў і занёс яе, чуць жывую з пераляку, да сябе ў лаговішча. Тут яна, ачухаўшыся, зразу сцяміла сваё палажэнне і прыдумала, як сабе ў горы памагчы і аслабаніцца ад нялюбага разбойніка. Яна прыкінулася такою ласкаваю, прыязнаю, што ён і паверыў. I раз гэтак пры ёй крэпка заснуў. Тагды яна ціхенька выцягнула ў яго вялізны нож ды перарэзала яму горла. Кроў рэчкаю хлынула з перарэзанага горла разбойніка. Сама яна сяк-так выбралася на дарогу, прыйшла да сваіх і паказала мейсца, дзе зарэзала праклятага разбойніка. Людзі з вялікім наруганнем закапалі цела Машэкі і назвалі тое мейсца м а г і л а ю  л е в а. Недалёчка ад таго мейсца знайшлі вялікі груд, зліты ўвесь крывёю і ўкрыты касцьмі замардованых Машэкам людзей.
   Пасля Машэкі тутака яшчэ доўгі час дзяржаліся разбойнікі, а каб іх адтуль выпляніць, дык валадзеўшыя тою стараною князі засылалі туды праступнікаў, каторыя пакрысе высякалі лес, і разбойнікі мусілі адтуль уцякаць. З часам на тых мейсцах паўстаў горад Магілёў, а гара тая цяпер называецца Машакоўскаю. На ёй цяпер гарадскія могліцы, імем Машэкі народ наш і цяпер сваіх дзяцей страшыць, калі каторае неслухмяна або гарэзліва.


Крыніца: Каганец К. Творы / [Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча]. – Мн.: Маст. літ., 1979. – 264 с.

Похожие статьи:

Карусь КаганецКарусь Каганец - Парада

Карусь КаганецКарусь Каганец - Модны шляхцюк

ПераказыМашэка

Карусь КаганецКарусь Каганец - Прылукі

Карусь КаганецКарусь Каганец - Скрыпач і ваўкі